Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 29 сьнежня 1999 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

У Беларусі набыў моц закон, які забараняе палітычным партыям і грамадзкім арганізацыям выкарыстоўваць у сваіх назвах словы "народны" й "нацыянальны". Міністэрства юстыцыі ўжо разаслала партыям, якіх датычыць гэтае новаўвядзеньне, прапановы ўдакладніць назвы сваіх арганізацыяў.

Кіраўніцтва ўсіх палітычных партыяў, якія павінны адкарэктаваць свае назвы, а гэта найперш дзьве часткі БНФ і сацыял-дэмакратычная "Народная Грамада", лічаць дапаўненьне да закону "Аб грамадзкіх аб'яднаньнях" поўнай бязглузьдзіцаю і правакацыяй уладаў, скіраванай на тое, каб стварыць апазыцыі дадатковыя цяжкасьці.

Аднак выконваць патрабаваньне Міністэрства юстыці апазыцыянэры зьбіраюцца па-рознаму. Так, у мінулую нядзелю ў Менску адбыліся Соймы Народных Франтоў пад кіраўніцтвам Вінцука Вячоркі й Зянона Пазьняка, галоўным пытаньнем абмеркаваньня на якіх стала ўдакладненьне назвы арганізацыяў.

БНФ Вячоркі быў вымушаны пагадзіцца з патрабаваньнем Міністэрства юстыцыі. Цяпер афіцыйная назва гэтай арганізацыі гучыць "Грамадзкі рух БНФ "Адраджэньне"" і "Партыя БНФ".

Разам з тым Сойм БНФ Вячоркі выказаў пратэст адносна вымушанае зьмены назвы сваёй арганізацыі ў адмысловай заяве. У ёй адзначаецца, "што толькі Беларускі Народны Фронт выкарыстоўвае прыметнік "народны" як асноўны назватворны" таму патрабаваньне ўладаў выправіць назву, на думку сябраў Сойму, мае на мэце нанясеньне ўдару менавіта па іхнай арганізацыі, якая "пасьлядоўна бароніць незалежнасьць Беларусі й дэмакратычня каштоўнасьці з часу свайго заснаваньня ў 1988 годзе".

А вось прадстаўнікі БНФ пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка на сваім Сойме прынялі рашэньне не саступаць уладам і адстойваць поўную гістарычную назву сваёй арганізацыі. Паводле словаў намесьніка сп. Пазьняка Юрася Беленькага, яшчэ ў верасьні прайшоў зьезд іхнае партыі, які замацаваў за арганізацыяй назвы "Грамадзкі рух Беларускі Народны Фронт "Адраджэньне"" і "Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ", ці проста "Партыя БНФ". Таму Сойм прапанаваў міністэрству юстыцыі зарэгістравць менавіта такія назвы арганізацыі.

Паводле словаў намесьніка старшыні БНФ Пазьняка, у выпадку адмовы ў рэгістрацыі пад гістарычнай назваю, сябры арганізацыі зьбіраюцца адстойваць свае правы ў судзе. Спрачацца жа за назву са сваімі калегамі з БНФ Вячоркі прыхільнікі Зянона Пазьняка намеру ня маюць. Юрась Беленькі лічыць, што галоўная мэта іхнай арганізацыі – супрацьстаяць анэксіі Беларусі, а не займацца нейкімі дробнымі рэчамі.

А ў штаб-кватэры Сацыял-дэмакратычнае партыі "Народная Грамада" да пытаньня зьмены назвы навогул ставяцца па-філязофску. Паводле словаў кіраўніка справамі партыі Анатоля Сідарэвіча, тут няма аніякай праблемы. Маўляў калі ўжо ўлады будуць вельмі настойваць, зьбярэцца ЦК і прыбярэ з назвы словы "Народная Грамада". Тым больш, што паводле словаў Сідарэвіча, абрэвіятура БСДП таксама гістарычная – так звалася Беларуская Сацыял-дэмакратычная партыя братоў Луцкевічаў, Тарашкевіча й Лёсіка з 1918 па 1924 гады, пасьля расколу Сацыялістычнае Грамады.

Анатоль Сідарэвіч таксама нагадаў, што ў Сацыялістычным Інтэрнацынале іх партыю называюць менавіта БСДП. Праўда, калі сацыял-дэмакраты памяняюць назву сваёй партыі, Сідарэвіч не ўдакладніў, сказаўшы толькі, што час яшчэ ёсьць.

XS
SM
MD
LG