Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 сьнежня 1999 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньня ў краіне пачынаецца Вігілія Божага Нараджэньня, якое 25 сьнежня сьвяткуюць прыкладна два мільёны беларускіх каталікоў і некалькі дзясяткаў тысячаў пратэстантаў.

Наступны 2000 год абвешчаны ў Каталіцкай Царкве юбілейным, і ў Беларусі, як і па ўсім сьвеце, юбілейныя сьвяткаваньні пачынаюцца сёньня вечаровымі службамі ў касьцёлах.

Як паведамілі нашаму радыё ў курыях Менскае, Пінскае ды Гарадзенскае дыяцэзыяў, парадак сёньняшніх багаслужбаў будзе наступным:

У галоўным касьцёле Беларусі Менскім катэдральным імша пачнецца а 20-й гадзіне ўвечары. Яе адправіць нядаўна пасьвечаны менскі біскуп Кірыл Клімовіч. Падобная перадкалядная служба, якую каталікі называюць Пастэркай, у менскім касьцёле сьв. Сымона й Алены распачнецца а палове на восьмую вечара, а ў касьцёле на Залатой Горцы – а 22:00.

Яшчэ ў адным цэнтры каталіцтва ў Беларусі – Гародні – сёньняшнія набажэнствы пачнуцца ў Фарным касьцёле а 22-й гадзіне, у Брыгіцкім – а 24 і ў Бэрнардынскім – таксама а 10-й увечары.

Апоўначы пачнецца служба і ў Пінску, якую адправіць кардынал Казімер Сьвёнтак. Такія жа службы пройдуць сёньня ўва ўсіх каталіцкіх парафіях краіны.

А сёньняшняе цэнтральнае набажэнства грэка-каталіцкае царквы Беларусі адбудзецца ў менскім Чырвоным касьцёле а 22-й гадзіне.

У самы дзень Хрыстовага Раства 25 сьнежня ў тым жа касьцёле аб 11-й раніцы адбудзецца вуніяцкае набажэнства й канцэрт для дзяцей, а пасьля грэка-каталіцкае службы 26-га, прызначанай на 13-ю гадзіну, плянуецца калядны выступ народнага паэта Рыгора Барадуліна і Алеся Камоцкага.

Галоўнае ж каляднае набажэнства 25 сьнежня рыма-каталіцкае Царквы пачнецца адначасова а 2-й гадзіне дня ў чатырох катэдрах краіны –менскай, пінскай, гарадзенскай ды віцебскай.

Біскупы гэтых дыяцэзіяў раздадуць пробашчам усіх каталіцкіх парафіяў юбілейныя ватыканскія крыжы, якія будуць на стала ўмацаваныя ў кожнай сьвятыні краіны.

Юбілейныя ж акцыі 2000-годзьдзя Хрысьціянства будуць праходзіць у Беларусі на працягу ўсяго наступнага году. За ход гэтых сьвяткаваньняў адказвае спэцыяльна створаны каталіцкі аргкамітэт пад кіраўніцтвам біскупа Антонія Дзям'янкі.

Пачынаючы з заўтрашняга дню ва ўсіх каталіцкіх парафіях Беларусі будуць праходзіць калядныя канцэрты ды іншыя фэсты. У менскіх Катэдральным і Чырвоным касьцёлах на працягу трох дзён, да прыкладу, будзе праходзіць Фэстываль каляднае музыкі.

У царкве эвангельскіх хрысьціянаў-баптыстаў, якая таксама сьвяткуе Раство паводле новага стылю, калядныя ўрачыстасьці будуць больш сьціплымі. 25 сьнежня а 10-й гадзіне ўранку ў 300-х прыходах гэтае Царквы ў Беларусі пройдуць урачыстыя сходы вернікаў, якія завершацца каляднымі канцэртамі.

З кароткім анонсам сьвяткаваньня Раства Хрыстовага ў каталіцкіх і пратэстанцкіх сьвятынях Беларусі наш карэспандэнт

XS
SM
MD
LG