Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 сьнежня 1999 г.


Тамара Віньнікава, былая старшыня Нацыянальнага Банку Беларусі, зноў дала інтэрвію нашай праграме. Падставай для звароту да Віньнікавай стала заява пракуратуры Беларусі аб паўторным звароце ў Інтэрпол у справе вышуку Віньнікавай.

Тамара Віньнікава зьявілася ў інфармацыйнай прасторы Беларусі на мінулым тыдні. Мы зь ёй гаварылі ў мінулую пятніцу. Сёньня сьледчы ў асабліва важных справах пракуратуры Беларусі Пётар Радзько заявіў, што перакананы, што жанчына, якая выступала ў перадачах эўрапейскіх радыёстанцыяў і назвалася Тамарай Віньнікавай – сапраўды Віньнікава.

Нагадаем, што Тамара Віньнікава, былая старшыня Нацыянальнага Банку, увесну зьнікла са сваёй кватэры пры нявысьветленых абставінах. У момант зьнікненьня яна была пад сьледзтвам. Супраць яе была ўзбуджаная крымінальная справа.

Зьяўленьне Віньнікавай стала падставай для паўторнага звароту пракуратуры ў Інтэрпол. Дарэчы, сьледчы пракуратуры Радзько выказаў, нават, задавальненьне тым фактам, што Віньнікава жывая і здаровая, і нагадаў, што крымінальная справа ў дачыньні да былой старшыні Нацыянальнага Банку складае 30 тамоў, і сьледчыя пракуратуры разам зь Віньнікавай павіны яшчэ разам нямала прапрацаваць.

Мы зьвязаліся сёньня з Тамарай Віньнікавай і папрасілі яе пракамэнтаваць вось гэты аптымізм сьледзтва.

Гаворыць Тамара Віньнікава.

(Віньнікава: ) "Вы ведаеце, ну калі б я баялася чаго-небудзь, калі б я была вінаватая, дык, як вы разумееце, я б не пісала заяваў, я б не выступала па радыё, і ўвогуле, я б ціха і спакойна спрабавала жыць да таго моманту, скажам, пакуль, яны мяне не абнаружылі б.

Але. Я выступіла із заявай сама, я ні ад чаго не хавалася, я ні ад чаго не спрабавала сысьці. Я хацела толькі захаваць сабе жыцьцё. Вельмі многія зацікаўленыя ў тым, каб я загінула, у тым ліку, тры банды, аб якіх гаварыў прэзыдэнт. Мне патрэбная была тэрміновая апэрацыя, якую мне не дазвалялі зрабіць. Я яе зрабіла.

Я знаходжуся ў дзяржаве, якая падпісала міжнародныя пагадненьні, і, натуральна, беларускі бок мае права зьвярнуцца, і гэта будзе разглядацца ў судовых інстанцыях, у інстанцыях, якія займаюцца гэтым. Я буду толькі радая.

Тут нашмат складаней будзе ім фальсыфікаваць. Тры гады пайшло на тое, каб схаваць сьляды злачынстваў, злачынстваў, якія здзейсьнілі іншыя асобы. У пракуратуры ляжаць дакумэнты, якія яны схавалі, аб людзях, якія здзейсьнілі злачынствы.

Тут гэта ўсё зьявіцца, і тут мы ўжо будзем гаварыць афіцыйнымі фактамі, афіцыйнымі дакумэнтамі. Тут я ўжо хаваць нічога ня буду.

Там мяне спрабавалі забіць некалькі разоў. Мне ўводзілі лекі, якія мне нельга было ўводзіць. Нада мной ну проста зьдзекваліся, катавалі, а тут мы будзем гаварыць з дакумэнтамі. Тут я маўчаць ня буду.

І захваляваліся лідэры апазыцыі. Некаторыя. Ім ёсьць аб чым хвалявацца, ёсьць аб чым гаварыць. Занадта шмат схавана злачынстваў.
Я буду аб іх гаварыць. Я буду гаварыць у судах міжнародных, эўрапейскіх, усё будзе ўскрыта.

Таму я толькі радая, што пракуратура гэтым будзе займацца".

Я спытаў Тамару Віньнікаву, які цяпер яе палітычны статус, ці зьвярнулася яна па палітычны прытулак?

(Віньнікава: ) "Я не хацела б гаварыць аб гэтым, таму што, як Вы разумееце, для мяне гэта небясьпечна. Таму давайце троху пачакаем, калі дазволіце. Я не хачу дапамагаць…"

Тамара Віньнікава не пагаджаецца з той трактоўкай ейнага нечаканага вызваленьня, якая прагучала пад час нашай мінулай перадачы. Я папрасіў яе яшчэ раз удакладніць сытуацыю.

