Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 27 сьнежня 1999 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Пазачарговы Сойм БНФ пад кіраўніцтвам Вінцука Вячоркі падпарадкаваўся патрабаваньню Міністэрства юстыцыі і прыбраў са сваёй назвы слова "народны". Цяпер афіцыйныя назвы гэтай арганізацыі гучаць як Грамадзкі рух і партыя БНФ "Адраджэньне".

Пытаньне ўнясеньня зьмены ў назву Беларускага Народнага Фронту стала асноўным на Сойме, які адбыўся ўчора. Новае палажэньне закону "Аб грамадзкіх аб'яднаньнях" забараняе недзяржаўным арганізацыям выкарыстоўваць у сваіх назвах словы "народны" й "нацыянальны", і таму БНФ Вячоркі, які яшчэ не прайшоў перарэгістрацыі ў міністэрстве юстыцыі быў вымушаны падпарадкавацца абсурдным, на думку многіх "фронтаўцаў", патрабаваньням чыноўнікаў.

Чаму ж Народны Фронт вырашыў зрабіць зьмену назвы так сьпешна напрыканцы году? Вось як патлумачыў гэта намесьнік старшыні БНФ Юры Хадыка:

(Хадыка: ) "Мы атрымалі ліст зь міністэрства юстыцыі. У сувязі з тым, што зараз адбываецца яшчэ незавершаны працэс перарэгістрацыі, мы мусілі правесьці тэрміновы пазачарговы Сойм для таго, каб адказаць на запатрабаваньні міністэрства юстыцыі і ня быць пазбаўленымі магчымасьці існаваць далей легальна. Мы, як мне здаецца, вынайшлі цудоўную форму выхаду з гэтай сытуацыі. Яна дазваляе нам не згубіць пераемнасьць з нашай дзесяцігадовай гісторыяй".

(Карэспандэнт: ) "На Вашую думку, зьмена назвы – чыстая фармальнасьць ці не. Як адрэагавалі на гэта сябры Сойму?"

(Хадыка: ) "Сябры Сойму праявілі разуменьне самой неабходнасьці правядзеньня такой апэрацыі і былі задаволеныя той прапановай, якую ўхвалілі аднагалосна. Гэта дазваляе нам захаваць нашую марку, гэта ёсьць інтэлектуальная маёмасьць нашай арганізацыі. Нягледзячы на контрпрапаганду, на ўвесь бруд, які быў выліты на Беларускі Народны Фронт, мы ганарымся гэтай маркай і будзем яе захоўваць.

Тое, што яны нам прапанавалі зрабіць карэктыроўку, мы зрабілі, і зараз гэта будзе нашая гісторыя ў скарочаным выглядзе – Грамадзкае аб'яднаньне БНФ".

Сябры Сойму ў адмысловай заяве падкрэсьлілі вымушаны характар зьмены назвы. У заяве ў прыватнасьці гаворыцца, што "толькі Беларускі Народны Фронт выкарыстоўвае прыметнік "народны" як асноўны назватворны". Таму палажэньне новага закону, на думку "фронтаўскага" кіраўніцтва, "мае на мэце нанесьці ўдар менавіта па іх арганізацыі, якая пасьлядоўна бароніць незалежнасьць Беларусі й дэмакратычныя каштоўнасьці ад часу свайго заснаваньня ў 1988 годзе".

БНФ пад кіраўніцтвам Вячоркі цяпер актыўна рыхтуецца да перарэгістрацыі ў Міністэрстве юстыцыі. Дзеля гэтага ў Фронце нават створаная адмысловая юрыдычная група пад кіраўніцтвам былой дэпутаткі Вярхоўнага Савету Галіны Сямдзянавай.

Акрамя фармальнага пытаньня пра зьмену назвы, сябры Сойму таксама абмеркавалі праблему стварэньня адзінага перадвыбарчага блёку дэмакратычных сілаў на аснове БНФ, АГП і "Народнае Грамады". Сойм выказаў меркаваньне, што такі блёк трэба ствараць у тым выпадку, калі будуць пэўныя гарантыі правядзеньня ў Беларусі свабодных і дэмакратычных парлямэнцкіх выбараў.

XS
SM
MD
LG