Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 сьнежня 1999 г.


Алесь Мікалайчанка, Менск

Ці шмат у Беларусі маецца малых правінцыйных гарадоў і мястэчак з выразным нацыянальным архітэктурным абліччам, тварам?
Пра наяўнасьць і адсутнасьць такога твару ў рэгіянальных цэнтрах ды мястэчках Меншчыны гутараць наш карэспандэнт Алесь Мікалайчанка і архітэктар-рэстаўратар, адзін зь вядучых спэцыялістаў гісторыка–культурнай экспэдыцыі Міністэрства культуры па выратаваньні помнікаў, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, Тамара Судзілоўская.

(Карэспандэнт: ) "Спадарыня Тамара, што на сёньняшні дзень з пункту гледзішча архітэктурнага ўяўляе наша правінцыя?"

(Судзілоўская: ) "Па роду сваёй дзейнасьці я амаль усю Беларусь ведаю. Калі былі савецкія часы, я таксама была архітэктарам, яшчэ была рэстаўратарам, ведала гісторыю, наколькі даваў мой інстытут.

Уяўляеце, мястэчкі – гэта XV–XVI стагодзьдзі. Я ведала, што для Беларусі XV–XVI стагодзьдзе – гэта быў росквіт. Архітэктурны… Госпаду памілуй – нічога не засталося! У мяне проста скура дыбам падымаецца.

Мастацтва павінна мець карані. Так як і архітэктура. Архітэктура без каранёў не йснуе. А што зрабіла савецкая ўлада? Савецкая ўлада вырубала карані. Напрыклад, у Маладэчне быў касьцёл драўляны. Яго ўзялі й зьнішчылі, гэты касьцёл".

(Карэспандэнт: ) "А што на яго мейсца паставілі?"

(Судзілоўская: ) "Кінатэатар "Родина". Гэты стыль? Тады ў дзяцінстве я ня ведала, які гэта стыль. А зараз я ведаю: гэта сталінскі ампір. Калоны і… барахла – яшчэ называлася ў нас. Стыль – барахла".

(Карэспандэнт: ) "Гэта хто так называў?"

(Судзілоўская: ) "Гэта мы, архітэктары, называлі. Яшчэ ў тыя, 70-я гады. Таму што гэта было ўсё несапраўднае. Тое, што далі нам грэкі й рымляне старажытныя, яно ўжывалася ў сталінскім ампіры (ампір – гэта паўтор), не ад душы. Ад таго, каб паказаць нейкі росквіт савецкай улады. Быццам бы мы такія багатыя, у нас усё квітнее. Мястэчкі Меншчыны… Вось там зараз цяжка ўсё ўзьняць тое, таму што выдрана ўсё з каранямі".

(Карэспандэнт: ) "Вы бралі ўдзел у аднаўленьні Строчыцкае царквы, дзе створаны музэй драўлянага беларускага дойлідзтва…"

(Судзілоўская: ) "Царкву было вельмі складана ўздымаць. Таму што яна была ўся рабураная. Яна ўвогуле прайшла тры этапы. Была праваслаўная, каталіцкая, потым уніяцкая, а потым у савецкі час – ніякая: там зрабілі склад саляны, а затым, увогуле, узялі й разбурылі. Гэта, пэўна, адзіны прыклад уніяцкае царквы, храма ўніяцкага ў Беларусі, каторы ўдалося аднавіць".

(Карэспандэнт: ) "Як па–Вашаму павінен глядзецца невялічкі правінцыйны беларускі горад у архітэктурным пляне?"

(Судзілоўская: ) "У мястэчку павінна быць сінагога, касьцёл, царква, можа – праваслаўная, можа – уніяцкая. І, канешне ж, мячэт. У мястэчку звычайна яны былі ў адным мейсцы – на царкоўным вялікім пляцы. Гэта – пляц, куды зьбіралася шмат народу з усіх вёсак на кірмашы… Заўсёды былі дамінанты – дух, вера. А дзяржаўныя ўстановы… – яны не мелі перавагі над сілуэтам па пэрымэтру".

Тамара Судзілоўская як прыклад далейшага зьнішчэньня архітэктурнага нацыянальнага аблічча малых гарадоў прывяла практыку рэстаўрацыі палаца-замкавага ансамблю Радзівілаў у Нясьвіжы, на якую сёлета дзяржава амаль не адпусьціла сродкаў. Маўляў, у 1998 годзе там прашумела сельскагаспадарчае сьвята Дажынкі, пад якое некалькі сярэднявечных нясьвіскіх помнікаў архітэктуры пашэнціла аднавіць. А цяпер, гэты старадаўні калярыт стаўся нікому не патрэбны. Прынамсі, зазначыла спадарыня Судзілоўская, да новых Дажынак.

XS
SM
MD
LG