Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 сьнежня 1999 г.


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Расейскія авіяцыя і гарматніца працягваюць бамбаваньне горных раёнаў Ічкерыі, а таксама Грознага. Усе чачэнскія аддзелы, апрача тых, што знаходзяцца ў сталіцы, на загад прэзыдэнта Аслана Масхадава пачалі адыход у горы. Кіраўнік аб'яднанае групоўкі расейскага войска на Паўночным Каўказе, гэнерал-палкоўнік Віктар Казанцаў сказаў, што штурмаваць Грозны няма патрэбы. Намесьнік Дзяржаўнага сакратара Злучаных Штатаў Строўб Тэлбат заявіў, што Расея ў Ічкерыі парушае міжнародныя нормы.

Ня гледзячы на жорсткі супраціў з боку чачэнскіх аддзелаў, бамбаваньне Грознага і павольнае сьцісканьне бронетанкавага кола вакол сталіцы Ічкерыі працягваецца. Тым часам, усе чачэнскія аддзелы, апрача грозьненскіх, на загад прэзыдэнта Аслана Масхадава пачалі адыход у горы.

Наш карэспандэнт у Ічкерыі Андрэй Бвбіцкі перадае:

(Бабіцкі: ) "Што тычыцца Грознага і загада Аслана Масхадава, то, хутчэй за ўсё, гэта адпавядае ўяўленьням чачэнскага прэзыдэнта пра партызанскую вайну. Сталіцу будуць абараняць да таго часу, пакуль гэта мае сэнс. Як толькі чачэнцы зразумеюць, што іхныя страты занадта вялікія і беспадстаўныя, яны адразу пакінуць места і сыйдуць у горы ці перадгор'і каб адтуль рабіць нечаканыя ўдары па фэдэральнай групоўцы ў той момант, калі фэдэральная групоўка акапаецца альбо ў Грозным, альбо ў іншых населеных пунктах Ічкерыі".

Гэта быў наш карэспандэнт Андрэй Бабіцкі.

На поўдні рэспублікі чачэнскія жаўнеры вядуць ўпартыя баі супраць расейскіх дэсантнікаў, якія каля тыдня таму высадзіліся ў раёне грузінска-чачэнскай мяжы. Апрача гэтага вайна працягвалася і ў перадгорных вёсках Старыя Атагі і Сэржань-Юрт. Сытуацыю на падкантрольнай расейскаму войску тэрыторыі расейскі прэм'ер-міністар Владзімір Пуцін ахарактарызаваў сёньня наступным чынам:

(Пуцін: ) "Насельніцтва чачэнскай рэспублікі павярнулася тварам да расейскіх уладаў. Яно фактычна спрыяе расейскаму войску ў выцісканьні, а ў шэрагу выпадкаў і ў зьнішчэньні баявікоў. Упершыню зьявіліся апалчэнцы зь ліку мясцовага насельніцтва, якія са зброяй у руках вызваляюць сваю зямлю ад бандытаў. У гэтых умовах мы маем падвойны абавязак: дапамагчы чачэнскаму народу, звычайнаму чачэнскаму чалавеку".

Гэта быў прэм'ер-міністар Расеі Владзімір Пуцін.

Між тым, агэнства "Associated Press" паведамляе, што ў раёне Грознага знаходзяцца каля адной тысячы пяцісот прыхільнікаў Біслана Гантамірава – лідэра прамаскоўскіх чачэнскіх фармаваньняў, які перад тым больш як тры гады адседзеў у расейскай турме, бо незаконна прыўлашчыў дабрачынныя фонды дапамогі Ічкерыі.

Гантаміраўцы разам з расейцамі мерацца ўвайсьці ў Грозны. Пры гэтым, паводле кіраўніка аб'яднанай групоўкі расейскага войска на Паўночным Каўказе гэнерал-палкоўніка Віктара Казанцава (цытую): "Штурма ня будзе, у гэтым няма патрэбы. Грозны пяройдзе пад кантроль расейскага войска ў выніку спэцапэрацыі, ў якой галоўную ролю будуць граць аддзелы міністэрства ўнутраных справаў і жаўнеры чачэнскай міліцыі пад кіраўнітвам Біслана Гантамірава".

І апошняе. Сёньня намесьнік Дзяржаўнага сакратара Злучаных Штатаў Строўб Тэлбат сустрэўся зь міністрам замежных справаў Расеі Ігарам Івановым. Пасьля сустрэчы Тэлбат сказаў, што цягам ваеннай апэрацыі ў Ічкерыі Расея парушае міжнародныя нормы. Барацьба супраць экстрэмізму і тэрарызму павінна ісьці з захаваньнем нормаў міжнароднага права і пагадненьняў у справе правоў чалавека. Тэлбат чарговы раз заклікаў Расею пачаць перамовы з Чачнёй, каб скончыць канфлікт.

XS
SM
MD
LG