Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 сьнежня 1999 г.


Тамара Віньнікава, былая старшыня Нацыянальнага Банку Беларусі, зноў дала інтэрвію нашай праграме. Падставай для звароту да Віньнікавай стала сёньняшняя заява пракуратуры Беларусі аб паўторным звароце ў Інтэрпол у справе вышуку Віньнікавай.

Тамара Віньнікава зьявілася ў інфармацыйнай прасторы Беларусі на мінулым тыдні. Мы зь ёй гаварылі ў мінулую пятніцу. Сёньня сьледчы ў асабліва важных справах пракуратуры Беларусі Пётар Радзько заявіў, што перакананы, што жанчына, якая выступала ў перадачах эўрапейскіх радыёстанцыяў і назвалася Тамарай Віньнікавай – сапраўды Віньнікава.

Нагадаем, што Тамара Віньнікава, былая старшыня Нацыянальнага Банку, увесну зьнікла са сваёй кватэры пры нявысьветленых абставінах. У момант зьнікненьня яна была пад сьледзтвам. Супраць яе была ўзбуджаная крымінальная справа.

Зьяўленьне Віньнікавай стала падставай для паўторнага звароту пракуратуры ў Інтэрпол. Дарэчы, сьледчы пракуратуры Радзько выказаў, нават, задавальненьне тым фактам, што Віньнікава жывая і здаровая, і нагадаў, што крымінальная справа ў дачыньні да былой старшыні Нацыянальнага Банку складае 30 тамоў, і сьледчыя пракуратуры разам зь Віньнікавай павіны яшчэ разам нямала прапрацаваць.

Мы зьвязаліся сёньня з Тамарай Віньнікавай і папрасілі яе пракамэнтаваць вось гэты аптымізм сьледзтва.

Гаворыць Тамара Віньнікава.

(Віньнікава: ) "Вы ведаеце, ну калі б я баялася чаго-небудзь, калі б я была вінаватая, дык, як вы разумееце, я б не пісала заяваў, я б не выступала па радыё, і ўвогуле, я б ціха і спакойна спрабавала жыць да таго моманту, скажам, пакуль, яны мяне не абнаружылі б.

Але. Я выступіла із заявай сама, я ні ад чаго не хавалася, я ні ад чаго не спрабавала сысьці. Я хацела толькі захаваць сабе жыцьцё. Вельмі многія зацікаўленыя ў тым, каб я загінула, у тым ліку, тры банды, аб якіх гаварыў прэзыдэнт. Мне патрэбная была тэрміновая апэрацыя, якую мне не дазвалялі зрабіць. Я яе зрабіла.

Я знаходжуся ў дзяржаве, якая падпісала міжнародныя пагадненьні, і, натуральна, беларускі бок мае права зьвярнуцца, і гэта будзе разглядацца ў судовых інстанцыях, у інстанцыях, якія займаюцца гэтым. Я буду толькі радая.

Тут нашмат складаней будзе ім фальсыфікаваць. Тры гады пайшло на тое, каб схаваць сьляды злачынстваў, злачынстваў, якія здзейсьнілі іншыя асобы. У пракуратуры ляжаць дакумэнты, якія яны схавалі, аб людзях, якія здзейсьнілі злачынствы.

Тут гэта ўсё зьявіцца, і тут мы ўжо будзем гаварыць афіцыйнымі фактамі, афіцыйнымі дакумэнтамі. Тут я ўжо хаваць нічога ня буду.

Там мяне спрабавалі забіць некалькі разоў. Мне ўводзілі лекі, якія мне нельга было ўводзіць. Нада мной ну проста зьдзекваліся, катавалі, а тут мы будзем гаварыць з дакумэнтамі. Тут я маўчаць ня буду.

І захваляваліся лідэры апазыцыі. Некаторыя. Ім ёсьць аб чым хвалявацца, ёсьць аб чым гаварыць. Занадта шмат схавана злачынстваў.
Я буду аб іх гаварыць. Я буду гаварыць у судах міжнародных, эўрапейскіх, усё будзе ўскрыта.

Таму я толькі радая, што пракуратура гэтым будзе займацца…"

Гутарыў

Аляксандар Лукашук, Прага

(Цалкам інтэрвію з Тамарай Віньнікавай будзе апублікаванае ў заўтрашнім выпуску нашае Web-старонкі)

XS
SM
MD
LG