Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 сьнежня 1999 г.


Міхал Стэльмак, Менск

З акцыі пратэсту маюць намер распачаць сваю працоўную дзейнасьць у новым 2000 годзе прадстаўнікі дробнага гандлёвага бізнэсу Беларусі. Учора, напрыклад, на сваім сходзе так вырашылі гандляры менскага рэчавага кірмашу "Дынама", пазаўчора – Камароўскага кірмашу. З падобнай ініцыятывай, паводле нашых зьвестак, выступілі таксама працоўныя калектывы шмат якіх іншых гандлёвых кропак краіны, дзе працуюць прыватныя прадпрыймальнікі.

Як сьведчыць інфармацыя са сходаў беларускіх гандляроў, пачынаючы зь 1 студзеня яны не зьбіраюцца выходзіць на працу. Гэткім чынам прыватныя прадпрыймальнікі мяркуюць выказаць пратэст уладам з нагоды зьменаў падаткаабкладаньня іх у 2000 годзе.

У прыватнасьці, як прагучала на ўчорашнім сходзе гандляроў сталічнага кірмашу "Дынама", іхны пратэст перш за ўсё выкліканы ўваходжаньнем у сілу новых палажэньняў закону "Аб падатку на даданую вартасьць".

Пра гэтыя зьмены прыватныя прадпрыймальнікі даведаліся толькі днямі. Высьветлілася, што за подпісам Аляксандра Лукашэнкі яны зьявіліся 16 лістапада.

Відавочна, аніякіх публічных кансультацыяў уладных і прадпрыймальніцкіх структураў аб падатковых зьменах з Новага году ня было.

Пасьля знаёмства з дакумэнтам гандляры схапіліся за галаву. І было ад чаго. Прапанаваны ўладамі падатковы мэханізм цалкам выключае атрыманьне прыватнымі прадпрыймальнікамі прыбыткаў з гандлю.

Пачынаючы са студзеня, яны забавязаныя будуць плаціць падатак на даданую вартасьць у памеры 20 адсоткаў ад кошту завезеных у краіну тавараў. Апроч таго, для іх ня толькі захоўваецца дзейная зараз сыстэма фіксаваных падаткаў, але й гэтыя падаткі падвышаюцца. У прыватнасьці, для гандляроў Менску падвышэньне фіксаваных ставак ужо зацьверджана ў памеры ад 30 да 400 адсоткаў.

Гаворыць намесьнік старшыні прафэсійнага зьвязу прадпрыймальнікаў Менску й Менскае вобласці "Садружнасьць" Мая Сінайская: "У чым парадокс гэтага закону? У нас прыбытак ня 20 адсоткаў. Прадпрыймальнікі ня могуць сёньня зарабіць столькі, колькі ім належыць аддаць дзяржаве. Каб працаваць з прыбыткамі, ім неабходна рэзка падвысіць цэны. Але ж у Беларусі людзі зьбяднелыя, з нізкай пакупніцкай здольнасьцю. Таму прадпрыймальнік разважае: які мне сэнс хадзіць на працу, калі я толькі буду павінен дзяржаве й болей нічога", – патлумачыла студзеньскія пляны гандляроў Мая Сінайская.

Дарэчы, мяркуемыя акцыі пратэсту беларускіх гандляроў хутчэй за ўсё будуць стыхійнымі. Ва ўсялякім разе, пакуль што ў іх няма афіцыйных арганізатараў. Прафэсійны зьвяз "Садружнасьць", паводле выказваньняў ягоных лідэраў, устрымліваецца ад гэтакае ролі.

Што тычыцца Свабоднага прафэсійнага зьвязу прыватных прадпрыймальнікаў, то ягоныя лідэры на сваім сходзе выказаліся за страйк, але зь 1 лютага.

Чаму быў абраны менавіта такі падыход? Вось як патлумачыў гэта нашаму радыё старшыня Свабоднага прафэсійнага зьвязу менскага рэчавага кірмашу "Дынама" Зьміцер Каліценя: "Мы не хацелі пасьпешна рабіць 2-3-дзённы страйк. Таму што, каб усе прыватныя прадпрыймальнікі Беларусі ўсьвядомілі пагаршэньне сваіх умоваў працы пасьля Новага году й пагадзіліся на працяглы страйк, патрэбна карпатлівая падрыхтоўчая праца. У студзені мы заплянавалі абмеркаваць нашыя патрабаваньні з афіцыйнымі структурамі, у тым ліку й з Саветам міністраў. І калі на працягу месяцу нам ня ўдасца дасягнуць плёну ў дыялёгу з уладамі, то ад нас зь 1 лютага яны не атрымаюць ані капейчыны падаткаў", – паведаміў Зьміцер Каліценя.

XS
SM
MD
LG