Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 30 сьнежня 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Дэпутат Андрэй Клімаў распавёў сваёй жонцы Тацяне абставіны ягонага зьбіцьця міліцыянтамі 13 сьнежня ў камэры сьледчага ізалятару. Клімаў лічыць, што яго ў той дзень маглі нават забіць.

Упершыню пасьля інцыдэнту 13 сьнежня дэпутату Андрэю Клімаву дазволілі спатканьне з жонкаю Тацянай, і у выніку цяпер магчыма, спасылаючыся на Клімава, аднавіць падзеі таго дню.

Паводле дэпутата, ураніцу, калі за Клімавым прыйшоў канвой, каб адвезьці яго ў суд, ён адмовіўся выхадзіць з камэры, спасылаючыся на рашэньне судзьдзі аб выдаленьні яго з залі. Канвойныя спачатку адступілі, але неўзабаве ў камэры зьявіўся намесьнік начальніка ізалятару ў рэжымных пытаньнях падпалкоўнік Ахрамовіч і зноў запатрабаваў зьбірацца ў суд. На думку дэпутата, падпалкоўнік ужо меў загад зьверху ў любым выглядзе прывезьці Клімава ў залю суду. Але Клімаў зноў адмовіўся падпарадкавацца, і тады прагучаў загад наглядчыкам разабрацца зь вязьнем.

"Спачатку наглядчыкі выгналі з камэры ўсіх астатніх вязьняў, каб не было сьведкаў, а потым накінуліся на мяне", – распавёў Клімаў жонцы Тацяне. Шуму й крыку, відаць, было шмат, бо ў выніку адзін зь вязьняў гэтак расхваляваўся, што страціў у калідоры прытомнасьць. Сябры потым аказвалі яму дапамогу.

А Клімаў у той час ужо ляжаў на падлозе камэры ў кайданках, яго працягвалі зьбіваць, у тым ліку прыкладваўся нагамі падпалкоўнік Ахрамовіч, сьцьвярджае дэпутат.

Ён дарэчы не выключае, што наглядчыкі яшчэ пашкадавалі яго й білі не ў поўную моц, як загадваў іхны камандзір. "Яны маглі лёгка мяне забіць, але пашкадавалі, не паддаліся настрою свайго начальніка", – казаў Клімаў жонцы.

Зьбіцьцё арыштантаў да непрытомнасьці ці нават яшчэ больш сур'ёзнае – звычайная рэч у нашых ізалятарах і турмах, перадае меркаваньне мужа Тацяна Клімава. Ён, напрыклад, сьцьвярджае, што ледзь не палова тых, хто ляжыць разам зь ім у турэмным шпіталі на Кальварыйскай вуліцы – пацярпелі менавіта ад зьбіцьця.

Яшчэ Тацяна паведамляе, што Клімаў расьсьмяяўся, калі пачуў, што сваякі падалі заяву аб узбуджэньні крымінальнае справы супраць тых, хто падняў на яго руку. "Гэта безсэнсоўна. Ніякая пракуратура нават разьбірацца ня будзе, зьбілі каго ці не. Усе добра ведаюць, што назіральнікі скарыстоўваюць сілу супраць вязьняў, гэта ведае і кіраўніцтва ізалятару, і пракуратура, якая быццам бы сочыць тут за законнасьцю, але не ў іхных інтарэсах шукаць праўду. Наадварот, калі ім трэба, яны й самі выкарыстоўваюць сілу, як было ў маім выпадку", – гэтак сказаў сваёй жонцы Андрэй Клімаў.

Дарэчы, ня гледзячы на ўсё перажытае ён, як сьцьвярджае Тацяна, захаваў бадзёры настрой, жартуе і перадае ўсім сябрам навагоднія віншаваньні. Але, кажа Таццяна, гэта толькі з выгляду муж такі аптымістычны. У яго пачаліся праблемы з сэрцам, двойчы ўжо рабілі кардыяграму, і дактары не хаваюць, што ёсьць прычыны для занепакоенасьці.

Сёньня, як раней мы паведамлялі, суд плянаваў разгледзець пытаньне пра здароўе дэпутата й вырашыць, калі аднавіць працэс, але рашэньне не было прынятае. Як сказалі ў Ленінскім раённым судзе Менску, дзе судзяць дэпутата Клімава, – у сувязі зь нявызначанасьцю вакол ягонага здароўя.

XS
SM
MD
LG