Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 сьнежня 1999 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Учора праваабарончая арганізацыя "Human Rights Watch" заклікала Раду Бясьпекі ААН правесьці расьсьледаваньне ў справе забойстваў расейскімі вайскоўцамі цывільнага насельніцтва ў Чачні. У адмысловым лісьце арганізацыя заявіла, што "Аб'яднаныя Нацыі павінны як мінімум накіраваць Расеі і ейным узброеным сілам папярэджаньне, што яны абавязаны выконваць міжнародныя нормы, і што ААН не абмяжуецца толькі рытарычнай скаргай. Паводле "Human Rights Watch", неадкладнае сьледства ў гэтай справе дапамагло б прадухіліць далейшыя ахвяры і сабраць матэрыялы для прыцягненьня адказных за забойствы да суду.

"Human Rights Watch" ўважліва сочыць за чэчэнскай вайной і, ў прыватнасьці, сабрала ад жыхароў вёскі Алхан-Юрт падрабязную інфармацыю. Учора арганізацыя атрымала таксама відэастужку, зьнятую падначаленым прарасейскага чэчэнскага бізнэсоўца Маліка Сайдулаева, які паходзіць з Алхан-Юрту. Стужка паказвае Сайдулавева ў атачэньні намесьніка прэм'ера Расеі Кошмана і некалькіх гэнералаў. Чуткі пра забойствы дайшлі і да Масквы, і ў мінулыя выхадныя Кошман прыбыў із сакрэтнай інспэкцыяй ў Алхан-Юрт. Відавочна, ўражаны і абураны тым, што ўбачыў, ён прыгразіў афіцэрам неадкладным судом. На стужцы бачна галаву маладога мужчыны бяз вуха, а таксама кучы нарабаванага майна: відэамагнітафонаў, дываноў і посуду.

Тое, што бачнае на відэастужцы пацьвердзілі, відавочцы: "Мы апыталі 15 жыхароў вёскі і атрымалі ад іх поўную і верагодную інфармацыю пра зьверствы, якія мелі месца ў вёсцы" – заявіла намесьніца дырэктара арганізацыі Рэйчэл Дэнбэр. Яна паведаміла, што адной з ахвяраў быў, ў прыватнасьці, паліцыянт з Алхан-Юрту Хамід Хазуеў, якому жыхары вёскі аддалі на перахаваньне каштоўнейшыя рэчы.

Алхан-Юрт даўжэйшы час быў заняты ісламскімі байцамі, якія тэрарызавалі жыхароў. Тыя спрабуючы не дапусьціць поўнага разбурэньня вёскі хацелі вытурыць ісламістаў. 4-га сьнежня расейскія вайскоўцы увайшлі ў зьнішчаную артылерыйскімі снарадамі вёску. Яны ўварваліся ў хату Хаміда Хазуева і, згодна сьведчаньням ягонай жонкі і суседзяў, застрэлілі яго і спалілі хату. Відавочцы цьвердзяць, што гэта былі так званыя "кантрактнікі", жаўнеры, якія ваююць за грошы.

П'яныя жаўнеры ўрываліся ў хаты, загадвалі ўсім ставаць на калені і рабавалі больш каштоўныя рэчы. Адна старэйшая жанчына з плачам загаласіла да жаўнера: "няўжо ты забіў бы сваю бабулю?", і гэткім чынам яна вымаліла зьлітаваньне. Іншая жанчына сама бычыла 7 або 8 абязгалоўленых целаў. Іншыя сьведкі пацьвердзілі, што жаўнеры адрэзвалі ў якасьці ваеннага трафею вушы і кідалі гранаты ў склепы, дзе хаваліся вяскоўцы. Агулам яны забілі як мінімум 17 вяскоўцаў.

Дарэчы, раней, брытанская тэлерадыёкапманія Бі-Бі-Сі паведаміла, што ў Алхан-Юрце загінулі не 17, але 40 чалавек

Іншая праваабарончая арганізацыя, "Міжнародная Амністыя", таксама сабрала сьведчаньні чэчэнскіх уцекачоў, якія сьведчаць аб парушэньнях правоў чалавека ў Чачні. Зь іх, ў прыватнасьці, вынікае, што расейскія вайскоўцы праводзілі сэлекцыю затрыманых. Некаторых зь іх затым адсылалі ў сакрэтны лягер каля Маздоку для падрабязнай праверкі. Там іх зьбівалі.

Абвінавачаньні ў жорсткай разправе над цывільным насельніцтвам гучалі ўжо ў часе першай вайны ў гадох 94-96. Тады, ў прыватнасьці, расейскія вайскоўцы ўвайшлі ў разбуранае мястэчка Самашкі і кідалі гранаты ў склепы, дзе хаваліся цывільныя жыхары.

Зараз Масква абрала іншую стратэгію. На кантраляваных расейскімі сіламі тэрыторыях спрабуецца адкрываць школы і аднаўляць асноўную інфраструктуру. Гэтым самым Расея хоча перацягнуць цывільнае насельніцтва на свой бок, заручыцца ягонай падтрымкай, ізаляваць ісламскіх ваяроў і гэтым самым прадухіліць ў будучыні партызанскую вайну. Здараліся, нават, паказныя суды над уласнымі вайскоўцамі. У прыватнасьці, арыштавана жаўнераў, якія ўехалі на рынак ў станіцы Арджанікідзаўская і застрэлілі жанчыну, якая не захацела прадаць ім водку.

Кіраўнік аддзелу міжнароднага супрацоўніцтва ў міністэрстве абароны Расеі гэнерал Івашоў заявіў, што Расея нічога ня ведае пра забойствы ў Ачхан-Юрце, але яшчэ на гэтым тыдня расьсьледуе абставіны справы. Прадстаўнік урадавага агенцтва, адказнага за афіцыйную інфармацыю пра вайну, Міхайлаў сказаў, што "дзеяньні расейскіх войскаў уключна з вайскоўцамі МУС, знаходзяцца пад пільным кантролем вайсковай пракуратуры".

Улічваючы магчымасьць расейскага вэта ў Радзе Бясьпекі "Human Rights Watch" заклікала Маскву паўстрымацца ад яго, паколькі гэта перашкодзіць ў будучыні адэкватна адрэагаваць на іншыя парушэньні правоў чалавека ў сьвеце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG