Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 сьнежня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Беларускія праваабаронцы называюць папраўкі ў Адміністрацыйны кодэкс і закон "Аб друку…", якія учора ўвайшлі ў моц, папраўкамі, якія супярэчаць міжнародным актам, ратыфікаваным Беларусьсю. У Беларусі забараняецца дзейнасьць арганізацыяў, якія не атрымалі ад Міністэрства юстыцыі дазвол на сваю дзейнасьць.

Згодна з папраўкамі, якія падпісаў Аляксандар Лукашэнка, усталяваная адказнасьць за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, партыі або прафэсійнага зьвязу.

Спачатку асобам, якія не прайшлі перарэгістрацыю ў Міністэрстве юстыцыі, пагражае штраф памерам ад 10 да 50 мінімальных заробкаў. Калі цягам году арганізацыя ня здолее атрымаць рэгістрацыю, то на яе будзе накладзены штраф ужо памерам ад 50 до 100 мінімальных заробкаў або арышт кіраўніка на тэрмін да 15 сутак.

Нагадаю, што паводле вынікаў сёлетняй перарэгістрацыі, колькасьць партыяў, прафэсійных зьвязаў ды арганізацыяў скарацілася амаль на 30%.

Агульную танальнасьць паправак адлюстроўвае адказнасьць, прадугледжаная нават за тое, што арганізацыя, партыя або прафэсійны зьвяз не паведаміць цягам месяцу ў Міністэрства юстыцыі пра зьмену сваёй юрыдычнай адрэсы. У гэтым выпадку іх чакае штраф памерам 30 мінімальных заробкаў.

Але самы цікавы час настаў для беларускіх мас-мэдыя.

Згодна з папраўкамі ў Закон "Аб друку ды іншых СМІ", забараняецца нават узгадка пра незарэгістраваную ў Міністэрстве юстыцыі арганізацыю, партыю або прафэсійны зьвяз. У адваротным выпадку сродак масавай інфармацыі чакае папярэджаньне Дзяржкамдруку, што зьяўляецца адным з крокаў да зачыненьня.

У інтэрвію БДГ кіраўнік аддзелу грамадзкіх арганізацыяў Міністэрства юстыцыі Міхал Сухінін назваў сваё ведамства "міністэрствам справядлівасьці" і паведаміў, што папраўкі прынятыя ў сувязі з тым, што йснуе шэраг незарэгістраваных арганізацыяў, якія "бралі ў банках крэдыты й заключалі дамовы". І зараз гэтыя арганізацыі шукаюць…

Пра колькасны склад гэтых прайдзісьветаў сп. Сухінін чамусьці анічога не паведаміў. Матывы прыняцьця паправак становяцца больш зразумелымі, калі сп. Сухінін пачынае разважаць пра дзейнасьць Маладога Фронту, які не атрымаў рэгістрацыю Міністэрства юстыцыі. Паводле сп. Сухініна, "гэта нібыта існуючая арганізацыя, пра якую пішуць у газэтах. Хаця на самой справе такой арганізацыі дэ-юрэ проста няма".

Кіраўнік Цэнтру праўнай абароны СМІ Міхал Пастухоў, экс-судзьдзя канстытуцыйнага Суда Беларусі, камэнтуючы папраўкі, заявіў нашаму радыё:

(Пастухоў: ) "Такія папраўкі супярэчаць артыкулу 19 Усеагульнай Дэклярацыі правоў чалавека і Міжнароднаму Пакту аб грамадзянскіх і юрыдычных правах, якія гарантуюць людзям свабоду выказваньня і распаўсюджваньня інфармацыі незалежна ад дзяржаўных межаў.

У дадзеным выпадку мы маем канкрэтны факт абмежаваньня гэтай свабоды. Уладам захацелася ўвесьці забарону на ўзгадку арганізацыяў, якія не прайшлі перарэгістрацыі ў Мінюсьце па віне самога Мінюсту.

Заўважу, што тут выбудоўваецца такі ланцуг: спачатку ўлады праводзяць незаконную, антыканстытуцыйную перарэгістрацыю, а потым забараняюць дзейнасьць і ўзгадкі пра арганізацыі, якія не атрымалі перарэгістрацыі Мінюсту. Гэта парушае міжнародныя стандарты і нормы. Зараз забаранілі згадваць пра грамадзкія аб'яднаньні, а заўтра могуць забараніць спасылацца на тое, што нехта зьяўляецца дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларусі 13-га скліканьня, потым забароняць узгадваць апазыцыйных палітыкаў, бо ўлады не жадаюць чуць іхныя прозьвішчы. Гэткім чынам ідзе непрыхаваны наступ на свабоду слова. Гэта – працяг палітыкі на абмежаваньне свабоды слова ў Рэспубліцы Беларусь".

Старшыня Беларускага Гэльсынскага Камітэту Тацяна Процька лічыць, што папраўкі, падпісаныя Лукашэнкам, прынятыя з мэтаю ліквідацыі структураў, настроеных да афіцыйных уладаў апазыцыйна. Гэта выкліча нэгатыўную рэакцыю заходніх праваабарончых арганізацыяў:

(Процька: ) "Якую мэту перасьледуюць гэтыя папраўкі? Замоўчваньне – гэта найлепшы сродак, каб дзейнасьць арганізацыі наогул зьвярнуць. Ці правамоцна гэта? Канешне, не. І кансультацыйна-назіральная
група АБСЭ, якая працуе ў Менску, выкажа сваю думку, і Беларускі Гэльсынскі Камітэт зараз юрыдычна прапрацоўвае сытуацыю, адпаведнасьць гэтых паправак канстытуцыйным нормам".

Паводле словаў сп. Процькі, Беларускі Гэльсынскі камітэт зараз выпрацоўвае працэдуру звароту ў суд, каб там аспрэчыць законнасьць прынятых паправак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG