Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 сьнежня 1999 г.


Каляднае пасланьне Апостальскага Візытатара для беларусаў айца Аляксандра Надсана.

Роздум на парозе юбілейнага году.

Днямі брытанскі міністар фінансаў зрабіў заяву, што ягоны ўрад у наступным годзе мае намер дараваць усе пазыкі, дадзеныя ў розныя часы найбольш адсталым эканамічна краінам, або, як іх цяпер называюць, "краінам трэцяга сьвету". Ён выказаў спадзяваньне, што іншыя багатыя краіны зробяць тое самае.

Ня ведаю, ці ўсьведамляў сабе міністар, што сказанае ім было ў духу старазапаветнага юбілею. Згодна з Майсеевым законам кожны пяцідзесяты год быў годам юбілейным. Ягоны пачатак аб'яўляўся граньнем бараняга рогу, які па-гебрайску называўся "йобэль" – адсюль назва "юбілей". Пра значэньне юбілейнага году напісана ў кнізе Сьвятарскай: "Асьвяціце пацідзесяты год і аб'явіце свабоду на зямлі ўсім жыхарам яе; і гэта будзе для вас юбілей; хай кожны вернецца на сваё ўладаньне, кожны ў сваё племя" (Сьв. 25-10).

Такім чынам юбілей – гэта час вызваленьня. У прыватнасьці, у гэты год касаваліся ўсе даўгі. Таксама, калі хто быў змушаны прадаць сваю зямлю, дык у юбілейны год яна зноў вярталася да яго. Калі ж хто меў няшчасьце за даўгі аддаць сябе і сваю сям'ю ў няволю, дык у юбілейны год ён і ўсе ягоныя зноў ставаліся вольнымі. Прычына тут ясная: зямля і ўсё ейнае багацьце належыць Богу, які даў яе чалавеку, каб той разумна карыстаўся ёю. Таму ніхто ня мае абсалютнага права на яе, апрача Бога, які прыпамінае людзям: "Зямлю нельга прадаваць на заўсёды; бо зямля Мая, а вы толькі прыхадні і пасяленцы ў Мяне" (Сьв. 25:23). Тым больш чалавек ня можа быць уласнасьцю іншага чалавека, бо яны – Мае рабы, якіх Я вывеў з зямлі Ягіпецкай; нельга іх прадаваць, як нявольнікаў. Не пануй над імі бязьлітасна, і бойся Бога твайго"(Сьв. 25:42-43).

Праз скасаваньне ўсіх старых даўгоў юбілей даваў людзям шанец пачаць жыцьцё нанова. Ён таксама казаў нешта важнае пра характар людзкіх правоў, а менавіта, што яны ня ёсьць абсалютныя, хіба толькі права да захаваньня людзкой годнасьці. Нельга дамагацца сваіх правоў, як бы яны справядлівымі не здаваліся, калі гэта вядзе да крыўды і патаптаньня правоў іншых адзінак ці грамадстваў. Гэта, між іншым, агульна вядомая праўда. Вялікі рымскі праўнік і аўтар Цыцэрон сказаў: "summum jus, summa injuria" (абсалютнае права – абсалютная крыўда). Такім чынам, дамаганьне справядлівых правоў павінна ўраўнаважвацца спагадаю і зразуменьнем правоў і патрэбаў іншых.

Абсалютныя правы належаць толькі Богу. Калі б Ён вымагаў ад нас з усёй строгасьцю сваіх запаветаў, наша становішча было б безнадзейным. Але, як кажа псалміст: "Калі памятлівы бясчынстваў нашых будзеш, Госпадзе, Госпадзе, хто зможа ўстаяць? Але ж у Цябе адпушчэньне ёсьць" (Пс.129:3).

У пэўным сэнсе юбілей быў вобразам вызваленьня ўсяго роду людзкога праз прыйсьце на сьвет Ісуса Хрыста. На пачатку свайго публічнага жыцьця Ён сказаў пра сябе словамі прарока Ісаі: "Дух Гасподні на Мне, Ён памазаў мяне і паслаў мяне несьці добрую вестку ўбогім, палонным абвяшчаць вызваленьне, сьляпым вяртаць зрок, прыгнечаных адпускаць на волю, прапаведаваць год ласкі Гасподняй" (Іс. 61:1-2).

Разам з вызваленьнем нараджаецца сэнс новага жыцьця. Варта прыгадаць вядомае выказваньне сьв.Паўла ў лісьце да Галятаў: "Калі настала поўня часу, Бог паслаў Сына свайго, народжанага ад Дзевы, народжанага пад законам, каб выкупіць тых, што былі пад законам, каб нам атрымаць усынаўленьне" (Гал.4:4). І апостал працягвае: "Дык ты ўжо не нявольнік, а сын. Калі ж ты сын, то і спадкаемца з волі Божай". (Гал.4:7).

Хрыстос, Бог Спрадвечны і Творца ўсяго, адмаўляецца карыстацца з сваіх правоў, сам падпарадкоўвае сябе законам, якія кіруюць людзьмі – ягонымі творамі, каб даць ім магчымасьць удзелу ў сваім боскім жыцьці. Больш таго, прыйшоўшы на сьвет як немаўля, Ён быццам аддае сябе на ласку людзям, просіць іхняй спагады і дапамогі. Вось веліч і тайніца Божае спагады да людзей.

Сёньня слова "юбілей" ужываецца ў значэньні ўрачыстага ўспаміну нейкай вызначнай падзеі ў прыватным ці грамадскім жыцьці, звычайна пасьля пэўнага акрэсьленага "круглага" адрэзку часу.

Час – атрыбут створанага сьвету, падлеглага зьменам. Можна сказаць, што час – мера гэтых зьменаў. Як частка сьвету, мы прымаем гэта як нешта звычайнае. Між іншым Хрыстос, як Бог, – непадуладны часу; як чалавек, Ён, "рос у мудрасьці, у гадох і ў ласцы ў Бога і людзей" (Лкю2:52).

Мы ня можам нічога зрабіць з фізічнымі зьменамі, якія прыносяць нам гады. Затое "рост у мудрасьці і ў ласцы ў Бога і людзей" залежыць у вялікай ступені ад нас. Так доўга, як мы жывем, мы маем магчымасьць стацца лепшымі або горшымі. Кажуць, што калі Леанарда да Вінчы маляваў сваю славутую Апошнюю Вячэру, адзін і той жа чалавек паслужыў яму мадэльлю для Хрыста, і, пасьля некалькіх гадоў, для Юды.

На парозе 2000-га юбілейнага году ад прыйсьця на сьвет Хрыста, варта азірнуцца на пройдзены шлях як асабісты, так і ўсяго грамадства. Гісторыя, асабліва апошняга стагодзьдзя не дае нам нагоды да вялікай радасьці ці гонару. Побач з тэхнічным прагрэсам мы былі сьведкамі маральнага ўпадку і зьдзекаў чалавека з чалавека. Мы бачым гэта і ў нашыя дні.

Ёсьць, аднак, і прамень надзеі. Хрыстос паказаў, што мы і наш лёс не абыякавы Богу. Ён ушанаваў нас, стаўшыся адным з нас. Гэта – аснова нашай людзкой годнасьці. Усьведамленьне гэтага змушае нас ставіцца з пашанаю да кожнага чалавекаю З пашанаю прыёдзе ўсьведамленьне патрэбы "скасаваньня даўгоў", – прабачэньня і прымірэньня, без чаго ня можа юыць сапраўднай свабоды. Народная мудрасьць кажа, што "забыць – гэта людзкое, прабачыць – Божае".

Вызваленьне, якое прынёс Хрыстос, адкрытае для ўсіх і ў наш дзень. Ад нас залежыць скарыстаць з яго. Дык хай юбілейны год будзе для нас усіх пачаткам новага жыцьця: жыцьця дзяцей вялікай сям'і Божай, у якой нашым братам ёсьць сам Госпад Ісус Хрыстос чыё нараджэньне сёньня радасна славім. Гэтага ўсяго жадаю вам, дарагія слухачы, на пачатку гэтага новага, юбілейнага году.

Каляды 1999 г.

Апостальскі Візытатар для беларусаў а. Аляксандар Надсан

XS
SM
MD
LG