Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 сьнежня 1999 г.


Любоў Лунёва, Менск

Сёньня ў Савецкім судзе Менску адбыўся працяг разгляду адміністрацыйнае справы Валерыя Шчукіна, але вынесьці прысуд і сёньня стала немагчыма з-за адсутнасьці сьведкаў з боку міліцыі.

Сёньня на чарговае паседжаньне ў справе Валерыя Шчукіна ў Савецкі суд зьявіліся сьведкі: карэспандэнты газэты Народная Воля. Яны запэўнівалі суд у тым, што Валеры Шчукін 8 сьнежня не прымаў удзелу ў апазыцыйнай акцыі з нагоды падпісаньня беларуска-расейскае дамовы. На акцыі ён прысутнічаў у якасьці журналіста.

Пры гэтым у сваіх паказаньнях сьведкі спасылаліся на тыя абставіны, што Валеры Шчукін за паўгадзіны да сканчэньня акцыі сеў у тралейбус каля пляцу Перамогі ды прыехаў у рэдакцыю пісаць рэпартаж аб падзеях 8 сьнежня. Пасля заканчэньня сваёй працы журналіст скіраваўся дахаты. Менавіта тады ён і быў затрыманы людзьмі ў цывільным.

Сёньня сьведкі ад міліцыі не зьявіліся ў судовае паседжаньне, таму судзьдзя Іна Шэйко перанесла разгляд справы на 10 студзеня. Валеры Шчукін так пракамэнтаваў гэтую сытуацыю:

(Шчукін: ) "Суд не адбыўся па простай прычыне: не зьявіліся сьведкі-міліцыянты. На мінулым судзе той сьведка з боку міліцыі так хлусіў, што судзьдзя была вымушаная запрасіць іншых сьведкаў. Трэба былі паказаньні й другога міліцыянта, які складаў пратакол. Але сёньня яны не зьявіліся. На маю думку, гэта ад таго, што яны так наблыталі, так нахлусілі, што паведаміць ім зараз няма чаго.

У мяне такое ўражаньне, што сьведкі-міліцыянты баяцца свайго абвінавачванага. Сёньня ў працэсе былі прагледжаныя відэастужкі. Зь іх вынікае, што аніякіх парушэньняў грамадзкага парадку з майго боку не было. Такім чынам, абвінавачваньне надуманае і сфальсыфікаванае цалкам ад пачатку й да канцу.

Наконт таго, які будзе ўрэшце прысуд, я ня ведаю. Бо практыка паказвае, што часьцей ня сам судзьдзя вырашае, які будзе прысуд. Ён выконвае нейкую каманду".

Такі камэнтар даў Валеры Шчукін Радыё Свабода з судовай залі.

Сёньня ня толькі справа Валерыя Шчукіна была перанесеная з-за адсутнасьці сьведкаў ад міліцыі.

У Гарадзкім судзе Менску судзьдзя Камісараў быў вымушаны перанесьці разгляд крымінальнае справы Яўгена Асінскага – удзельніка несанкцыянаванага шэсьця 27 ліпеня ў Дзень Незалежнасці. Прычына пераноса справы: неяўка ў суд "пацярпелага" міліцыянта Кунцэвіча ды яшчэ пяці сьведкаў з боку міліцыі.

Справа прызначаная на 28 сьнежня. Паводле існуючых нормаў крымінальна-працэсуальнага права, за няяўку супрацоўніка міліцыі ў судовае паседжаньне судзьдзя можа напісаць на яго гэтак званае "прадстаўленьне" ў гарадзкі аддзел нутраных справаў, каб да яго былі ўжытыя меры службовага ўзьдзеяньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG