Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 сьнежня 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Учора ў Туле скончылася двухдзённае паседжаньне Міжбанкаўскае валютнае рады Беларусі й Расеі. Галоўнай мэтаю рады была падрыхтоўка пагадненьня аб паэтапным ўвядзеньні адзінае валюты й стварэньні адзінага эмісійнага цэнтру. Менавіта па гэтым галоўным пытаньні вынік атрымаўся прадказальны.

Як сказана ў прэсавым рэлізе Нацыянальнага банку Беларусі, пад час перамоваў былі "ўдакладнёныя пазыцыі бакоў, якія будуць адлюстраваныя ў міждзяржаўным пагадненьні аб паэтапным ўвядзеньні адзінае валюты. Рабочым групам даручана падрыхтаваць тэкст праекту дакумэнту і абмеркаваць яго на бліжэйшым паседжаньні".

Нагадаем, што на самой справе бакі прытрымліваюцца несумяшчальных пазыцыяў: Расея хоча, каб адзіным эмісійным цэнтрам быў яе Цэнтрабанк, беларускі бок настойвае на тым, каб эмісіяй грошай займаўся супольны камітэт, сфармаваны на парытэтных пачатках.

Калі радкі паведамленьня Нацыянальнага банку перавесьці з канцэлярыту на чалавечую мову, то атрымліваецца ні аб чым спадары Пракаповіч і Герашчанка ў Туле не дамовіліся. Паводле вядомае чынавенскае звычцы пытаньне перадалі дзеля прапрацоўкі рабочай групе.

Але пытаньне гэта – не тэхнічнае, а палітычнае, зьвязанае з сувэрэнітэтам краіны. Іх па вызначэньні ня могуць вырашыць кіраўнікі цэнтральных банкаў, тым больш гэта па-за сфэраю кампэтэнцыі чыноўнікаў ніжэйшага рангу…

Вельмі цікавую трактоўку гэтым перамовам даў прэзыдэнт дасьледніцкага цэнтру "Стратэгія" Леанід Заіка.

"Тое, што адбываецца, прадстаўляе зь сябе від палітычнае драматургіі. Будуць сустракацца і Герашчанка, і Пракаповіч, і наступныя кіраўнікі цэнтральных банкаў, але заўсёды гэта будзе ўпірацца не ў тэхнічныя, а ў палітычныя бакі праблемы.

Чаму? У Канстытуцыі запісана, што Беларусь мае свой цэнтральны банк, які зьяўляецца эмісійным цэнтрам. Калі йсьці па шляху выкарыстаньня расейскага рубля, гэта значыць – адмовіцца ад важнейшага складніка свайго сувэрэнітэту.

Людзі, якія працуюць у Нацыянальным банку, кажуць: "Ня трэба перажываць. Аб'яднаньне плянуецца на 2005 год, а што адбудзецца за гэты час? Улада зьменіцца, прэзыдэнты зьменяцца. Давайце гуляць у гэтую гульню, будзем сустракацца, абмяркоўваць, як уводзіць гэтую адзіную грашовую адзінку".

Але рашыцца на тое, каб пайсьці ў расейскую грашовую сыстэму – гэта вельмі адказнае рашэньне, яно ня можа быць хуткім. А пакуль чыноўнікі адпрацоўваюць свой хлеб: сустракаюцца, п'юць каву, шампаньскае, абмяркоўваюць, пішуць паперы. Паперы сапраўды пішуцца няблага".

Гаварыў прэзыдэнт дасьледніцкага цэнтру "Стратэгія", эканаміст Леанід Заіка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG