Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 сьнежня 1999 г.


Алег Супрунюк, Берасьце

Былы банкір зь Берасьця Анатоль Грышчук, якому беларускія ўлады выставілі абвінавачаньне ў крымінальным злачынстве, парушыў падпіску аб нявыезьдзе і цяпер знаходзіцца ў сталіцы Польшчы Варшаве. Адвакаты Грышчука сьцьвярджаюць, што іхны падабаронны зрабіў гэта таму, што заведзеная супраць яго крымінальная справа мае палітычны, а не прававы падтэкст.

Нагадаю, што 19 ліпеня сёлета былы кіраўнік берасьцейскага аддзяленьня Белзьнешэканомбанку, а цяпер бізнэсовец Анатоль Грышчук, быў затрыманы супрацоўнікамі Камітэту Дзяржаўнае Бясьпекі. У працягу трох судняў спадар Грышчук утрымліваўся ў сьледчым ізалятары мясцовага КГБ, пасьля чаго яму было прад'яўленае абвінавачаньне па артыкуле 166 частка І Крымінальнага кодэксу Беларусі "Бязьдзейнасьць улады". Артыкул прадугледжвае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі тэрмінам да трох год, альбо папраўчыя работы і забарону займаць адказныя пасады ў працягу 5 год.

Былога банкіра падазраюць у неналежным афармленьні крэдытаў, з-за чаго дзяржаве нібыта былі нанесеныя страты. Але абвінавачаньне выглядае настолькі хісткім, што ў сапраўднасьць гэтай вэрсіі, паводле якой Анатоля Грышчука можна было б падазраваць у зьдзяйсьненьні эканамічнага злачынства, у Берасьці мала хто верыць.

Па-першае, спадар Грышчук адыйшоў ад банкаўскіх справаў яшчэ 5 год таму і з тае пары займаўся бізнэсам. Адна зь фірмаў Грышчука пачала сваю працу ў Варшаве. Па-другое, адвакаты былога банкіра сьцьвярджаюць, што ўсе крэдыты ён выдаваў пад двайное забесьпячэньне, узгадняючы гэтыя пытаньні з кіраўніцтвам галоўнага офісу Белзьнешэканомбанку ў Менску. Ня выключна, што такім чынам цяперашнія кіраўнікі гэтага банку спрабуюць пазьбегнуць адказнасьці пад час разрэклямаванай кампаніі па вяртаньні крэдытаў, што працягваецца зараз у Беларусі.

Больш верагоднай, на думку адвакатаў Анатоля Грышчука, зьяўляецца вэрсія палітычнага перасьледу іхнага падабароннага з боку цяперашніх уладаў. Справа ў тым, што ёсьць весткі пра тое, што спадар Грышчук у свой час фінансаваў у Берасьцейскім рэгіёне выбарчую кампанію кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Зянона Пазьняка ў 1994 годзе, а таксама матэрыяльна падтрымоўваў мясцовую філію БНФ і неаднойчы сустракаўся з дзеячамі апазыцыі, калі яны наведвалі Берасьце.

Акрамя таго, сам Грышчук пасьля вызваленьня са сьледчага ізалятару КГБ распавёў мясцовым журналістам гісторыю пра тое, як пэўныя асобы з атачэньня Аляксандра Лукашэнкі ў першыя месяцы ягонага знаходжаньня на прэзыдэнцкай пасадзе недвухсэнсоўна прапаноўвалі Анатолю Грышчуку ўзяць удзел у сумнеўных банкаўскіх апэрацыях. Рабіць гэта ён адмовіўся, пасьля на ўласнае жаданьне сыйшоў з пасады кіраўніка берасьцейскага банку.

Невыпадковым трэба лічыць і тое, што арышт спадара Грышчука адбыўся напярэдадні заканчэньня прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі. Як бы там не было, зараз берасьцейскі бізнэсовец Анатоль Грышчук, парушыўшы падпіску аб нявыезьдзе, жыве ў Варшаве. Ягоныя адвакаты сьцьвярджаюць, што сьледчыя органы добра ведаюць пра сёньняшняе месца знаходжаньня Грышчука.
Тым ня менш пра захады беларускіх уладаў, якія б тычыліся экстрадыцыі бізнэсоўца на радзіму, пакуль нічога невядома.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG