Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 сьнежня 1999 г.


Дэлегацыя з сямі чалавек вылецела сёньня са сталіцы Індыі Дэлі ў афганскі горад Кандагар на перамовы з тэрарыстамі, якія захапілі тры дні таму пасажырскі самалёт індыйскай авіякампаніі. Заходнія сродкі масавай інфармацыі падаюць акалічнасьці захопу.

Паводле інфармацыі аенцтыва Reuters, аэробус, які ляцеў раніцай 24 сьнежня рэйсам з Катманду ў Дэлі, затрымаўся з прылётам на 2 гадзіны. На борце самалёту ў той момант былі 178 пасажыраў, сярод якіх большасьць – індусаў. Разам зь імі ляцелі таксама грамадзяне Нэпалу, Швэйцарыі, Гішпаніі, Францыі, Японіі, Канады, Бэльгіі, Аўстраліі, Італіі, ЗША ды 11 чалавек экіпажу.

Самалёт быў захоплены ў індыйскай паветранай прасторы пяцьцю тэрарыстамі, узброенымі пісталетам, гранатай і нажом. Пад іхным прымусам авіяляйнэр прызямліўся ў пакістанскім месцы Лахор, зьліў лішкі паліва і пераляцеў у індыйскае места Амрытсар. Тэрарысты заявілі, што яны пачалі забіваць закладнікаў. Пасьля гэтага самалёт вярнуўся ў Лахор, адтуль пераляцеў на вайсковую базу ў Дубаі – сталіцы Аб'яднаных арабскіх эміратаў.

25 сьнежня, пасьля перамоваў з кіраўніцтвам ААЭ, тэрарысты вызвалілі 27 пасажыраў, у асноўным, жанчынаў і дзяцей, а таксама выдалі цела забітага грамадзяніна Індыі.

Толькі ўвечары гэтага дня ужо пасьля пералёту ў горад Кандагар у Афганістане, тэрарысты зрабілі першую публічную заяву. Яны абяцалі вызваліць усіх закладнікаў у абмен на вызваленьне з турмы пакістанскага рэлігійнага лідэра Магамеда Азхара Масуда, які з 94 году ўтрымліваецца індыйскімі ўладамі ў турме. Ён абвінавачваецца ў спробе сэпарытысцкага перавароту ў штаце Кашмір.

Раніцай у нядзелю ў Кандагар прыляцеў афіцыйны прадстаўнік ААН. Афганскі рух Талібан даў згоду на пасярэдніцтва ў перамовах. Індыя, якая ня мае дыпляматычных зносінаў з Афганістанам, назвала ролю талібаў "гуманітарнай". Пазьней талібы заявілі, што яны ня будуць праводзіць ніякіх баявых апэрацыяў супраць тэрарыстаў. Тэрарысты неўзабаве выпусьцілі яшчэ аднаго пасажыра – хворага на дыябэт.

Расея запатрабавала скліканьня Рады Бясьпекі ААН з мэтай націснуць на Афганістан, каб пакласьці канец тэрарыстычнай акцыі.

У панядзелак а шостай гадзіне тэрарысты заявілі, што яны зноў пачнуць забіваць пасажыраў, калі Індыя ня вызваліць пакістанскага лідэра да 8-й гадзіны раніцы. У 8.10 адзін з індыйскіх дыпляматаў выйшаў на радыёсувязь з тэрарыстамі.

Як піша амэрыканская газэта "New York Times", гэты інцыдэнт аднавіў старую варожасьць паміж Індыяй і Пакістанам. Пачынаючы з абвешчаньня незалежнасцьі гэтых краінаў у 47-м годзе на паўвысьпе Хіндастан адбыліся тры ўзброеных канфлікты з-за прэтэнзіяў на высокагорны штат Кашмір.

У сыботу абедзьве краіны асудзілі захоп самлёту і любыя акты тэрарызму. Аднак, у нядзелю ўзаемныя нападкі аднавіліся. Пакістанскі міністар замежных справаў Абдул Сатар выказаў меркаваньне, што захоп самалёту ёсць часткай пляну індыйскіх спэцслужбаў, якія хочуць зьліквідаваць цяперашні вайсковы ўрад Пакістану. Ён заявіў, што пачынаючы з 12 кастрычніка, калі адбыўся вайсковы пераварот у Пакістане, Індыя намагаецца, каб Пакістан трапіў у міжнародную ізаляцыю

На гэта афіцыйны прадстаўнік у Дэлі адказаў, што менавіта Пакістан нясе адказнасьць, паколькі тэрарысты – пакістанцы, і што яны ды іншыя ўзброеныя групоўкі доўгі час рабілі неаднаразовыя спробы вызаліць лідэра сэпаратыстаў Азгара Масуда. Міністар замежных справаў Індыі падкрэсьліў, што тэрарысты вылецелі ў Нэпал у пятніцу на самалёце пакістанскай авіякампаніі з пакістанскага гораду Карачы. Гэты факт пакістанскі бок адпрэчвае.

Віталь Тарас, Прага

XS
SM
MD
LG