Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 сьнежня 1999 г.


Публічную справаздачу вынікаў сваёй дзейнасці ў 1999 годзе наладзілі сёньня афіцыйныя прафэсійныя зьвязы на прэсавай канфэрэнцыі сваіх лідэраў.

На думку старшыні Фэдэрацыі прафэсійных зьвязаў Уладзімера Ганчарыка, у адыходзячым годзе назіраўся эканамічны заняпад Беларусі. Як вынік, пагражальныя памеры набыла сацыяльная дэградацыя краіны. У 99-м, сказаў лідэр афіцыйных прафэсійных зьвязаў, за рысу беднасьці патрапіла кожная другая беларуская сям'я. Паводле словаў прамоўцы, Фэдэрацыя на працягу году рабіла захады ў супрацьдзеяньні гэтае тэндэнцыі.

Аднак, на думку незалежных аналітыкаў, гэтыя захады ня мелі належнага эфэкту. Рэч у тым, што, паводле іхнага меркаваньня, афіцыйныя прафэсійныя зьвязы, ня адмовіліся ад заганнай палітыкі папярэдніх гадоў. А менавіта: сёлета Фэдэрацыя працягвала прытрымлівацца пазыцыі бесканфліктавага суіснаваньня з уладамі краіны.

Уладзімер Ганчарык на прэсавай канфэрэнцыі паведаміў журналістам, што ў актыве арганізацыі яны бачаць шматлікія сёлетнія перамовы з урадам і адміністрацыяй Аляксандра Лукашэнкі. Гэтыя перамовы тычацца карэктываў апошнімі сацыяльна-эканамічнага курсу краіны.

У прыватнасці, Фэдэрацыя ініцыявала стварэньне дадатковых умоваў дзеля разьвіцьця беларускага экспарту, малога й сярэдняга прадпрыймальніцтва, занятасьці насельніцтва.

30 верасьня афіцыйныя прафэсійныя зьвязы, як вядома, правялі рэспубліканскую акцыю пратэсту "За права на працу й належны заробак". У Менску на мітынг сабралася каля 15 тысячаў сяброў Фэдэрацыі. Словам, акцыя пратэсту не атрымалася масавай. Таму яе кіраўнікі, паводле словаў Ганчарыка, зрабілі выснову, што працоўныя Беларусі яшчэ не гатовыя да радыкальных дзеяньняў.

З другога боку, акцыя 30 верасьня, як прагучала на прэсавай канфэрэнцыі, мела плён. Савет міністраў разледзеў прафзьвязовыя патрабаваньні. Па словах Ганчарыка, некаторыя зь іх урад улічыў у сваіх пэрспэктыўных плянах.

У прыватнасьці, у адпаведнасьці з патрабаваньнямі прафэсійных зьвязаў улады маюць намер унесьці карэктывы ў палітыку аплаты працы. Таксама, як вынікае са словаў Уладзімера Ганчарыка, адміністрацыя Лукашэнкі пад ціскам Фэдэрацыі днямі прыняла рашэньне скарэктаваць сумнавядомы дысцыплінарны дэкрэт.

У прыватнасьці, папраўкі тычацца кантрактнае сыстэмы. Як паведаміў Ганчарык, гэтая сыстэма набудзе больш мяккі выгляд. З другога боку, паводле атрыманай інфармацыі, атачэньне Лукашэнкі ў працэсе рэалізацыі згаданага дэкрэту дазволіла прафэсійным зьвязам быць пасярэднікамі паміж працаўнікамі й наймальнікамі.

Прынамсі, імкненьне афіцыйных прафэсійных зьвязаў да шчыльнага партнэрства з уладамі яшчэ ня абяцае Фэдэрацыі камфортных умоваў існаваньня. Як высьветлілася на сёньняшняй сустрэчы зь яе лідэрамі, апошнім часам з боку ўладных структураў назіраецца выразная палітыка адзяржаўленьня афіцыйных прафзьвязаў.

Міхал Стэльмак, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG