Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 сьнежня 1999 г.


Вольга Караткевіч, Прага

Расейскія вайсковыя сілы прасунуліся бліжэй да цэнтру сталіцы Чачні Грознага. У месьце застаюцца дзесяткі тысячаў цывільных насельнікаў. Расейскае камандаваньне заяўляе, што ў Чачні неабходна стварыць гуманітарныя ўмовы, а расейская гарматніца бесьперапынна бамбуе населеныя пункты Ічкерыі і сталіцу Грозны. Паводле словаў прадстаўнікоў фэдэральнага боку, на завяршэньне расейскай вайсковай апэрацыі ў Чачні спатрэбяцца яшчэ 3 месяцы.

"Расейцы і чачэнцы гуляюцца ў гульню – набліжэньне-аддаленьне". Гэта назоў артыкула Дэніэла Ўільямса ў газэце "Washington Post". Дэніэл Уільямс распавядае пра тое, як блізка ў Грозным разьмясьціліся расейскія войскі і чачэнскія абаронцы сталіцы. Чачэнцы часта выгукваюць мусульманскае "Аллах Акбар", мацуючы свой дух. Расейцы адказваюць вэрбальным агнём, выкарыстоўваючы праваслаўнае "Хрыстос уваскрос". Гэтая блізкасьць робіць аточаных расейскіх салдатаў распаленымі. Стрэлы ружжа празь невядома якой працягласьці паўзу – гэта рэзкі кантраст з пастаянным грукатам гарматаў, галоўнай расейскай зброяй у змаганьні за сталіцу Ічкерыі, якая стала найбольш спрэчным трафеем для заваяваньня Чачні.

У глыбокім тумане ніхто ня быў застрахаваны ад кулі ці снарада. Сытуацыя была вельмі сымбалічная – блізка-і-ужо-так-далёка – так ацэньвае якасьць расейскага чатырохдзённага наземнага штурму Грознага аглядальнік газэты "Washington Post". Невялікія групы людзей акупуюць будынкі ў некалькіх раёнах на пэрыфэрыі сталіцы, улучна Чарнарэчча, што ў двох кілямэтрах ад цэнтру чачэнскай сталіцы. Не ўсталяваны кантроль над ніводным з раёнаў, не гаворачы пра цэлы горад. Расейскі бок сьцьвярджае, што Чарнарэчча само абвесьціла сябе падкантрольнай зонай, пасьля, як апісваюць гэта расейцы, атакі лаяльных да расейцаў атрадаў пад кіраўніцтвам Біслана Гантамірава. Але на поўдні Чарнарэчча ніхто ня бачыў адзьдзелаў Гантамірава.

Як паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода, прэзыдэнт Чачні Аслан Масхадаў абверг інфармацыію расейскага камандаваньня пра тое, што пад кантроль узяты Старапрамыслоўскі раён Грознага.

А газэта "Washington Post" нагадвае, што надыходзіць 5-я гадавіна няўдалага расейскага штурму Грознага – ў навагодні вечар 1994 году – пад час першага раўнду вайны супраць гэтага свабодалюбівага рэгіёну. Тады гэта быў чорны дзень для расейцаў. Яны страцілі тэхніку і людзей. Эвэнтуальна яны ўзялі Грозны, але для таго, каб страціць. Як і страціць кантроль над усёй Чачнёй. Гэтым разам расейцы больш асьцярожныя. Павольны штурм сьціскае пальцы на шыі Грознага. Узяць Грозны – гэта ўзяць пад кантроль бальшыню насельніцтва Чачні. Толькі горныя раёны застануцца непрыўлашчанымі.

Тым часам на чачэнскай тэрыторыі йдуць жорсткія баі у раёне населеных пунктаў Ведэно, Ножай-Юрт, Зандак. За мінулыя содні расейскія бамбардавальнікі, штурмавікі і агнявыя гэлікоптары выканалі 53 вылеты. Зьнішчаныя 15 пунктаў дыслякацыі чачэнскіх апалчэнцаў. Прэзыдэнт Чачні Аслан Масхадаў загадаў чачэнскім войскам распачаць баявыя дзеяньні ў Ачхой-Мартанаўскім і Урус-Мартанаўскім раёнах.

Як паведаміў сёньня журналістам міністар абароны Расеі Ігар Сяргееў, ягоныя сілы сутыкнуліся з "жорсткім супрацівам" у Грозным, але здолелі рашуча зьмяніць сытуацыю. Ігар Сяргееў заявіў, што посьпех у вайне супраць Чачні забясьпечаны сумеснымі дзеяньнямі ўсіх сілавых структураў Расеі. Паводле словаў Сяргеева, работы яшчэ будзе шмат у Чачні – маецца на ўвазе абуладкаваньне расейскіх войскаў на тэрыторыі Ічкерыі.

Газэта "New York Times" цытуе намесьніка начальніка расейскага Генэральнага штабу Валерыя Манілава, што Грозны будзе ўзяты цягам 10-ці дзён. Паводле словаў Манілава, завяршэньне апэрацыі ў Чачні патрабуе 2-3-месяцаў. Манілаў таксама паведаміў, што ў Чачні трэба стварыць гуманітарныя ўмовы. Манілаў заўважыў, што й прэзыдэнт Аслан Масхадаў не ўнікне сьмерці, як і ўсе чачэнскія байцы, калі не перастануць змагацца".

І яшчэ адзін факт, зьвязаны з чачэйнскай вайной. Як паведамляе агенцтва France Press, у памежным з Чачнёй раёне Інгушэціі два п'яныя расейскія салдаты на вайсковым цяжаравозу пераехалі дзьве дзяўчынкі, сёстры 8 і 9 гадоў. Дзяўчынкі загінулі. Намесьнік старшыні мясцовага адзьдзяленьня міліцыі Біслан Амрыеў паведаміў, што цяжаравоз не спыніўся пасьля трагедыі, а працягваў ехаць 300-400 мэтраў, пакуль цывільны аўтамабіль не спыніў яго. Мясцовыя жыхары не стрымаліся і хацелі ўчыніць самасуд над расейскімі салдатамі – забойцамі малых інгускіх дзяўчынак.

XS
SM
MD
LG