Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 сьнежня 1999 г.


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Сёньня ў інфармацыйным блёку пра Ічкерыю: сытуацыя вакол Грознага, прарасейскія аддзелы чачэнцаў – аналягі сьмертнікаў часоў Другой усясьветнай вайны, марадзёрствы расейцаў на чачэнскай зямлі, прымусовае вяртаньне чачэнскіх уцекачоў на родныя папялішчы, расейска-чачэнскі канфлікт і Грузія.

Расейскае бронетанкавае кола вакол Грознага працягвае сьціскацца. Паводле апошніх дадзеных, у сталіцы Ічкерыі знаходзіцца да 8 тысячаў паўстанцаў. Раней, расейскія сродкі масавай інфармацыі называлі лічбы ад трох да шасьці тысячаў. Прэзыдэнт Ічкерыі Аслан Масхадаў заявіў, што пад Грозным расейскае войска зазнае вялікія страты, якія хаваюцца ад грамадзкасьці. Кіраўніцтва расейскай групоўкі цьвердзіць, што штурм чачэнскае сталіцы будзе доўжыцца 1-2 тыдні. Чачэнскія палявыя камандзёры лічаць, што ў разе патрэбы могуць бараніць места яшчэ тры месяцы.

Тым часам расейская пехота і прамаскоўскія аддзелы Біслана Гантамірава спрабуюць прасунуцца ў Грозны, але сустракаюць жорсткі адпор. Як падае газэта "Los Angeles Times", схэма гэтых спробаў наступная: інтэнсыўнае бамбаваньне таго ці іншага кавалку чачэнскай абароны, затым кіданьне ў бой ганцтаміраўцаў і ўжо потым, паводле атрыманай інфармацыі пра ўзровень супраціву, высылка альбо нявысылка на гэты ўчастак аддзелаў расейскага спэцназу.

Гантаміраў, – паведамляе далей "Los Angeles Times", – былы мэр Грознага, які ў 1994-96 гадох займаў пасаду прадстаўніка прэм'ер-міністра ў непапулярным прамаскоўскім урадзе Чачні, створаным паводле ініцыятывы Крамля. Пазьней Гантаміраў быў пасаджаны ў вязьніцу за тое, што скраў фонды, дадзеныя Масквой на аднаўленьне Чачні. Прысуджаны да пазбаўленьня волі ў вязьніцы, ён у сёлетнім кастрычніку атрымаў дараваньне з рук прэзыдэнта Расеі Барыса Ельцына, дзеля таго каб узяць на сябе асноўную ролю ў расейскім наступе супраць паўстанцаў.

Арці Дудараў, 27-гадовы жыхар Урус-Мартану апавядае, што быў сьведкам таго, як расейскае войска арганізавала збор апазыцыйных Грознаму чачэнскіх дабраахвотнікаў. Потым іх залучылі ў аддзел Гантамірава і адправілі на вайну ў Грозны. "Ад таго часу, – кажа Дудараў, – мы пра гэтых людзей нічога ня чулі".

Тым часам, інтэрнэтная інфармацыйная старонка "Кавказ-цэнтр" падае зьвесткі пра тое, што ў апошнія содні ў раёне Грознага Чарнарэчча забітыя 15 і ўзятыя ў палон 12 гантаміраўцаў. Гэтых апошніх будуць судзіць паводле законаў шарыяту як нацыянал-здраднікаў. Некторыя з паланёных сказалі, што іх выпусьцілі з турмаў у абмен на абяцаньні ваяваць супраць маджахедаў.

Заходнія інфармацыйныя агенствы паведамляюць пра шматлікія выпадкі марадзёрства. Як мінімум 17 асобаў былі забітыя на пачатку месяцу ў вёсцы Алхан-Юрт, калі расейскія вайскоўцы праводзілі там зачыстку і адначасна займаліся рабаўніцтвам пакінутых сялібаў. Пра гэта прадстаўнікам Міжнароднай арганізацыі аховы правоў чалавека паведамілі ацалелыя жыхары вёскі

Чачэнскі ўцякач 54-гадовы Вісані Багатыраў, які цяпер знаходзіцца ў станіцы Сьляпцовская сказаў, што п'яныя расейскія вайскоўцы прыйшлі ў ягоную хату і забралі прадукты, посуд, вопратку і машыну, выбухнулі ягоны трактар і забілі карову.

Прадстаўнік Міжнароднай арганізацыі Правоў Чалавека Пітэр Букэрт, які ўзяў інтэрвію ў сотняў чачэнскіх уцекачоў, сказаў, што недастатковае фінансаваньне расейскага войска, праблемы з харчаваньнем і вопраткай штурхаюць вайскоўцаў на рабункі. "Пры такіх памерах рабаўніцтва вайсковыя кіраўнікі ня могуць нічога пра яго ня ведаць, – сказаў Букэрт, – а значыць усё гэта адбываецца, прынамсі, з маўклівай ухвалы вышэйшых вайскоўцаў".

Тым часам прадстаўнік Ведамства ААН у справах уцекачоў заявіў у Жэнэве, што расейскія ўлады пазбаўляюць чачэнскіх уцекачоў у Інгушэтыі права на атрыманьне прадуктаў харчаваньня і тым самым прымушаюць іх вяртацца дадому. Дзеля праверкі гэтых паведамленьняў Ведамства накіравала ў Інгушэтыю сваіх супрацоўнікаў.

І апошняе. Учора расейскія мінамётчыкі абстралялі тэрыторыю Грузіі ў раёне грузінска-чачэнскае мяжы. У выніку былі параненыя чатыры грузінскія памежнікі. Сёньня парлямэнт Грузіі сабраў нечарговае паседжаньне, каб прыняць заяву ў пытаньні адносінаў з Расеяй. Учора ж міністэрства замежных справаў Грузіі накіравала ў Маскву ноту пратэсту ў сувязі з апісаным інцыдэнтам.

XS
SM
MD
LG