Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 сьнежня 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Ужо другі дзень у Туле праходзіць першае паседжаньне Міжбанкаўскае валютнае рады Беларусі й Расеі. Галоўная мэта рады – падрыхтоўка пагадненьня аб паэтапным увядзеньні адзінае валюты й стварэньні адзінага эмісійнага цэнтру.

Беларускую дэлегацыю на перамовах узначальвае старшыня нацыянальнага банку Пётр Пракаповіч, расейскую – кіраўнік Цэнтрабанку Расеі Віктар Герашчанка.

Рада была створаная ў лістападзе, мяркуецца, што яна будзе зьбірацца 6 разоў на год. Наступнае, пасьля Тулы, паседжаньне адбудзецца ў Беларусі ў лютым будучага года.

Найбольш вострым пытаньнем на шляху ўвядзеньня адзінае валюты зьяўляецца праблема адзінага эмісійнага цэнтру. Варта адзначыць, што ўсе спробы аб'яднаць грашовыя сыстэмы спыняліся перад гэтым бар'ерам.

Яшчэ ў 1994 годзе, калі тагачасны прэм'ер Кебіч спрабаваў стварыць грашовую вунію, старшыня Нацыянальнага банку Багданкевіч напісаў на тэксьце дамовы заўвагу, што перадача эмісійных функцыяў Расеі супярэчыць беларускай Канстытуцыі…

І справа спынілася: Кебіч не рашыўся пайсьці на зьмену Асноўнага закону, расейцы не згадзіліся страчваць кантроль за эмісіяй сваіх грошай.

Тое ж адбывалася і ў гэтым годзе. Расейскі Цэнтрабанк на чале з Герашчанкам цьвёрда настойвае на тым, што адзіную валюту павінен эмітаваць толькі ён.

Менск спачатку прапаноўваў стварыць нейкую дадатковую агульную валюту кшталту эўра. Але гэтую задуму сп. Пракаповіча, горача падтрыманую Лукашэнкам, Масква ветліва адхіліла. Увесну Пётр Пракаповіч заявіў, што Беларусь згодная на тое, каб адзінай валютаю быў расейскі рубель. Але кіраўнік дзяржавы адразу ж скарэктаваў свайго кіраўніка банку, удакладніўшы, што рубель будзе расейскі, але друкаваць яго беларусы й расейцы павінны разам.

У сьнежні Лукашэнка зь Ельцыным падпісалі новую хаўрусную дамову й праграму дзеяньняў па яе выкананьні, у якой пазначана, што ў 2005 годзе мусіць быць агульная валюта. Але на прэсавай канфэрэнцыі адразу ж пасьля падпісаньня Лукашэнка патлумачыў, што ў цэнтральным пытаньні – дзе ж будзе эмісійны цэнтар – згоды як не было, так і няма.

Афіцыйныя прадстаўнікі кажуць, што згоды няма "толькі" ў гэтым пытаньні. Гэтыя тлумачэньні нагадваюць анэкдот пра вар'яцкі дом, у якім пабудавалі басэйн і паабяцалі ў будучым наліць ваду.

Сапраўды, пытаньне эмісійнага цэнтру – галоўнае, гэта пытаньне ня толькі Канстытуцыі, але й разьмеркаваньня реальнае ўлады: хто трымае грошы, той трымае эканоміку, той рэальна кіруе.

Сёньняшнія Известия, камэнтуючы паседжаньне Міжбанкаўскае рады ў Туле, спасылаюцца на словы Віктара Герашчанкі, што адзіную валюту можна ўвесьці й на працягу году, 5-6 гадоў цягнуць неабавязкова. Але ў пытанні эмісійнага цэнтру Масква застаецца непахіснай – толькі Цэнтрабанк Расеі.

Аўтар Известий зьвяртае ўвагу на тое, што афіцыйны Менск не дэманструе асаблівага жаданьня адмаўляцца ад "зайчыка". Ён спасылаецца, на праект канцэпцыі валютнае палітыкі Беларусі, у якой закладзеная ідэя "прывязкі" беларускага рубля да эўра. У Расеі аніякіх падобных плянаў ня йснуе.

Сёньняшні нумар Коммерсанта зьвяртае ўвагу на пляны Менску, агучаныя 20 сьнежня Пятром Пракаповічам. Паводле Коммерсанта кіраўнік Нацыянальнага банку паведаміў, што Расея мае намер весьці падрыхтоўчаю працу 4 гады, а потым за адныя суткі перавесьці Беларусь на расейскі рубель. Але Пракаповіча, адзначае Коммерсантъ, гэта не задавальняе, ён хоча, каб Беларусь ужо ў 2000 годзе атрымала безнаяўныя рублі ў памеры 20% расейскай эмісіі.

"За такую пазыку, якую па сутнасьці ня трэба вяртаць, можа адмовіцца ад эмісійнае годнасьці й аддаць "зайчыкі" калекцыянэрам", – робіць выснову расейскае бізнэс-выданьне.

Свой пункт гледжаньня на пэрспэктывы аб'яднаньня грашовых сыстэмаў выказаў Радыё Свабода экспэрт Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледваньняў Валеры Дашкевіч.

(Дашкевіч: ) "На мой погляд, гэта ня функцыі Герашчанкі. Бяз згоды расейскага ўраду і асабіста прэзыдэнта ніякага аб'яднаньня грашовых сістэмаў пакуль што адбыцца ня можа. І, адпаведна, і расейскі ўрад, і прэзыдэнт ня прымуць гэтага рашэньня да сярэдзіны будучага году, калі ў Расеі адбудуцца прэзыдэнцкія выбары.

Самае лепшае, на што можа спадзявацца спадар Пракаповіч, гэта атрымаць ад Цэнтральнага Банку Расеі нейкі тэхнічны крэдыт.

Канстытуцыя Расеі не дазваляе перадаваць камусьці функцыі эмісійнага цэнтру. Яны згодныя на адно – пераход Беларусі на расейскія рублі, і ад гэтага яны не адступяць ні на крок. Усе прапановы беларускага боку, якія датычыліся стварэньня новай валюты, Расеяй нават не разглядаліся".

(Карэспандэнт: ) "Як Вы лічыце, ці зможа Масква прымусіць Лукашэнку ўсё ж згадзіцца на такую формулу?"

(Дашкевіч: ) "Яны прымусяць рана ці позна, калі дойдзе да рэальнага аб'яднаньня. Але справа ў тым, што сёньня Беларусь таксама не гатовая да расейскага рубля. Калі забраць у Беларусі магчымасьць друкаваць грошы, выдаваць цэнтралізаваныя крэдыты для будаўніцтва жыльля і сельскай гаспадаркі – гэты адзіны рычаг уздзеяньня на эканоміку будзе выбіты з рук".

Гаварыў эканаміст Валеры Дашкевіч.

XS
SM
MD
LG