Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 сьнежня 1999 г.


Мікола Іваноў, Прага

Польскі штотыднёвік "Wprost" напярэдадні новага году пазнаёміў сваіх чытачоў з незвычайным прыкладам эфэктыўнага эканамічнага разьвіцьця адной посткамуністычнай краіны. Аўтар артыкулу Міхал Зялінскі спрабуе паказаць чытачам, як бы магла разьвівацца Беларусь, каб яе ўрад на працягу апошніх 10 год праводзіў палітыку, падобную да вядомага "пляну Бальцаровіча", які зьяўляецца падставай усіх сёньняшніх польскіх надзвычайных поспехаў.

"Дзякуючы рашучым рынкавым рэформам і паслядоўнай фінансавай палітыцы, новым лібэральным законам гэтая малая дзесяцімільённая краіна ператварылася ў сапраўднага "маладога тыгра" сучаснай Эўропы. Былі шырока адчыненыя дзьверы для замежных інвэстыцыяў (асабліва важнай была пастанова аб свабоднай канвэртаванасьці нацыянальнай валюты (зайчыка). У выніку, пад канец 1999 году тут дзейнічала больш 13 тысячаў супольных з замежным капіталам прадпрыемстваў, на якіх працавала каля мільёна чалавек. Актывы і асноўныя фонды гэтых прадпрыемстваў складалі аж 15% ад усёй сукупнасьці асноўных фондаў краіны, а іх удзел у агульным рынку тавараў дасягаў 25%. Прадукцыйнасьць працы на прадпрыемствах з замежным капіталам прыблізна ўдвая перавышала сярэдні для краіны ўзровень. Акрамя таго, трэба падкрэсьліць, што прадукцыя фірмаў із замежным капіталам складала амаль палову экспарту краіны".

І тут каб далей не інтрыгаваць нашых слухачоў паведамім, што гэта урыўкі з артыкулу польскага эканамічнага аналітыка Міхала Зялінскага "Іншая Беларусь" на старонках часопісу "Wprost".

Зялінскі такім футурыстычным мэтадам намагаецца пазнаеміць чытачоў часопісу з тым, як магла разьвівацца Беларусь, каб яе ўрад на працягу апошніх 10 год праводзіў палітыку, падобную на вядомы "плян Бальцаровіча", які зьяўляецца падставай усіх сёньняшніх польскіх надзвычайных посьпехаў.

Вось паслухайце, што было б з Беларусьсю, калі б на месцы Лукашэнкі быў Бальцаровіч.

"Найбольш пасьпяхова разьвівалася за гэты час аўтамабільная прамысловасьць. У 1992 годзе ФІАТ і залежныя ад яго кампаніі купілі Менскі маторны завод, на якім пачалі прадукаваць маторы для фіатаўскіх заводаў у Польшчы і Вугоршчыне.

Праз год вядомая нямецкая фірма Фольксваген купіла Гомельскі завод сельскагаспдарчых машынаў "Гомсельмаш". А ў лютым 1993 году "Джэнерал моторс" набыў кантрольны пакет акцыяў МАЗу.

Праз два гады Магілёўскі аўтамабільны завод перайшоў у рукі карэйскага канцэрну "Даеву", які заплаціў за яго каля 2 млрд. даляраў. Але сапраўднага росквіту беларуская аўтамабільная прамысловасьць дасягнула тады, калі у 1996 годзе канцэрн "Опэль" пабудаваў каля Віцебску зборачны завод сваіх машынаў. Акрамя таго пачала дзейнічаць зборачная лінія аўтамабіляў "Форду" у Баранавічах, грузавікоў і аўтобусаў швэдскай фірмы "Вольво" у Бабруйску, і таксама швэдскай фірмы "Сканія" ў Новаполацку.
Нямецкі канцэрн МАН пачаў складаць свае грузавікі, прызначаныя, галоўныя чынам, для экспарту ў Расею, каля Гародні.

Паводле падлікаў беларускага ўраду толькі прамыя замежныя інвэстыцыі ў аўтамабільную галіну прамысловасьці дасягнулі 6 мільярдаў даляраў.

Не спраўдзіліся песымістычныя прагнозы тых, хто лічыў, што бальшыня заходніх фірмаў будзе выкарыстоўваць тэрыторыю краіны толькі як мантажную пляцоўку для сваіх машынаў. З кожным годам удзел беларускіх дэталяў у канчатковым вырабу павялічваўся. І цяпер ён складае аж 70%.

Хаця інвэстыцыі аўтабільных канцэрнаў у беларускую гаспадрку даволі значныя, але іх выразна апярэджваюць міжнародныя фірмы, якія прадукуюць харчаваньне і тытунёвыя вырабы. Пепсі і Кока-Кола разам заінвэставалі 750 млн. даляраў. Крыху менш грошаў у Беларусь накіравала вядомая міжнародная фірма "Нэстле". Новыя фабрыкі, якія выкарыстоўваюць таксама мясцовую сыравіну, пабудавалі тытунёвыя гіганты Філіп Морыс і Рээмтсма.

Канкурэнцыя вядомых заходніх фірмаў на ўнутраным рынку краіны змусіла і мясцовыя прадпрыемствы выразна павысіць якасьць сваіх вырабаў. Яны пачалі купляць і ўкараняць сучасныя тэхналёгіі. А часам іх вырабы, дзякуючы таннай мясцовай сыравіне, былі больш канкурэнтназдольнымі, чым заходнія тавары.

Да непазнавальнасьці зьмяніліся беларускія банкі, частка зь якіх ператварылася ў філіі вядомых заходніх фінансавых інстытутаў. Дзякуючы лібэральнай фінансавай палітыцы, Беларусь ператварылася ў адзін з новых фінансавых цэнтраў Эўропы.

Але найбольш відавочнымі сталі зьмены ў Беларусі ў гандлі. Толькі ў Менску заходнія фірмы Мэтро, Тэско, Рэал, Макро Кэш і іншыя пабудавалі 16 новых гіпер- і супермаркетаў. Інвэстыцыі ў гэтай галіне дасягнулі 600 млн. даляраў.

І хаця мала хто з простых беларусаў можа сёньня дазволіць сабе купляць нешта ў крамах тыпу люкс, якія таксама зьявіліся ў беларускіх гарадох, але менавіта яны прынесьлі ў Беларусь апошнія тэндэнцыі сусьветнай моды. І таму няма нічога дзіўнага, што вітрыны некаторых крамаў у Гомлі выглядаюць ня горш, чымся ў Парыжы

Калі ў 1990 годзе беларускі ўрад пачынаў правядзеньне рынкавых рэформаў, на рахунках беларускага Нацыянальнага Банку амаль не было канвэртаванай валюты. Сёньня рэзэрвы гэтага банку ў валюце дасягнулі 26 млрд. даляраў і ўвесь час павялічваюцца. Гэта дазваляе праводзіць ня толькі вельмі шчодрую, хаця і жорсткую, крэдытную палітыку ў дачыненьні да ўласна беларускіх прадпрыемстваў, але і шчодрае фінансаваньне экспарту. У выніку, паліцы беларускіх крамаў перапоўненыя таварамі з усяго сьвету, а беларускае насельніцтва апанавала гарачка пакупніцтва. І хаця шмат хто да гэтай тэндэнцыі ставіцца крытычна, але беларускіх спажыўцоў можна зразумець, калі параўнаць сёньняшнюю сытуацыю з пустымі паліцамі крамаў савецкіх часоў".

Вось як магла сёньня выглядаць Беларусь, калі б тут праводзілася зусім іншая эканамічная палітыка.

Артыкул, зьмест якога вы толькі што пачулі, зьявіўся на старонках польскага часопісу невыпадкова. У 1990 годзе Польшча і Беларусь стартавалі ў рынак амаль з аднолькавых пазыцыяў. Беларусь у той час не саступала Польшчы паводле ўзроўню свайго матэрыяльнага дабрабыту. Аўтар артыкулу Міхал Зялінскі лічыць, што палякі павінны ўсьведамляць, што магло чакаць іх, калі б у Польшчы праводзілася "луканоміка", а не палітыка паводле пляну Лешака Бальцаровіча.

XS
SM
MD
LG