(Віньнікава: ) "Я ў заяве напісала ўсё, што я магла на сёньняшні дзень сказаць. Я хачу сказаць, што я засталася жывой выпадкова, я павінна была памерці. І калі мяне перадавалі з каманды аховы ў каманду зьнішчэньня, адбылася невялікая накладка, адбылася памылка пры выкананьні гэтага загаду. Натуральна, калі гэтая памылка адбылася, дык зьявіліся людзі, якія мне ўжо дапамагалі на гэтым этапе. Гэта патрыёты Беларусі, гэта людзі, які ходзяць па зямлі беларускай, яны – і ў апазыцыі, яны – і ў афіцыйных структурах, яны, скажам, і вучацца, і працуюць, але назваць іх імёны я не магу, таму што, калі можна будзе, яня скажуць самі і скажуць несумненна".

Тамара Віньнікава ня першы раз ужо гаворыць пра спробу зьнішчыць яе фізычна, у тым ліку пад час лячэньня. Я папрасіў яе патлумачыць больш падрабязна гэтае сур'ёзнае абвінавачаньне.

(Віньнікава: ) "Вы ведаеце, мне было забаронена зьвяртацца да лекараў, да якіх бы я хацела зьвярнуцца. Якія мяне лячылі, якія ведаюць маю гісторыю хваробы. У парушэньне канстытуцыі, якая прагалошвае, што кожны мае права на мэдычную дапамогу, мне можна было абслугоўвацца толькі ў лекараў сілавых структураў, якіх вызначалі ў пракуратуры, зь якімі праводзілі размовы. Я магла ісьці толькі ў лякарскія ўстановы сілавых структураў. Мне было забаронена лячыцца.

Вы ж разумееце, што калі мне забаронена лячыцца ў звычайным парадку, як Вам, як некаму іншаму, дык, напэўна, у іх былі падставы, каб мяне лячылі па ўказцы".

Я папрасіў суразмоўцу ўдакладніць, ці лічыць яна, што ёйнаму здароўю пад час такога лячэньня сапраўды пагражала сьмяротная небясьпека.

(Віньнікава: ) "Мае адвакаты неаднаразова гаварылі аб тым, што мне ўводзілі ня той лек, які трэба. Ну а тое, што мне не дазвалялі зрабіць апэрацыю, калі я, даруйце, сьцякала крывёй (у мяне было вельмі цяжкае захворваньне), Вы лічыце, гэта нармальна? Дзесяць месяцаў мне не давалі зрабіць апэрацыю, і побач са мной пры допытах лужыны крыві ўтвараліся. Сьледчы, той самы Радзько, ён жа неаднаразова гэта бачыў. Дык што, нармальная гэта сытуацыя? Вы што лічыце, што ў гэтым нехта ня быў зацікаўлены? Ну чаму б тады мяне не праапэраваць, вось вы скажыце, як чалавек незалежны… Але мне не далі".

Нашая мінулая размова з Тамарай Віньнікавай адбывалася ў мінулую пятніцу, цалкам слухачы маглі яе пачуць у сыботу і прачытаць на нашай старонцы ў Інтэрнэце. Пад час таго інтэрвію Тамара Віньнікава сказала, што гатовая назваць Аляксандру Лукашэнку асобаў, якія плянавалі ейнае фізычнае зьнішчэньне. Наколькі гэтае абяцаньне было рытарычнай фігурай?

(Віньнікава: ) "Я і сёньня гатовая яму назваць верхаводаў трох бандаў, але, на жаль, ён аб іх вельмі добра ведае. Гэта не рытарычная фігура, я гатовая яму назваць тых, хто паспрабаваў мяне зьнішчыць на гэтым этапе.

Тыя тры банды, аб якіх ён казаў, Вы ж разумееце, што ён іх ведае. Раз ён аб іх казаў. Ён нічога не прыдумляў, ён нічога не фальсыфікаваў, ён казаў праўду, яны сапраўды ёсьць, сапраўды яны спрабуюць мяне зьнішчыць".

З былой старшынёй Нацыянальнага Банку Беларусі Тамарай Віньнікавай гутарыў

Аляксандар Лукашук, Прага

(Гутарка адбылася 23 сьнежня, у дзень звароту беларускіх праваахоўных органаў у Інтэрпол)

XS
SM
MD
LG