Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 сьнежня 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Вядомы летувіскі адвакат Альгірдас Паўлаўскас даў згоду ўдзельнічаць у абароне Міхала Чыгіра. Беларускія адвакаты асьцерагаюцца аказаваць прафэсійную дапамогу былому прэм'еру Беларусі.

Міхал Чыгір паведаміў нашаму радыё, што дасягнутая прынцыповая дамова з кантораю вядомага летувіскага адваката Альгірдаса Паўлаўскаса аб юрыдычнай дапамозе пад час будучага судовага працэсу. Перамовы асабіста з Паўлаўскасам правяла ў Летуве жонка і адвакатка Чыгіра Юлія Чыгір. Вось як яна адказала на пытаньне, чым не задаволілі Чыгіроў беларускія адвакаты?

(Ю. Чыгір: ) "Усе нашыя адвакаты залежаць ад улады. Хаця яны крыўдзяцца, калі я гэта кажу, але гэта – так. Бо калі нейкія іх дзеяньня ня будуць улады задавальняць, яны проста забяруць у іх ліцэнзію. Адзінаццаць чалавек, якім бы я давярала, адмовіліся таму, што сказалі: "Гэтая справа чыста палітычная, дапамагчы табе як трэба дапамагаць, я не змагу. А браць грошы абы браць – таксама не хачу".

Навошта увогуле спатрэбілася зьвяртацца па дапамогу новых адвакатаў? Юлія Чыгір тлумачыць гэта складанасьцямі крымінальнага працэсу, у якіх асабіста яна, як гаспадарчы юрыст, разьбіраецца ня вельмі добра. Дапамогу ў гэтых пытаньнях мог бы аказваць вядомы адвакат Гары Паганяйла, але…

(Ю. Чыгір: ) "Паганяйла апошнім часам дапамагае нам, але яго пакуль не дапускаюць у працэс. Мы ня ведаем, як будуць разьвівацца падзеі і ці дапусьцяць яго наогул, таму мы павінны быць гатовымі. Будзем яго выкарыстоўваць як грамадзкага абаронцу. Яго і Гюнтэра. Гэта два чалавекі, якія ўвойдууць у працэс як грамадзкія абаронцы".

Паводле словаў Юліі Чыгір, дапамагаць экс-прэм'еру на будучым працэсе бярэцца таксама малады беларускі адвакат Сяргей Лепеш, які мае дзяржаўную ліцэнзію. Міхал Чыгір зьбіраецца карыстацца ягонымі паслугамі, каб падмацаваць намаганьні асноўных абаронцаў.

Што тычыцца пачатку працэсу, Чыгірам пакуль пра гэта нічога невядома. Не вызначаны ані суд, ані судзьдзя, ані дзень пачатку працэсу. Юлія Чыгір кажа, што хутчэй за ўсё ім абвесьцяць гэта напрацягу першага тыдню будучага году.

XS
SM
MD
LG