Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 сьнежня 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

1999 год пэўна ўвойдзе ў гісторыю Беларусі і як год гучных і працяглых судовых працэсаў. Сярод абвінавачваных – нямала тых, хто калісьці стаяў ля ўлады, але з розных прычынах трапіў ці то ў няміласьць, ці то ў апазыцыю.

Гэты шэраг адкрыў Васіль Старавойтаў, былы сьцяг беларускае калгаснае гаспадаркі, двойчы герой сацыялістычнае працы, 75-гадовы вэтэран, зь якога Аляксандар Лукашэнка вырашыў зрабіць і зрабіў "хлопчыка для біцьця".

Падоўжыў сьпіс прыцягнутых да судовае адказнасьці былых кіраўнікоў Васіль Лявонаў, калісьці магутны лідэр магілеўскіх камуністаў, пры якім паднялася зорка Лукашэнкі, і які, паводле шматлікіх крыніцаў, калі стала вядома пра злоўжываньні дырэктара саўгасу Лукашэнкі, мог гэты ўзлёт спыніць, але не зрабіў гэтага, бо спадзяваўся, што з Лукашэнкі яшчэ атрымаецца нядрэнны кіраўнік.

Зараз Васіль Лявонаў мае магчымасьць назіраць за тым, як спраўджваюцца ягоныя спадзяваньні, але назірае ён гэта з лавы падсудных.

Асоба дэпутата Вярхоўнага Савету Андрэя Клімава, працэс над якім таксама стаў падзеяй году, крыху выбіваецца з гэтага шэрагу Клімаў – бізнэсовец, чалавек іншае сацыяльнае фармацыі.

Аднак і ён – выхадзец з былой піраміды ўлады – быў калісьці супрацоўнакам сыстэмы нутраных справаў. Толькі вось Клімаў найбольш рашуча парваў зь мінулым, і магчыма таму гэтае мінулае яму й помсьціць найбольш жорстка. 13 сьнежня Клімаў быў моцна зьбіты ў сьледчым ізалятары і зараз знаходзіцца ў турэмным шпіталі.

27 сьнежня павінен быў пачацца суд над былым прэм'ер–міністрам Міхалам Чыгіром, які восем месяцаў, пакуль цягнулася сьледзтва, правёў за кратамі. Аднак, паколькі Вярхоўны Суд прызнаў у справе Чыгіра працэсуальныя парушэньні, то працэс, відаць, пачнецца напачатку новага году.

Што аб'ядноўвае гэтыя суды? І над Старавойтавым, які ўжо на волі, і над Лявонавым з Клімавым, якія яшчэ пакутуюць за кратамі, і будучы суд над Міхалам Чыгіром?

Вось як вызначае сэнс свайго працэсу Васіль Старавойтаў:

"…паставілі задачу разьбіць мяне, прымусіць астатніх старшыняў калгасаў строга падпарадкавацца іх волі. І ніводны старшыня наш і ня выступіў супраць. Украінцы даслалі лісты, а нашыя – аніводны нічога не сказаў, пабаяліся згубіць пасаду", – гэтак Васіль Старавойтаў адказаў на пытаньне, навошта ўладзе спатрэбілася ладзіць над ім расправу, вынікам якой стаў вынесены судзей Надзеяй Чмарай прысуд – два гады турмы.

Экс-міністар сельскае гаспадаркі Васіль Лявонаў пакуль яшчэ не асуджаны, але ў тым, што без абвінаваўчага прысуду не абыйсьціся, ніхто з назіральнікаў за працэсам не сумняецца. Грамадзкі абаронца Лявонава Барыс Звозкаў, напрыклад, вызначае запраграмаванасьць вынікаў гэтага суду.

"…У першую чаргу я хацеў бы сказаць, што гэтая справа носіць яўна вызначаную палітычную афарбоўку. У падцьверджаньне я магу спаслацца на неаднаразовыя заявы першай палітычнай асобы Беларусі, якая яшчэ да суду называла Лявонава злачынцам", – узгадвае Барыс Звозкаў.

Што ж тычыцца самога судовага разьбіральніцтва, то яно, на думку абароны, дэманструе невінаватасьць экс-міністра ў бальшыні прад'яўленых яму абвінавачваньняў. Абаронца Лявонава Сьвятлана Ўласава заўважае: "…Дапрошаныя ў Вярхоўным судзе 87 сьведкаў. І зь іх аніводны не даў паказаньні супраць майго бацькі". Адзнака гэтых жа паказаньняў судом на чале з судзьдзём Чартовічам стане вядомая напачатку студзеня.

Працэс над Андрэям Клімавым таксама спыніўся, прычым да невызначанага часу. Судзьдзя Вера Тупік зь Ленінскага раённага суду Менску робіць выгляд, што анічога экстрэмальнага не адбылося, падсудны Клімаў паправіцца й суд аднавіцца. Аднак абарона Клімава і ягоныя сваякі падазраюць судзьдзю ў змове з супрацоўнікамі ізалятару, дзе Клімава зьбілі, і зьбіраюцца падаць на яе скаргу ў пракуратуру. Маці Андрэя Клімава Ала не хавае свайго абурэньня дзеяньнямі судзьдзі:

"…Ад сябе я хацела б у судзьдзі Тупік спытаць: хацела б яна, каб зь ёй ці зь яе дзецьмі абыйшліся гэтак сама, як яна з Андрэям, калі доктар "хуткае дапамогі" настойваў на шпіталізацыі, а яна адправіла Андрэя ў камэру, дзе яго й зьбілі. Дык хацела б судзьдзя Тупік, каб і зь ёй гэтак абыйшліся", – задае пытаньне маці Клімава.

Дарэчы, паводле яе зьвестак, з просьбаю разабрацца ў прычынах зьбіцьця дэпутата ў розныя ўстановы краіны зьвярнулася місія АБСЭ. Спадар Вік адправіў адпаведныя лісты намесьніку прэм'ера Латыпаву, міністру нутраных справаў Сівакову, міністру юстыцыі Варанцову, міністру аховы здароўя Зелянкевічу, начальніку ізалятару на вуліцы Валадарскага Алкаеву, але пакуль адзіны водгук на гэтыя звароты – адмова ва ўзбуджэньні крымінальнае справы супраць тых, хто зьбіваў Клімава.

Жонцы Клімава Тацяне не даюць спатканьня з мужам, што яна зьвязвае выключна са сьлядамі зьбіцьця, якія дагэтуль не прайшлі:

"…Я прасіла спатканьне, хачу на свае вочы пабачыць усё, але мне адмовілі, сказалі, у канцы месяцу ўсё ўладкуем у судзе. Павіншую мужа з Новым годам, спадзяюся, да таго часу ён вылячыцца ад сваіх хваробаў, можа пройдуць і сьляды зьбіцьця, і я ўбачу яго жывым-здаровым", – на гэта спадзяецца Тацяна Клімава.

Прысуд Старавойтаву, працэсы над Лявонавым і Клімавым, на думку многіх экспэртаў у юрыдычных справах, стварылі якасна новую сытуацыю ў краіне. Сытуацыю, якая запраграмавала й шмат падзеяў пачатку новага тысячагодзьдзя. І, на жаль, ня ў лепшы бок. Вось, напрыклад, што лічыць адзін з удзельнікаў названых працэсаў адвакат Гары Паганяйла:

"…Праўная сытуацыя ў краіне працягвала, як кажуць беларусы, пагаршацца. Мы на практыцы пераконваемся, што ў краіне ня дзейнічае та судовая сыстэма, якая павінна абараняць правы грамадзянаў", – лічыць Гары Паганяйла.

Адвакат робіць выснову, што насамрэч нашая судовая сыстэма абслугоўвае рэжым, бо ў канфліктах паміж грамадзянамі ды ўладаю ён асабіста ня ведае аніводнага выпадку, калі б улада атрымала паразу. З гэтых пазыцыяў Паганяйла ацэньвае і пэрспэктывы працэсу над Андрэям Клімавым і будучага суду над Міхалам Чыгіром.

"…Чакаць, што будуць вынесеныя па гэтых справах справядлівыя прысуды асабіста ў мяне аніякіх падставаў няма. Усё робіцца дзеля таго, каб гэтых людзей прызнаць вінаватымі", – кажа Паганяйла і далей заяўляе: "Машына ужо адрэгуляваная і з гэтых рэек зьяжджаць ня будзе".

Нягледзячы на такі прагноз, сам Міхал Чыгір здавацца не зьбіраецца й рыхтуецца да жорсткай і упартай барацьбы па ўсіх пунктах абвінавачваньня. Чыгір папярэджвае сваіх будучых судзяў: "…У судзе ўсплыве столькі нюансаў, столькі будзе такіх момантаў, ад якіх можна зьехаць з глузду, што я ня ведаю, як на гэта будзе рэагаваць судзьдзя, калі ён нармальны чалавек…"

Экс-прэм'ер упэўнены, што пры непрадузятым падыходзе ягоная невінаватасьць стане ў судзе відавочнай, вось толькі дзе знайсьці гэтую непрадузятасьць. У 1999 годзе ў Беларусі зь ёй былі вялікія праблемы.

XS
SM
MD
LG