Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 сьнежня 1999 г.


Аляксандар Сердзюкоў, Магілеў

Заробак за лістапад лекары магілеўскае вобласьці традыцыйна атрымлівалі напярэдадні новага году. Аднак сёлета яны пакуль не дачакаліся выплаты заробленых грошай. Лекары магілеўскага гарадзкога шпіталю першымі нагадалі пра гэта ўладам.

Сёньня, 28 сьнежня, крыху больш за 10 супрацоўнікаў лякарні сабраліся каля адміністрацыі лякарні, каб нагадаць аб сваіх патрабаваньнях. Цяжка назваць іх выступ страйкам, бо пад час пратэсту рытмічна працавалі ўсе аддзяленьні гарадзкой лякарні.

Як заявіў лекар Васіль Аўраменка, супрацоўнікі пакуль страйкаваць не зьбіраюцца, бо што падумаюць пра іх хворыя людзі. Яны спадзяюцца, што ўлады зразумеюць іх патрабаваньні і выплацяць заробак за лістапад хаця б напярэдадні новага году.

Сапраўды, наведвальнікі не зразумелі б такіх учынкаў. Як адзначыў адзін зь іх, які раніцай прыйшоў на прыём, страйк выклікаў бы самую негатыўную рэакцыю. "Патрабаваньні лекараў можна зразумець, але пры чым тут я?" – сказаў ён.

Усе засталіся пры сваіх баранах – і авечкі цэлыя, і ваўкі сытыя. І лекары выказалі патрабаваньні, і хворыя не засталіся без увагі.

Больш радыкальна паводзілі сябе супрацоўнікі спэцыяльнае рамонта-тэхнічнае ўправы "Медык", якое дзейнічае пад дахам лякарні. Яна займаецца рамонтам мэдычнае тэхнікі. Яго супрацоўнікі не атрымалі заробку нават за кастрычнік.

Учора, 27 сьнежня, яны часова спынілі працу і накіраваліся да адміністрацыі лякарні. Як заявіў адзін з супрацоўнікаў "Мэдыка", страйкам іх выступ не назавеш, але яны гатовыя на больш радыкальныя формы пратэсту, калі не атрымаюць сумленна заробленых грошай за кастрычнік і лістапад напярэдадні новага году.

Як стала вядома, такая сытуацыя характэрная для большасьці мэдычных установаў Магілеўшчыны. Людзі ў белых халатах два месяцы сумленна выконваюць свае абавязкі бясплатна. Хворым іх праблемы не растлумачыш, бо свая кашуля бліжэй да цела.

Вось так і атрымліваецца. Лекары цудоўна разумеюць свае правы, аднак для іх абароны ня могуць пайсьці на пікеты – тыя формы пратэсту, якімі традыцыйна карыстаюцца рабочыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG