Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 27 сьнежня 1999 г.


Віталь Тарас, Прага

У нядзелю фэдэральныя расейскія войскі распачалі ўварваньне ў Грозны. Мэта апэрацыі, як гавораць у Маскве, – нанесьці рашучы ўдар супраць паўстанцаў. У апэрацыі бяруць удзел так званыя валанцёры пад кіраўніцтвам прамаскоўскага камандзёра Біслана Гантамірава. Жорсткі супраціў, зь якім яны сутыкнуліся ў Грозным, аказаўся для іх нечаканасьцю. Агляд паведамленьняў прэсы.

Згодна з паведаленьнямі фэдэральных сілаў, яны заблякавалі цэнтар гораду ды пачалі так званую "зачыстку" кварталаў – дом за домам – у пошуках чачэнскіх байцоў, – піша ў сёньяншнім артыкуле амэрыканская газэта "Boston Globe". Прарасейскія чачэнскія камандзёры абяцалі, што расейскі сьцяг будзе ўзьняты над Грозным да пачатку новага году.

Паведамляецца, што агулам каля 42-х тысячаў мірных жыхароў застаюцца ў Грозным без цяпла, электрычнасьці й вады. Расейцы спрабавалі іх пераканаць пакінуць места праз так званы "калідор бясьпекі", аднак у пятніцу пасланьнік Масквы ў Чачні сказаў, што яны павінныя чакаць у сваіх сховішчах, пакуль расейскія войскі іх вызаваляць.

Фэдэральныя сілы ў сыботу абвесьцілі пра тое, што расейскія спэцыяльныя аддзелы ды прамаскоўскія чачэнскія апалчэнцы ўвайшлі ў Грозны з чатырох бакоў пры падтрымцы моцнага артылерыйскага вагню.

Паводле расейскіх інфармацыйных агенцтваў, якія спасылаюцца на міністэрства абароны, чачэнскія сілы, якія спрабавалі перагрупаваць свае баявыя парадкі, былі спыненыя "шквальным вагнём". Міністэрства абароны не згадала пры гэтым, які лёс напаткаў мірных жыхароў, якія трапілі пад абстрэл.

"Яшчэ некалькі дзён – і там ужо ня будзе каго эвакуяваць", – прыводзіць словы чачэнскага камандзера Ісы Мусаева агентцва "Интерфакс".

Захоп Грознага можа прынесьці маральную перамогу расейскім вайскоўцам, якія неаднойчы цярпелі крыўдныя паразы цягам вайны супраць чачэнцаў у 94-96 гадох, – піша "Boston Globe" і працягвае, – прэм'ер-міністар Уладзімер Пуцін захапіў сёлета ўвосені, цягам чачэнскай кампаніі, лідэрства сярод магчымых кандыдатаў на перамогу ў прэзыдэнцкіх выбарах.

Аднак расейскія вайскаводы запаволілі тэмпы шутрму Грознага, яўна жадаючы пазьбегнуць параўнаньня зь няўдалым штурмам чачэнскай сталіцы 5 гадоў таму.

Нічога жахлівага ў Грозным не адбываецца, гэта ўсяго толькі працяг апэрацыі вызваленьня гораду ад бандытаў, – цытуе словы расейскага гэнерала Віктара Казанцава газэта "Boston Globe". У нядзелю заставалася няясным, наколькі лёгкай будзе перамога расейскіх войскаў у Грозным.

Чачэнскія байцы гавораць, што яны могуць абараняць Грозны месяцамі, дзякуючы вялізнай сетцы падземных камунікацыяў ды бомбамсховішчаў, якія засталіся ад савецкага часу. Супраціў чачэнскіх сілаў быў настолькі жорсткім, што гэта сталася сюрпрызам для валанцёраў.

Як паведамляе ангенцтва Reuters са спасылкай на расейскія крыніцы, абодва бакі нясуць значныя страты. Фэдэральныя сілы паведамілі ў панядзелак, што 4 вайскоўцы загінулі ў Грозным цягам мінулых судняў. Апалчэнцы Біслана Гантамірава паведамляюць, што горад абараняюць прынамсі 2 тысячы добра ўзброеных байцоў. Расейскія вайскаводы па-ранейшым не называюць даты ўзяцьця Грознага, заўяляючы, што галоўная ўвага надаецца зараз паўднёвым раёнам, куды, паводле іхных словаў, адыйшлі галоўныя чачэнскія сілы.

Урад у Маскве па-ранейшым апісвае падзеі ў Чачні як антытэрарыстычныю апэрацыю.

Тым часам, як паведамляе агенцтва Reuters, расклад сілаў у дзяржаўнай думе Расеі, у цэлым, адпавядае памкненьням ўраду.
Непрыймальнай назваў цяперашнюю вайну ў Чачні Грыгорый Яўлінскі, лідэр руху "Яблоко", які заваяваў на выбарах у Думу 21 мейсца з 450-і.

Крытычную пазыцыю адносна гэтай вайны займае таксама былы прэм'ер-міністар Яўгені Прымакоў. Блёк "Отечество – Вся Россия", які ён узначальваў на выбарах, заваявў 66 мейсцаў.

Астатнія партыі, у тым ліку камуністы, якія заваявалі 113 мейсцаў, Саюз правых сілаў, які мае 66 мейсцаў, блёк Жырыноўскага зь ягонымі 17 мейсцамі у той або іншай ступені падтрымліваюць палітыку ўраду ў Чачні. А блёк "Единство", які атрымаў 72 мейсца ў Думе і які быў сфармаваны дзеля падтрымкі ўраду Пуціна, падтрымлівае баявыя дзеньні ў Чачні цалкам і адназначна.

XS
SM
MD
LG