Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 сьнежня 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

Як стала вядома нашаму радыё, кiраўнiк назiральна-кансультатыўнае групы АБСЭ ў Беларусi Ганс-Георг Вiк вымушаны будзе хутка перарваць свае вакацыi ды вярнуцца ў Менск. Чым выклiканы такiя зьмены ў плянах адказнага мiжнароднага чыноўнiка?

Кiраўнiк назiральна-кансультатыўнае групы АБСЭ ў Беларусi Ганс-Георг Вiк, яе паведамiлi мне ў офiсе групы, 3 студзеня мусіць вярнуцца ў Менск. Гэта вялiкая нечаканасьць, паколькi першапачаткова плянавалася, што амбасадар Вiк зьявiцца ў Беларусi толькi 15 студзеня.

Амаль тыдзень таму ён зъехаў на радзiму ў Нямеччыну на калядныя вакацыi. Меркавалася, што адтуль ён дзесьцi 10-11 студзеня прыляцiць у сталiцу Аўстрыi. 14 студзеня ў Вене пройдзе традыцыйнае студзеньскае пасяджэньне Сталага камiтэту Парлямэнцкае Асамблеі АБСЭ, на якiм будзе заслуханая справаздача кiраўнiка рабочае групы па Беларусi гэтай мiжнароднай арганiзацыi Адрыяна Севярына. Амбасадар Вiк запрошаны сюды дзеля падрыхтоўкi й правядзеньня гэтага пасяджэньня. I толькi пасля ягонага заканчэньня Вiк плянаваў вярнуцца ў Менск.

Аднак цяпер спадар Вiк вымушаны ўнесьцi карэктывы ў свае пляны. Справа ў тым, што дэпутаты прэзыдэнцкае "палаты" зьвярнулiся да Лукашэнкi з просьбаю, каб той сваiм указам прызначыў на 4 студзеня пазачарговую сэсiю.

Сярод чатырох пытаньняў, якiя яны хочуць разглядаць, ёсьць i праект Выбарчага кодэксу. Прычым, на ўзроўнi "Палаты прадстаўнiкоў" гэта ўжо другое i апошняе чытаньне, пасьля чаго закон аб выбарах у беларускi парлямэнт будзе перададзены ў "Вышэйшую палату".

Згадаем, што iнiцыятывы лукашэнкавага парлямэнту заўжды папярэдне ўзгаднялiся з адмiнiстрацыяй Лукашэнкi. Таму зразумела, што так занепакоіла амбасадара Вiка.

Ён раней неаднаразова заяўляў: новы выбарчы закон, згодна зь якiм будуць праводзiцца свабодныя i дэмакратычныя парлямэнцкiя выбары ў 2000 годзе, мусіць быць вынiкам кампрамiсу памiж уладамi й палiтычнай апазыцыяй.

Але добра вядома – да таго праекту, якi хочуць разглядаць на пазачарговай сэсii, апазыцыя ня мае анiякага дачыненьня. Карацей кажучы, Вiк ня можа ня бачыць, што прыняцьцё такога закону фактычна ставiць крыж на правядзеньнi дэмакратычных выбараў у Беларусi.

Праўда, некаторыя дэпутаты "Палаты прадстаўнікоў", у прыватнасьцi Мiкалай Лазавiк, кажуць пра тое, што яны маюць намер унесьцi ў выбарчы закон пэўныя, даволi радыкальныя ў параўнаньнi зь першым чытаньнем, зьмены.

У прыватнасьцi, яны, магчыма, здымуць абмежаваньне на ўдзел у выбарах для асобаў, якiя прыцягвалiся на працягу апошняга году да адмiнiстратыўнай адказнасьцi ў судовым парадку. Магчыма, будуць перагледжаныя некаторыя нормы заканапраекту, на якiя зьвярталi ўвагу экспэрты АБСЭ. Але ж пакуль гэта толькi намер. I цi будзе ён зрэалiзаваны – гэта яшчэ пытаньне.

Да таго ж, у любым выпадку, закон будзе прыняты без удзелу апазыцыi. А спадар Вiк шмат разоў на розных сэмiнарах падкрэсьлiваў – у такім разе выбары нават ня будуць разглядацца АБСЭ, як свабодныя i дэмакратычныя. Вось чаму яму патрэбна атрымаць тлумачэньнi ды iнфармацыю ад афiцыйных беларускiх уладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG