Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 сьнежня 1999 г.


Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

На мінулым тыдні многія жыхары Пінску ў сваіх паштовых скрынках знаходзілі газэту з назовам "За Беларусь". Такога масавага выданьня апазыцыйнага зьместу Пінск ня памятае з часоў апошняга рэфэрэндуму.

Газэта надрукаваная на аркушы фармату А3 і зьмяшчае матэрыялы, прысьвечаныя нядаўняму падпісаньню саюзнай дамовы, а таксама найбольш значнай апазыцыйнай акцыі апошняга часу – Маршу Свабоды. Аўтары адзначаюць, што нягледзячы на тое, што пасьля маршу прайшоў ужо пэўны час, пінчукі павінны ведаць, што было ў Менску 17 кастрычніка на самай справе.

Сярод артыкулаў на гэтую тэму – адкрыты ліст міністру ўнутраных справаў Сівакову падпалкоўніка ў адстаўцы Уладзімера Чарнова, які быў затрыманы і жорстка зьбіты міліцыянтамі пад час маршу, а таксама адкрыты ліст Лукашэнку дэпутата Вярхоўнага Савету Лябедзькі з турмы, куды апазыцыйны палітык трапіў пасьля маршу.

Што да саюзнае дамовы, дык аўтары, карыстаючыся вынікамі сацыялягічных апытаньняў, тлумачаць чытачам сапраўднае стаўленьне беларусаў да палітычнай інтэграцыі з Расеяй. Гэтай тэме прысьвечаныя таксама нататкі пра абмеркаваньне саюзнай дамовы ў працоўных калектывах Пінску. У прыватнасьці, у гімназіі №2, дзе абсалютная большасьць настаўнікаў выказаліся супраць дамовы, аднак у мясцовым друку паведамлялася, што калектыў гэтай гімназіі пакуль ня вызначыўся.

Апроч гэтага, у газэце "За Беларусь" надрукаваныя творы народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча і гісторыка Уладзімера Арлова, прысьвечаныя незалежніцкай тэматыцы.

Ёсьць і народная творчасьць. "Таварыш баец" – так называецца верш невядомага аўтара, які заклікае байцоў АМОНу замест таго, каб служыць рэжыму, вярнуцца назад у вёску і сумленна працаваць:

Гумоваю палкай па нырцы ня бі,
А лепш ідзі ў поле, на хлеб зарабі.
Нарві памідораў, сарві агурэц,
Вазьмі лусту хлеба, вазьмі селядзец.
Так чэсна заробіш, вясковы хлапец.

Трэба адзначыць, што ніякіх выходных дадзеных у газэце няма. Пазначаецца толькі, што газэта выдадзеная на ахвяраваньні і яе наклад – 100 тысячаў.

Дзьве найбольш значныя апазыцыйныя партыі ў Пінску – сацыял-дэмакраты і БНФ – заявілі, што ніякага дачыненьня да газэты ня маюць.
Не вядома, ці сапраўды наклад выданьня такі вялікі, аднак газэта выклікала значны рэзананс сярод мясцовых жыхароў. Пэўна, у Пінску ёсьць яшчэ нейкія незалежніцкія сілы, якія лічаць за лепшае рабіць сваю справу ў падпольлі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG