Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 сьнежня 1999 г.


Судовы працэс над экс-прэм'ерам Беларусі Міхалам Чыгіром, які мусіў быў адбыцца 27 сьнежня ў менскім гарадзкім судзе, адкладзены. Такое рашэньне прыняў Вярхоўны суд, які скасаваў рашэньне менскага гарадзкога суду й вярнуў матэрыялы справы на дасьледаваньне.

Сёньня Міхал Чыгір атрымаў рашэньне судовае калегіі Вярхоўнага Суду, дзе прызнаныя парушэньні ў ходзе паседжаньня гарадзкога суду 13 сьнежня.

Пералік гэтых парушэньняў быў зьмешчаны ў скарзе адвакатаў экс-прэм'ера. На практыцы гэта азначае, што матэрыялы справы Чыгіра будуць вернутыя ў гарадзкі суд. І сам суд мусіць будзе вырашыць, ці накіроўваць справу на дасьледваньне, ці спыніць яе за адсутнасьцю склада злачынства.

Нагадаю, што Міхала Чыгіра абвінавачваюць паводле фактаў незаконнае выдачы крэдытаў, а таксама ў адтэрміноўцы выплаты мытаў фірме "Піаск" – (артыкул 167, ч. 1 – перавышэньне ўлады й службовых паўнамоцтваў, а таксама артыкул 166 – злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі).

Як паведаміў нашаму радыё сам Міхал Чыгір, у ходзе паседжаньня калегіі Вярхоўнага Суду было прызнана, што паседжаньне гарадзкога суду прайшло з парушэньнямі.

Судзьдзя Леанід Самасейка ня меў права браць удзел у судовым паседжаньні 13 сьнежня, бо Самасейска разглядаў пытаньне аб утрыманьні Чыгіра пад вартаю. (На гэта, у прыватнасьці, зьвярталі ўвагу адвакаты й Назіральна-кансультатыўная група АБСЭ). Вярхоўны суд прызнаў гэта парушэньнем.

Калегіяй Вярхоўнага суду было таксама разгледжанае пытаньне аб кваліфікацыі дзеяньняў Чыгіра як крымінальных. Судзьдзя Самасейска, нагадаю, кваліфікаваў дзеяньні Міхала Чыгіра як крымінальныя, не разглядаючы справу. Акрамя гэтага, паседжаньне 13 сьнежня было закрытым, у той час, як судзьдзя Самасейка ў матэрыялах справы называе паседжаньне адкрытым.

Цяпер, верагодней за ўсё, судзьдзя Леанід Самасейка будзе адхілены ад справы. Матэрыялы справы накіраваныя назад у гарадзкі суд і Міхал Чыгір называе гэта невялікай перамогаю над свавольствам судовых уладаў. Камэнтуючы судовы працэс, Міхал Чыгір заявіў:

(Чыгір: ) "Я лічу, што цьвёрдай падставы ў суда няма, таму яны дапускаюць вельмі шмат памылак. Я ўжо адказваю на гэтае пытаньне так: каб я працаваў там у банку, дык банк быў бы банкротам за адзін месяц. У гэты панядзелак я быў у рэспубліканскай пракуратуры, і пракурор па наглядзе за маёй справай заяўляе, што вашая віна ўжо даказаная. Без суда… Я ня ведаю. Ці там забыліся на крымінальна-працэсуальны кодэкс, ці што зь імі адбываецца?.."

Міхал Чыгір таксама паведаміў, што два дні таму ягоны штаб выселілі з кватэры, якую рух "За свабоду Чыгіра і Беларусі" арэндаваў на вуліцы Танкавай. Гаспадароў кватэры пачалі выклікаць у МУС і падатковую інспэкцыі, і яны папрасілі Чыгіра пакінуць кватэру. Міхал Чыгір жартуе, што такім чынам улады вырашылі кампэнсаваць адсутнасьць падставаў дзеля канфіскацыі катэджу, дзе зараз жыве Чыгір.

Юрась Карманаў, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG