Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 сьнежня 1999 г.


Міхал Стэльмак, Менск

У Менску сёньня завяршыўся пяты судовы працэс у гэтак званай "справе дэмакратычных прафэсійных зьвязаў". Нечаканасьцяў не адбылося – чарговы прадстаўнік гэтых прафэсійных зьвязаў у судзе Заводзкага раёну быў прызнаны вінаватым у падзеях 16 сьнежня.

Віктар Трошчы – пэнсіянэр. Былы рабочы Менскага маторнага заводу. Адзін зь ініцыятараў заснаваньня Свабоднага прафэсійнага зьвязу мэталістаў Беларусі. Спадар Трошчы працягвае й зараз заставацца адным з яго найбольш пасьлядоўных актывістаў. Зьяўляецца грамадзкім распаўсюджвальнікам газэты "Рабочы".

16 студзеня да прахадной Менскага аўтазаводу быў дастаўлены 3-тысячны наклад сьвежага нумару гэтага выданьня. Аднак атрымаць у гэты дзень газэты грамадзкаму распаўсюджвальніку не давялося. Як патлумачыў на судзе прафзьвязовы актывіст, у выніку міліцэйскай аблавы ён быў зарыштаваны.

Міліцыянты абвінавацілі яго ў незаконнай арганізацыі мітынгу. На працэсе прагучалі паказаньні й іншых сьведак, якія абверглі такое абвінавачваньне. Але на пазыцыю судзьдзі Жаны Хвайніцкай яны не паўплывалі. Яна вынесла Віктару Трошчаму прысуд – вінаваты.

Прынамсі, у вадрозьненьне ад папярэдніх сваіх рашэньняў у гэтак званае "справе дэмакратычных прафэсійных зьвязаў", яе пакараньне сёньня ня ўтрымлівала штрафу. Судзьдзя вынесла пэнсіянэру Трошчаму папярэджаньне.

У апошняга такі прысуд выклікаў наступную рэакцыю: "Судзьдзя Хвайніцкая зачытала прысуд і ўсё ж прызнала мяне вінаватым у арганізацыі мітынгу на падставе аблудных паказаньняў супрацоўнікаў міліцыі. Пры гэтым адныя казалі, што я агітаваў 2 хвіліны, іншыя даводзілі, што агітацыя цягнулася 10 хвілінаў. Не падцьвердзіў маёй віны й прагляд у судзе відэастужкі. Таму я лічу сябе нявінаватым", – зазначыў Віктар Трошчы.

Ён таксама паведаміў нашаму радыё, што затрыманьне й прысуд не паўплываюць на ягоныя стасункі з дэмакратычным прафзьвязовым рухам. "Я абавязкова застануўся ў шэрагах Свабоднага прафэсійнага зьвязу мэталістаў", – заявіў спадар Трошчы.

Тым часам, на сваё пазачарговае паседжаньне сабралася сёньня Рада Свабоднага прафэсійнага зьвязу МАЗу. Рэч у тым, што падзеі 16 сьнежня, зьвязаныя з затрыманьнямі й цяперашнімі судамі атрымалі розгалас у працоўным калектыве. Відавочна, адміністрацыя спрабуе скарыстаць згаданыя падзеі ў сваіх інтарэсах і нагнятае тут антыпрафзьвязовую гістэрыю. Лідэр Свабоднага прафэсійнага зьвязу аўтазаводу Міхал Марыніч так пракамэнтаваў сёньняшняе становішча, што склалася вакол прафзьвязовае арганізацыі прадпрыемства:

(Марыніч: ) "Сёньня ідуць суды, і суды ідуць прадузята. Судзьдзямі выносяцца незаконныя штрафы. Але прфсаюз працуе і будзе працаваць, таму што ёсьць людзі, якія хочуць працаваць за права на працу, права адстойваць свае інтарэсы… Сёньня Савет прыняў рашэньне, каб перабудаваць працу ў экстрэмальных умовах. Прафсаюз далей будзе дзейнічаць".

Паведаміў Міхал Марыніч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG