Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 сьнежня 1999 г.


Алесь Мікалайчанка, Салігорск

Сёньня ў першай палове дню ў Салігорскім судзе разглядаліся адміністрацыйныя справы намесьніка старшыні сойму БНФ (пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка) Міколы Анцыповіча і старшыні Менскай вабласной рады БНФ (пад кіраўніцтвам Вінцука Вячоркі) Валянціна Баранава. Гэтым прадстаўнікам абедзьвюх плыняў Народнага Фронту інкрымінаваліся ўдзел і арганізацыя несанкцыянаваных шэсьця ды мітынгу 28 лістапада ў мястэчку Вызна (цяперашняя назва – Чырвоная Слабада) пад час сьвяткаваньня 79-х угодкаў Слуцкага Збройнага чыну.

Нагадаю, што ў той дзень каля сотні менчукоў зь ліку сяброў абедзьвюх плыняў БНФ, якія ў Вызьне ўскладалі вянкі й кветкі да магілы слуцкіх абаронцаў Беларускае Народнае Рэспублікі, былі затрыманыя начальнікам Салігорскага ГРАУС Анатолем Нізкім: той расцаніў гэтую жалобную акцыю дзеяньнем палітычным, да ўсяго недазволеным.

Пасьля ў пастарунку супрацоўнікі гарадзкога раённага аддзелу нутраных спраў склалі адпаведныя пратаколы на навукоўца Міколу Анцыповіча й галоўнага спэцыяліста Камітэта па працы й занятасьці насельніцтва Менскага вабласнога выканаўчага камітэту Валянціна Баранава – як на арганізатараў і ўдзельнікаў несанкцыянаванай акцыі.

Неўзабаве пратаколы былі перададзеныя ў мяйсцовы суд. А пазаўчора адтуль у Беларускую палітэхнічную акадэмію і згаданы Камітэт прыйшлі службовыя лісты, у якіх зьмяшчалася просьба да непасрэднага начальства Анцыповіча й Баранава паўплываць на тых, каб яны зьявіліся сёньня ў Салігорск ды ўзялі ўдзел у працэсе ў якасьці адказьнікаў. Маўляў, ведайце ўласных герояў.

Сёньня ж Анатоль Нізкі, яшчэ некалькі салігорскіх міліцыянтаў імкнуліся давесьці судзьдзі Аляксандру Макарэвічу, што менавіта Мікола Анцыповіч і Валянцін Баранаў зарганізавалі згаданыя правапарушэньні.

У прыватнасьці, спадару Анцыповічу інкрымінавалася арганізацыя мітынгу, а спадару Баранаву – арганізацыя ня толькі мітынгу, але й шэсьця ў Вызьне сталічных "народнафронтаўцаў" ад мейсца стаянкі аўтобуса да сквэрыку, дзе знаходзіцца магіла слуцкіх стральцоў на адлегласьці 150 мэтраў.

Дарэчы, судзьдзя, які спачатку нічога ня меў супраць таго, што я карыстаюся ў залі суду дыктафонам, затым на просьбу начальніка ГАУС забараніў мне працягваць аўдыёзапіс: "Всё, что скажет гражданин Низкий, будет занесено в протокол. Если он хочет говорить без диктофона, выключьте, пожалуйста диктофон".

Але выступленьні міліцыянтаў, запрошаных у суд жыхароў Вызны былі настолькі блытаныя ды супярэчлівыя адно другому, што зь іх вінаватасьць Міколы Анцыповіча зусім не праглядалася. А вінаватасьць Валянціна Баранава грунтавалася адно на тым, што ён стаўся замоўшчыкам аўтатранспарту зь Менску на поўдзень сталічнае вобласьці. Маўляў, хто замаўляў аўтобусы, значыцца, той і ёсьць адказным за ўсё, што адбывалася па дарозе. З гэтай сэнтэнцыяй, мяркуючы па выраку, пагадзіўся і судзьдзя.

У дзеяньнях Міколы Анцыповіча складу парушэньня адміністрацыйнага заканадаўства Аляксандар Макарэвіч не знайшоў. А Валянціну Баранаву прысудзіў у якасьці штрафных санкцыяў 20 мінімальных заробкаў.

Гэтае рашэньне спадар Баранаў назваў палітычным, бо яно скіраванае на тое, каб дзяржаўныя службоўцы баяліся выказваць уласныя погляды на тую палітыку, якую праводзіць у адносінах да ўласнага народу Аляксандар Лукашэнка. Вырак судзьдзі Макарэвіча Валянцін Баранаў будзе аспрэчваць у вышніх судовых інстанцыях.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG