Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 сьнежня 1999 г.


Віталь Цыганкоў, Менск

Як мы ўжо перадавалі, увечары 27 студзеня пад падпіску аб нявыезьдзе быў вызвалены з-пад варты былы рэктар Гомельскага мэдычнага інстытуту Юры Бандажэўскі.

Афіцыйнай вэрсіяй вызваленьня стала пагаршэньне стану здароўя падсьледнага. Аднак, праўдападобна, прафэсар Бандажэўскі пакінуў муры сьледчага ізалятару на вуліцы Валадарскага ў Менску дзякуючы найперш магутнай хвалі пратэстаў з боку міжнароднае супольнасьці.

Бандажэўскага зарыштавалі сёлета 13 ліпеня, вылучыўшы яму абвінавачваньне ў атрыманьні хабару ад абітурыентаў. Спрабуючы сабраць паказаньні сьведкаў, пракуратура нават паабяцала вызваліць ад адказнасьці тых студэнтаў інстытуту, якія дабрахвотна й ананімна прызнаюцца ў хабары былому рэктару. Ахвотнікаў не знайшлося. Да таго ж ад сваіх ранейшых паказаньняў адмовіўся галоўны сьведка абвінавачваньня – прарэктар інстытуту Ўладзімер Раўкоў. На сёньняшні дзень сьледзтва ня мае ані сьведкаў, ані доказаў.

Юры Бандажэўскі знаходзіцца зараз у сваякоў сваёй жонкі ў Менску. Умовы падпіскі аб нявыезьдзе забараняюць яму пакідаць беларускую сталіцу. Шэсьць месяцаў, праведзеныя за кратамі, моцна сапсавалі здароўе прафэсара, і цяпер большую частку свайго часу ён праводзіць у паліклініках зь лекарамі. Дзьве начы пасьля вызваленьня Бандажэўскі ня можа заснуць, таму сваякі пільна аберагаюць яго ад кантактаў з журналістамі.

На працягу сьнежня Белорусская деловая газета пры дапамозе інтэрнэт-выданьня Чернобыльский Журнал (www.chernobyl.da.ru) праводзіла ўласнае расьледваньне "справы Бандажэўскага". Журналістамі разглядаліся самыя розныя вэрсіі арышту прафэсара, чые дасьледваньні наступстваў Чарнобыльскае катастрофы сталі непажаданымі для многіх.

Пад кіраўніцтвам Бандажэўскага Гомельскі мэдычны інстытут пераўтварыўся ў сусьветны цэнтар вывучэньня ўплыву на арганізм радыяактыўных элемэнтаў. Сам Бандажэўскі стаў сусьветна вядомым навукоўцам у галіне радыялягічнай мэдыцыны. Вынікі ягоных дасьледваньняў відавочна не супадалі з афіцыйнай пазыцыяй чыноўнікаў зь Міністэрства аховы здароўя і палітычнага кіраўніцтва Беларусі.

Як вядома, зараз улады разьвіваюць тэму вяртаньня ў сельскагаспадарчы абарот забруджаных земляў, спрашчэньня канцэпцыі пражываньня ў "зоне". У той жа час калега і аднадумец Бандажэўскага – фізык прафэсар Васіль Несьцярэнка заяўляе, што трэба адсяляць усіх людзей са 100-кілямэтровай зоны вакол рэактару.

Пасьля арышту Бандажэўскага свой голас у абарону беларускага прафэсара ўзьнялі ўдава былога прэзыдэнта Францыі Мітэрана, Камітэт занепакоеных навукоўцаў ЗША, калегі зь Вялікай Брытаніі, Нямеччыны. Пра арышт Бандажэўскага пачалі пісаць найбуйнейшыя сусьветныя выданьні, такія як брытанская газэта Guardian. Да гэнэральнага пракурора Беларусі зьвярнуліся расейскія праваабарончыя ды экалягічныя арганізацыі на чале з акадэмікам Яблакавым.

Беларуская ўлада, аднак, за апошнія гады паказала, што ня вельмі прыслухоўваецца да голасу міжнароднае грамадзкасьці. Чаму ж усё ж такі на гэты раз міжнародны розгалас спрацаваў, чаму быў выпушчаны Бандажэўскі? Вось што гаворыць кіраўнік праекту Чернобыльский Журнал Юры Шаўцоў:

(Шаўцоў: ) "Ён пачаў вельмі хутка ператварацца ў самую ведамую ў сьвеце фігуру палітычнага зьняволенага ў Беларусі. Прычым той імідж, які набіраў Бандажэўскі, ён быў непараўнальна больш магутны ў палітычным сэнсе за імідж Чыгіра ці яшчэ каго-небудзь.
І я думаю, што наверсе нехта зразумеў, што лепей выпусьціць Бандажэўскага, чым атрымліваць штотыдзень інфармацыю аб рэальнай сытуацыі з наступствамі Чарнобыля. Нехта проста не захацеў ці спалохаўся ператварэньня Бандажэўскага ў беларускага Мандэлу.

Арышт быў зьдзейсьнены людзьмі, якія мысьляць вельмі правінцыйнымі катэгорыямі. Яны проста не маглі сабе ўявіць, што арышт нейкага мэдыка можа выклікаць зацікаўленасьць каралевы Вялікай Брытаніі ці рознай прафэсуры, і што гэтая прафэсура будзе ўплывовай. Што ўсе буйныя газэты сьвету пачнуць даваць інфармацыю пра Бандажэўскага і пра наступствы аварыі".

Спадар Шаўцоў лічыць, што справа Бандажэўскага ня будзе даведзеная да суду.

XS
SM
MD
LG