Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 сьнежня 1999 г.


Уладзiмер Глод, Менск

Магчыма, што першым у новым годзе вiзытам Аляксандра Лукашэнкi за межы Беларусі будзе ягоная паездка ў Iзраiль. Ва ўсялякiм выпадку, падрыхтоўка да яе ўжо пачалася.

У Iзраiль днямi выляцела група супрацоўнiкаў Мiнiстэрства замежных справаў Беларусi. Мэта паездкi – падрыхтоўка вiзыту ў Iзраiль Аляксандра Лукашэнкi.

Сёньня яшчэ невядомая дакладная дата паездкi беларускага кіраўніка. Але называецца папярэднi тэрмiн – 4 студзеня 2000 году. Вядома таксама й тое, што Лукашэнка плянуе наведаць славутае мейсца Бэтлеем, дзе нарадзiўся Iсус Xрыстос.

Больш за тое, адзiн з высакапастаўленых чыноўнiкаў адмiнiстрацыi Лукашэнкi, якi дарэчы сам плянуе суправаджаць шэфа ў гэтае паездцы, гаворыць, што візыт прымеркаваны да сьвяткаваньня 2000-х угодкаў хрысьцiянства.

Замежныя сродкi масавай iнфармацыi паведамляюць: у Бэтлеем у сувязi са славутай датаю мяркуюць зьехацца лiдэры шэрагу краiнаў. У прыватнасьцi, з абшараў былога СССР чакаюць Барыса Ельцына, Эдуарда Шэварнадзе, Леанiда Кучму ды iншых.

Цiкава, што зь iмём расейскага прэзыдэнта зьвязваюць i вiзыт у Iзраiль Лукашэнкi. Маўляў, калi Ельцын па стану здароўя ня зможа накiравацца ў сьвятыя мейсцы, Лукашэнка будзе прадстаўляць тут хаўрусную беларуска-расейскую дзяржаву.

А паводле беларускай інтэрнэт-газэты OPEN.by (www.open.by), Лукашэнка пад час свайго апошняга вiзыту ў Маскву прасiў патрыярха ўсея Русi Алексiя ІІ дапамагчы зарганізаваць наведваньне Бэтлеему. I патрыярх яму садзейнiчае. Магчыма таму, што Лукашэнка езьдзiў да Алексiя не з пустымi рукамi, а з падарункам – званом.

Ня думаецца, што «праваслаўны атэiст» – а менавiта так назваў сябе неяк Лукашэнка – едзе ў Бэтлеем з чыста рэлігійнае зацiкаўленасьцi. Xутчэй прычына тут iншая. Паколькi ў Iзраiлi зьбяруцца лiдэры шэрагу краiнаў, зъяўляецца магчымасьць апынуцца побач зь iмi i тым самым, як i ў Стамбуле, засьвяцiцца, падкрэсьлiць сваю так бы мовіць легiтымнасьць. Менавiта ў гэтым трэба шукаць галоўную мэту «сьвятога» падарожжа.

XS
SM
MD
LG