Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 сьнежня 1999 г.


Валянцін Жданко, Прага

Былая старшыня Нацыянальнага Банку Беларусі Тамара Віньнікава ў інтэрвію нашаму Радыё, якое выйшла ў эфір у мінулую сыботу, шмат увагі надала праблеме расейскага капіталу ў Беларусі. Паводле ейных словаў, сёньня Беларусь фактычна акупаваная расейскімі алігархамі, якія ў свой час фінансавалі выбарчую кампанію Аляксандра Лукашэнкі, а цяпер прымушаюць яго адпрацоўваць тыя грошы. Гэтае ды іншыя сьцьверджаньні Тамары Віньнікавай мы папрасілі пракамэнтавць ейнага папярэдніка на пасадзе галоўнага банкіру краіны, старшыню Аб'яднанае Грамадзянскае партыі, доктара эканамічных навук Станіслава Багданкевіча.

(Карэспандэнт: ) "Станіслаў Антонавіч, як Вы ацэньваеце вэрсію Тамары Віньнікавай пра тое, што Беларусь ператвораная ў так бы мовіць "адмывачную машыну" для грошай расейскіх алігархаў; што алігархам выгодная такая сістэма з гіганцкімі дзяржаўнымі прадпрыемствамі і адзяржаўленай сельскай гаспадаркай, якім можна за кошт беларускага бюджэту пастаўляць прадукцыю ў вялікіх аб'ёмах і ў такі спосаб легалізаваць капіталы, набытыя незаконным шляхам?"

(Багданкевіч: ) "Я думаю, што тут ёсьць перабольшаньне. Расея пастаўляе нам галоўным чынам энэрганосьбіты: нафту, газ. Удзельная вага вось гэтых паставак вельмі значная. Што ж датычыцца іншых паставак, дык яны не такія ўжо і вялікія. Беларусь болей пастаўляе канчатковай прадукцыі ў Расею, чым Расея нам. Мы больш атрымоўваем сыравіны і энэрганосьбітаў. Можа, Тамара Віньнікава нешта ведае і больш, чаго я ня ведаю…"

(Карэспандэнт: ) "Як Вы паставіліся да сьцьверджаньня Тамары Віньнікавай, што існуе нейкі адзіны алігарх па Беларусі, які прызначаны іншымі алігархамі, кантралюецца імі і выконвае іхную волю. Віньнікава не сказала, каго мела на ўвазе, хоць, паводле ейных словаў, пра яго ўсе ведаюць. Якое прозьвішча ў гэтай сувязі прыходзіць Вам у галаву? І ўвогуле, ці ня ёсьць перабольшаньнем гэтае сьцьверджаньне пра "алігарха па Беларусі", які фінансаваў у свой час выбарчую кампанію Лукашэнкі?"

(Багданкевіч: ) "Сёньня я ведаю толькі аднаго алігарха, які замінае разьвіцьцю прадпрымальніцтва. Гэта – Аляксандар Лукашэнка і яго ўказы, дэкрэты і гэтак далей. Я ня ведаю іншых алігархаў.

І паводзіны Лукашэнкі не зьяўляюцца сьведчаньнем, што сапраўды нейкі адзін алігарх кіруе нашай эканомікай і нашай дзяржавай. Ня бачу я гэтага.

Лукашэнка катаецца па ўсёй Расейскай Фэдэрацыі, быў у многіх раёнах… Можа яна думае – газавікі? Альбо нехта іншы? Хтосьці ж яму дапамагаў, але я ня ведаю такіх рэчаў. Мне здаецца, практыкай разьвіцьця эканомікі Беларусі гэта не пацьвярджаецца".

(Карэспандэнт: ) "А інтэграцыйная кампанія, якую вядзе Лукашэнка, ягоныя кантакты з расейскімі палітычнымі коламі, дзелавымі коламі, яны ня сьведчаць пра тое, што ён адпрацоўвае нейкія грошы, атрыманыя ім 5 год таму ў часе выбарчай кампаніі? Ці ён увогуле залежыць ад нейкага канкрэтнага імя, нейкай асобы ў расейскіх палітычных і дзелавых колах, на Вашую думку?"

(Багданкевіч: ) "На маю думку Тамара Віньнікава стала больш правай за наш Беларускі Народны Фронт, маіх калег, у гэтай ацэнцы.
Я наадварот бачу, што Расея фінансуе сёньня рэжым Лукашэнкі. Расея пастаўляе нам паліва ў 2-3 разы таньней, чым Эўропе, Прыбалтыцы, Украіне. За 1000 кубамэтраў газу мы сёньня плоцім 30 даляраў, украінцы – 60 і так далей. Гэты доўг мы ня можам пагасіць своечасова".

(Карэспандэнт: ) "Але ці няма пасярэднікаў, якія на гэтым атрымліваюць гіганцкія сумы, атрымліваюць вялікія грошы на розьніцы валютных курсаў?"

(Багданкевіч: ) "З валютнымі курсамі сапраўды ёсьць праблема. І нажыва ідзе. Але я ізноў жа сумняюся, што гэта расейскі капітал грае тут, на беларускім рынку. Я думаю, нажыва ідзе перш за ўсё ў атачэньні Лукашэнкі.

А ў тым, што ў нас пяць гэтых валютных курсаў, вінаватая ў тым ліку і Тамара Віньнікава".

(Карэспандэнт: ) "Ад Тамары Віньнікавай упершыню прагучалі такія катэгарычныя высновы адносна эканамічнага курсу, а таксама адносна залежнасьці Лукашэнкі і беларускага рэжыму ад расейскага фінансавага капіталу. Чаму, на Вашую думку, менавіта цяпер прагучалі гэтыя абвінавачаньні і ў такой вострай, катэгарычнай форме. Прычым ад Тамары Вінькавай, якая сама была стваральніцай гэтай эканамічнай палітыкі?"

(Багданкевіч: ) "Магчыма, з аднаго боку, Віньнікава хоча рэабілітаваць сябе, а зь іншага боку, магчыма, што якраз расейскія алігархі гатовыя ахвяраваць Лукашэнкам, бо ў сапраўднасьці Лукашэнка зьяўляецца тормазам для расейскага капіталу, для яго прытоку ў Беларусь. Ён не праводзіць рэформаў, не акцыянуе буйных прадпрыемстваў і гэтак далей".

Са Станіславам Багданкевічам гутарыў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG