Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 сьнежня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Беларускі Народны Фронт пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка распачаў кампанію пад назваю "Беларуская салідарнасьць". Лейтматывам бестэрміновай акцыі мусяць стаць захады ў кірунку абароны беларускае незалежнасьці. БНФ пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка спадзяецца, што да кампаніі далучацца ўсе апазыцыйныя партыі і рухі.

"Беларуская салідарнасьць" называецца прадстаўнікамі БНФ пад кіраўніцтвам Пазьняка шырокамаштабнай акцыяй, сутнасьць якой, як сказана ў заяве, у стварэньні "станоўчага ідэалу, мабілізацыі грамадзтва на абарону беларускіх каштоўнасьцяў: дзяржавы, мовы, культуры й незалежнасьці".

Мабілізацыя, паводле ініцыятараў акцыі, адбываецца ў выглядзе "пэрманэнтавага салідарнага дзеяньня, якое ў розных формах шырокім рухам пачынаецца ў Беларусі".

Што маецца на ўвазе пад "рознымі формамі пэрманэнтавага руху" нашаму радыё патлумачыў выканаўца абавязкаў старшыні БНФ Юры Беленькі. Ён заявіў, што ў наяўнасьці факт акупацыі Беларусі й мэтаскіраванага зьнішчэньня беларускага этнасу, у сувязі з чым і распачалася бестэрміновая акцыя "Беларуская салідарнасьць". У яе межах будуць наладжаныя навукова практычныя канфэрэнцыі, пікеты, акцыі пратэсту, першая зь якіх пройдзе на прыканцы студзеня. Пад якімі лёзунгамі і ў якой форме пройдзе гэтая акцыя, сп. Беленькі паведаміць адмовіўся.

Адной з асноўных формаў ажыцьцяўленьня "Беларускай салідарнасьці" сп. Беленьнкі назваў збор подпісаў пад заяваю пратэсту супроць (як ён гаворыць) "пактам Ельцына-Лукашэнкі".

Выканаўца абавязкаў старшыні БНФ у Беларусі Юры Беленькі заявіў таксама, што 6 тысячаў подпісаў – гэта толькі пачатак кампаніі. Ён спадзяецца, што да акцыі "Беларуская салідарнасьць" далучацца ўсе апазыцыйныя партыі і рухі.

Намесьнік старшыні БНФ пад кіраўнтцвам Вінцука Вячоркі Вячаслаў Сіўчык даведаўся пра кампанію "Беларускае салідарнасьці" ад мяне. Ён паведаміў, што БНФ ускладае асноўныя спадзевы на масавыя акцыі пратэсту вясны 2000 году. Першая зь іх адбудзецца 25 сакавіка на Дзень Волі.

Нагадаю, што "Беларуская салідарнасьць" – ня першая шырокамаштабная бестэрміновая кампанія, ініцыяваная лідэрам БНФ Зянонам Пазьняком. Да гэтага ў Беларусі праходзіла кампанія ўступу ў грамадзянства БНР і збор подпісаў за адстаўку Аляксандра Лукашэнкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG