Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 сьнежня 1999 г.


Казімір Яноўскі, Гомель

На адрас сябры Гомельскае суполкі Беларускага Народнага Фронту Галіны Арцёменкі прыйшоў ліст зь Вярхоўнага Суда Беларусі, падпісаны старшынём Валянцінам Сукалам. У лісьце паведамляецца, што пастанова судзьдзі Цэнтральнага раёну Гомлі Марыны Дамненкі ў дачыненьні да Арцёменкі – адмененая. А пастанова судзьдзі Дамненкі была наступная – аштрафаваць Галіну Арцёменку за непадпарадкаваньне міліцыі напярэдадні акцыі 7-га лістапада.

Ліст з вышэйшай судовай інстанцыі ды яшчэ з такім зьместам быў, паводле словаў Галіны Арцёменкі, поўнай нечаканасьцю. Галіна не пісала ніякай скаргі ў сталіцу, яна падала толькі касацыйную скаргу ў гомельскі абласны суд пасьля таго, як судзьдзя Марына Дамненка аштрафавала яе на 7 мільёнаў рублёў нібыта за непадпарадкаваньне міліцыі перад пачаткам масавага шэсьця ў гонар адноўленага дзяржаўнага сьвята – дня кастрычніцкай рэвалюцыі.

Як, магчыма, памятаюць слухачы з ранейшых перадачаў, штраф Галіна расцаніла як цынізм у вышэйшай ступені. Усьлед за мужам, Яўгенам Мурашкам, яна па міласьці ўладаў засталася беспрацоўнай, да таго ж выхоўвае дваіх прыёмных дзяцей і ня можа плаціць шматмільённыя штрафы.

У касацыйнай скарзе ў гомельскі абласны суд Галіна Арцёменка паведамляла, што перад пачаткам афіцыйнай дэманстрацыі 7 лістапада невядомыя ў цывільным схапілі яе мужа, і калі яна спрабавала высьветліць хто і куды павез яго, людзі ў цывільным прычапіліся і да самой Галіны, патрабуючы разгарнуць антылукашэнкаўскі плякат. Такое разьвіцьцё падзеяў пацьвердзілі і сьведкі з боку аштрафаванай жанчыны. Спадарыня Арцёменка зьвярнула таксама ўвагу на супярэчлівыя паказаньні амонаўцаў, якіх палкоўнік міліцыі Аляксандар Гаркоў прывёў у суд, і які на судзе адкрыта заяўляў, што для яго Арцёменка і, наогул, усе апазыцыянэры – антаганісты.

Наколькі ўдалося даведацца, Вярхоўны Суд сам запрасіў адміністрацыйную справу ў адносінах да Галіны Арцёменкі. Хутчэй за ўсё на такі крок паўплывалі паведамленьні СМІ і праваабарончых арганізацыяў. Вырак сапраўды быў адыёзным. У сваю чаргу судзьдзя вышэйшай судовай інстанцыі, адмяняючы пастанову судзьдзі Дамненкі, указаў на павярхоўнае дасьледаваньне матэрыялаў.

Па гэтай прычыне, як сказана, пастанова ня можа быць прызнаная законнаю і абгрунтаванаю. Адміністрацыйная справа Галіны Арцёменкі будзе наноў разглядацца ў цэнтральным судзе, але ўжо іншым судзьдзёй.

XS
SM
MD
LG