Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 сьнежня 1999 г.


Валянцін Жданко, Прага

Раніцай 22 сьнежня Савет Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Беларусі і Савет Федэрацыі Расеі амаль адначасова ратыфікавалі дамову аб стварэньні саюзнай дзяржавы. Перад ратыфікацыяй у Савеце Фэдэрацыі выступіў прэм'р-міністар Расеі Уладзімер Пуцін з несуцяшальнай для беларускага кіраўніцтва прамовай.

Ні ў Менску, ні ў Маскве ратыфікацыя саюзнае дамовы ў верхніх палатах парлямэнтаў не сутыкнулася зь якімі-небудзь перашкодамі. У Савеце Рэспублікі створанага Лукашэнкам Нацыянальнага сходу галасаваньне ўвогуле было адзінагалосным: за дамову выказаліся 54 дэпутаты, адзін не галасаваў.

У Расеі вынікі падобныя: 158 галасоў за ратыфікацыю, 2 –супраць.

Калі адносна зыходу галасаваньня ў лукашэнкаўскім парлямэнце ні ў кога сумненняў не было, то хада абмеркаваньня дамовы ў расейскім Савеце Фэдэрацыі да апошняга часу ўяўляла пэўную інтрыгу. Шэраг кіраўнікоў расейскіх нацыянальных аўтаноміяў на ўсіх этапах зацяжной інтэграцыйнай кампаніі скептычна выказваліся адносна пэрспэктываў аб'яднаньня Беларусі і Расеі.

Прэзыдэнт Татарстану Менцімер Шайміеў і прэзыдэнт Інгушэтыі Руслан Аўшаў адкрыта заяўлялі, што ў выпадку, калі адзіная дзяржава будзе створаная, і калі Беларусь атрымае ў ёй статус вышэйшы, чым іхныя рэспублікі, яны запатрабуюць для сябе такога ж статусу. Падобныя патрабаваньні падтрымлівалі і кіраўнікі некаторых іншых нацыянальных рэспублік у складзе Расеі.

Гэтым жа прэтэнзіям расейскіх сэнатараў надаў найбольшую ўвагу прэм'ер Уладзімер Пуцін, прадстаўляючы 22 сьнежня саюзную дамову ў верхняй палаце расейскага парлямэнту. Паводле ягоных словаў, дамова ніяк не закранае статусу суб'ектаў Федэрацыі, а пытаньне магчымага ўключэньня Беларусі ў склад Расеі ці прыраўноўваньня статусу Беларусі і асобных суб'ектаў Федэрацыі знаходзіцца па-за рамкамі падпісанай дамовы.

Пуцін таксама сказаў, што пабудова саюзнай дзяржавы – гэта не поўнае зьліццё Расеі і Беларусі, а добраахвотна-раўнапраўнае аб'яднаньне, і што ягоны ўрад і прэзыдэнцкія структуры ладзіць працу ў справе інтэграцыі будуць выключна ў інтарэсах Расеі.

Асобна Пуцін акцэнтаваў увагу на ваенна-палітычным аспэкце дамовы. Ён лічыць, што, ствараючы саюзную дзяржаву, Расея павялічыць абаронны і палітычны патэнцыял, хоць пры гэтым Беларусь захавае свой сувэрэнітэт і статус бяз'ядзернай дзяржавы.

Сэнатары сярод іншага цікавіліся ў прэм'ера наконт інтэграцыі на прасторы СНД. Выказванні Пуціна адносна гэтай праблемы былі несуцяшальныя для беларускага кіраўніцтва: ён назваў недапушчальным тое, каб працэс інтэграцыі быў выкарыстаны на шкоду Расеі і каб зь яе пад аб'яднальнымі лёзунгамі выцягвалі танныя рэсурсы.

Вынікі галасаваньня ў Савеце Фэдэрацыі, верагодна, маглі быць іншымі, калі б ратыфікацыя адбывалася ў іншы тэрмін, а не праз два дні пасьля нечаканага посьпеху на парлямэнцкіх выбарах праўрадавага блёку "Адзінства". Вага асобы Ўладзімера Пуціна ў вачох кіраўнікоў расейскіх рэгіёнаў цяпер, калі за паўгады да прэзыдэнцкіх выбараў прэм'ер мае ня толькі высокі рэйтынг, але і магутную думскую фракцыю, – значна ўзрасла.

Між тым, толькі што абраную расейскую Думу, якая яшчэ толькі рыхтуецца да свайго першага паседжаньня, ужо ахапілі міжпартыйныя ідэалягічныя спрэчкі. Як паведаміла 22 сьнежня газэта "Financial Times", калі ўчора кіраўнікі шасьці выбарчых блёкаў, што пераадолелі ў нядзелю 5-працэнтны бар'ер, абмяркоўвалі, хто ў новай Думе можа заняць пасаду сьпікера, вострая спрэчка разгарэлася паміж Грыгорыем Яўлінскім і Генадзіем Зюганавым. Лідэр блёку "Яблоко" заявіў, што тыя палітыкі, якія ўскладаюць кветкі да помніка Сталіну, у дэмакратычна абраным парлямэнце ня маюць права ні на якія пасады.

Падставай для гэтага абвінавачаньня стала тое, што кіраўнік расейскіх камуністаў Зюганаў у мінулы аўторак сапраўды ўсклаў кветкі на магілу Сталіна ля крамлёўскай сьцяны і гаварыў пра гістарычную ролю дыктатара, які прыйшоў да ўлады, калі Расея развальвалася на кавалкі, а пакінуў яе вялікай дзяржавай.

"Financial Times" у гэтай сувязі нагадвае, што за гады сталінскай дыктатуры ў Савецкім Саюзе ад голаду і рэпрэсіяў загінула каля 30 мільёнаў чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG