Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 сьнежня 1999 г.


Міхал Стэльмак, Менск

У Менску сёньня прайшлі два судовыя працэсы над рабочымі МАЗу. Іх абвінавацілі ў арганізацыі 16 сьнежня незаконнага мітынгу ля прахадной аўтазаводу. Нагадаем, у грамадзтве падзеі таго дню больш вядомыя як "справа дэмакратычных прафэсійных зьвязаў".

Сьлесара Менскага аўтазаводу Ўладзімера Казьякова зарыштавалі ў мінулы чацьвер па дарозе дадому.

"За што?" – спытаў ён судзьдзю Жану Хвайніцкую і распавёў ёй акалічнасьці затрыманьня. 16 сьнежня пасьля працоўнае зьмены рабочы выйшаў з цэху за прахадную завода. У гэты час міліцыя ўжо правяла "зачыстку" тэрыторыі і адвезла ў пастарунак шасьцёх прадстаўнікоў дэмакратычных прафэсійных зьвязаў.

Сябра Свабоднага прафэсійнага зьвязу Ўладзімер Казьякоў паспрабаваў высьветліць у адміністрацыі заводу матывы іхнага арышту. За гэтую спробу рабочы і паплаціўся. Непадалёк ад станцыі мэтро "Аўтазаводзкая" супрацоўнікі Заводскага РАУС высачылі яго й далучылі да групы зарыштаваных.

Відавочна, на судовым працэсе міліцыянты й прадстаўнікі адміністрацыі МАЗу далі супраць Казьякова зусім іншыя паказаньні. А менавіта: паводле іхных словаў, сьлесар інструмэнтальнага цэху стаяў 16 сьнежня на прахадной і заклікаў аўтамабілебудаўнікоў прыняць удзел у мітынгу.

Уладзімер Казьякоў заявіў суду, што такія сьведкі хлусяць, наўмысна ўзводзяць на яго паклёп і папрасіў паверыць сьведкам зь ягонага боку – у прыватнасьці рабочаму Вячаславу Мелановічу.

Аднак да такіх паказаньняў судзьдзя Хвайніцкая паставілася абыякава. Яе рашэньне – рабочы вінаваты. У адпаведнасці з такім рашэньнем яна вынесла прысуд Уладзімеру Казьякову – штраф на 29 мільёнаў беларускіх рублёў.

Такой жа сумаю штрафу быў пакараны сёньня і яшчэ адзін аўтазаводзец – наладчык станкоў цэху карпусных дэталяў МАЗу Сьцяпан Паўловіч.

Як вынікае з судовага рашэньня, сябра Свабоднага прафэсійнага зьвязу Паўловіч таксама 16 сьнежня займаўся незаконнай агітацыяй ля сьценаў заводу. У інтэрвію нашаму радыё рабочы МАЗу назваў сёньняшняе рашэньне беспадстаўным.

"Я, Паўловіч Сьцяпан Мікалаявіч, сябра Свабоднага прафэсійнага зьвязу Менскага аўтамабільнага заводу, стаў ахвяраю разбэшчанае кампаніі супраць першаснай арганізацыі Свабоднага прафэсійнага зьвязу МАЗу. На мяне сфабрыкавалі справу, абвінаваціўшы ў арганізацыі незаконнага мітынгу. Усе доказы адсутнасьці маёй віны, прычым доказы важкія, былі адхіленыя судзьдзёй Хвайніцкай. І наадварот, яна ўзяла пад увагу блытаныя паказаньні міліцыянтаў. У мяне няма сумневу, што судзьдзі было дадзена ўказаньне зьверху, каб пакараць мяне і астатніх прадстаўнікоў дэмакратычных прафэсійных зьвязаў. Я на ўласным досьведу зараз пераканаўся ў існаваньні палітычных замоваў для судоў. Каб як мага больш людзей вывесьці з грамадзкага працэсу", – зазначыў наладчык Менскага аўтазаводу Сьцяпан Паўловіч.

XS
SM
MD
LG