Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 сьнежня 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

Нацыянальны выканаўчы камітэт – "ценявы ўрад" – заявіў сёньня аб сваёй адкрытасьці да супрацоўніцтва з усімі апазыцыйнымі палітычнымі партыямі й грамадзкімі арганізацыямі Беларусі. Гэтая заява была зроблена на паседжаньні камітэту, дзе аналізаваўся стан беларускай эканомікі.

28 сьнежня пад старшыняваньнем Мечыслава Грыба адбылося апошняе ў гэтым годзе паседжэньне Нацыянальнага выканаўчага камітэту.

Згодна з парадкам дня "ценявы" ўрад меркаваў разгледзіць два пытаньні – аб эканамічным становішчы ў краіне і аб падрыхтоўцы Нацыянальнай канцэпцыі разьвіцьця Рэспублікі Беларусь. Аднак адразу ж абмеркаваньне выйшла на зусім іншую тэму, а менавіта, што трэба зрабіць, каб у наступным годзе працаваць больш эфэктыўна й карысна.

Усе пагадзіліся з тым, што галоўнай мэтаю на 2000 год застаецца завяршэньне стварэньня Нацыянальнае канцэпцыі разьвіцьця нашае краіны. Аднак пасьля пэўнае дыскусіі, у якой бралі ўдзел Уладзімер Нісьцюк, Павал Казлоўскі, Міхал Пастухоў, Георгі Таразевіч ды іншыя сябры камітэту, было вырашана ў новым годзе справіцца яшчэ як мінімум з трыма праблемамі.

Першая зь іх – пашырыць узаемаадносіны з палітычнымі партыямі. Рэзэрвы тут вялікія, гэта і партыі Беларускага Народнага Фронту, і Жаночая партыя "Надзея", і Партыя працы, і некаторыя іншыя. Другая – усталяваць нармалёвыя стасункі з трэцім сэктарам, прадстаўнікі якого пакуль практычна ня прыцягваюцца да працы Нацыянальнага выканаўчага камітэту.

А вырашэньне гэтых дзьвюх праблемаў прывядзе й да зьняцьця трэцяй – пашырэньня складу "ценявага" ўраду й стварэньня новых камітэтаў у ягонай структуры.

У прыватнасьці, ёсьць жаданьне стварыць новыя аддзелы – падаткаў і збораў, кіраваньня дзяржаўнай маёмасьцю і прыватызацыі, у справах моладзі ды іншыя. З гэтай мэтаю і была ўтвораная адмысловая група зь пяцёх асобаў, якая ўжо ў студзені прапануе мерапрыемствы, што зробяць працу Нацыянальнага выканаўчага камітэту больш эфэктыўнай.

Што ж тычыцца пытаньняў, якія былі ў парадку дня, дык справаздачу аб эканамічным становішчы ў Беларусі зрабіў Станіслаў Багданкевіч. Паводле яго, у краіне зараз існуе поўная разбалянсаванасьць эканомікі, адсутнічаюць усялякія інвэстыцыі, узровень інфляцыі самы высокі на ўсіх постсавецкіх абшарах. Скараціўся і экспарт, нават у Расею. Больш за тое, за сёлета Беларусь займела пазыкі перад шэрагам краінаў. Напрыклад, ва Ўкраіны, якая раней была вінная Беларусі, мы зараз пазычылі тавараў больш чым на трыльён беларускіх рублёў.

За кошт чаго ў такім выпадку йснуе цяперашні беларускі рэжым? Прафэсар Багданкевіч на гэтае пытаньне мае наступны адказ – "толькі за кошт двух фактараў. Па-першае, праядаецца ўсё тое, што было назапашана раней асобнымі прадпрыемствамі ды людзьмі і, па-другое, Расея ўзяла нашую краіну на сваё ўтрыманьне". Так лічыць сп. Багданкевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG