Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 сьнежня 1999 г.


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

У прадмесьцях Грознага расейскае войска нечакана для сябе сутыкнулася з жорсткім супрацівам. Тры дні наступу на сталіцу Ічкерыі не прынесьлі чаканага выніку. Хада ваеннай машыны запаволілася. "Гэта падобна да штурму Бэрліну. Мы зазнаем вялікія страты", – сказаў журналістам неназваны расейскі штабны афіцэр…

Тры атакі на Старапрамыслоўскі раён Грознага былі няўдалымі. Толькі на адным накірунку журналісты заўважылі пяць спаленых расейскіх бронемашынаў. Нават масаванае бамбаваньне раёну не разбурыла партызанскіх сховаў, – цьвердзяць расейскія вайскоўцы, якія праз радыёперахоп чуюць размовы паміж паўстанцамі ня толькі па-чачэнску, а й па-ўкраінску.

"Напярэдадні новага году, – піша "Washington Post", – расейскія жаўнеры мараць пра вяртаньне дадому, ці хаця б пра сьвяточнае шампанскае на фронце. Некаторыя зь іх маюць у сваіх кішэнях лісты да крэўных і тэстамэнты, складзеныя на выпадак нечаканай сьмерці". "Я нават не паведамляю маёй жонцы дзе я, – кажа вайсковец Владзімір, – я толькі кажу, што ў тыле".

"Узяцьце Грознага, – працягвае газэта, – асноўны сёньняшні клопат расейскіх гэнералаў, якія хочуць адпомсьціць за іхнае выгнаньне са сталіцы Ічкерыі ў 1996 годзе. Падзеньне Грознага закончыла б заваёву раўніннай часткі рэспублікі і, пасьля трох гадоў незалежнасьці, паставіла б пад расейскі кантроль пераважную большасьць Ічкерыі.

Тым часам, прэзыдэнт рэспублікі Аслан Масхадаў у сваім інтэрвію газэце "Вечерняя Москва" сказаў, што Расея ніколі не пераможа ягонай краіны.

"Дапусьцім, – разважае Масхадаў, – фэдэральныя сілы возьмуць Грозны. Дапусьцім, яны ўсталююць свой кантроль на мяжы гораў. І што далей? Фэдэральныя сілы змогуць панаваць толькі ў месцах іхнай канцэнтрацыі і больш нідзе. Нават Гудэрмэс, другое паводле велічыні места Ічкерыі, якое расейцы ўзялі бяз бою, ня можа разглядацца як падкантрольнае расейцам", – заявіў Масхадаў. "Мы пакінулі Гудэрмэс самастойна, але можаце не сумнявацца, што ў разе патрэбы мы вернемся туды ізноў. Што ж тычыцца Грознага, то барацьба там будзе ісьці да самага канца. Вы можаце ўявіць сабе настроі сярод бальшыні чачэнскіх змагароў, калі яны гатовыя весьці барацьбу ў якіх заўгодна ўмовах і як заўгодна доўга", – сказаў Масхадаў.

Упэўненыя ў хуткай перамозе прарасейскія фармаваньні чачэнцаў пад кіраўніцтвам выпушчанага з турмы ў першыя дні вайны Біслана Гантамірава, сустрэлі ў Грозным такі жорсткі і нечаканы супраціў, што іхны лідэр вымушаны быў пагадзіцца: перамога ня будзе хуткай.

Тым часам заходнія афіцыйныя асобы працягваюць крытыкаваць расейскія спосабы вядзеньня вайны. У прыватнасьці, зьвяртаецца ўвага на тое, што расейцы пачалі ўжываць запальныя бомбы, якія выпускаюць аблокі гаручых газаў, каб пры дапамозе іх, так бы мовіць, "выкурыць" паўстанцаў са сховаў і пячораў у горнай частцы Ічкерыі. Пры гэтым, расейцы цьвердзяць, што гэтая зброя ўжываецца ў слабанаселеных тэрыторыях.

І апошняе. Кожны з бакоў канфлікту называе розную колькасьць загіблых у стане ворагаў. Так, расейскія вышэйшыя вайскоўцы вызначаюць свае страты ў 397 чалавек, а страты чачэнцаў у 4.500. У той самы час, чачэнскі бок заявіў, што толькі ў Старапрамыслоўскім раёне загінулі 300 расейцаў. Але ні адныя ні другія лічбы незалежныя крыніцы падцьвердзіць ня могуць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG