Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 сьнежня 1999 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

855 подпісаў грамадзянаў пад адкрытым зваротам да ўладаў і апазыцыі з нагоды зьнікненьня Віктар Ганчара сабралі за восем дзён сябры невялічкай ініцыятыўнае групы выбаршчыкаў гэтага палітыка.

Як паведаміў нашаму радыё кіраўнік гэтае групы – былая давераная асоба Ганчара на парлямэнцкіх выбарах – Алег Ананіч, ён з калегамі вырашыў сваёй ініцыятываю паказаць грамадзкасьці ды ўладам, што лёсам Ганчара занепакоеныя ня толькі блізкія і родныя намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету, але й тыя 15 тысячаў выбарцаў, якія ў 1995 годзе аддалі свае галасы за Віктара Ганчара.

Паводле словаў сп. Ананіча, выбарцы Ганчара абураныя тым, што за тры месяцы з моманту ягонага зьнікненьня ўлады не прыклалі належных намаганьняў у пошуках вядомага палітыка. Не даюць вынікаў і намаганьні апазыцыі.

Таму ініцыятыўная група вырашыла наўпрост зьвярнуцца да людзей, якія абралі Ганчара дэпутатам, каб тыя сваімі подпісамі пад адкрытым зваротам выказалі адносіны да асобаў, ад якіх у той ці іншай ступені залежыць лёс зьніклага палітыка.

У звароце ў прыватнасьці адзначаецца, што выбарцы абураныя цынізмам уладаў, якія ня робяць анічога, каб адшукаць Ганчара.

Акрамя ўладаў у звароце выбарцаў робіцца закід і прадстаўнікам апазыцыі. Чаму нічога ня робіць Сямён Шарэцкі, каб праліць сьвятло на лёс свайго першага намесьніка? Чаму Вярхоўны Савет не зрабіў аніводнае спробы розшуку Віктара Ганчара, а таксама ня выступіў з афіцыйнай заяваю з нагоды зьнікненьня свайго калегі? Такія пытаньні ставяць выбарцы ў сваім звароце.

Гэтую групу грамадзянаў таксама абурае пазыцыя, занятая ў гэтай сытуацыі кіраўніцтвам Кансультатыўна-назіральнае групы АБСЭ ў Менску. На думку выбарцаў Ганчара, кіраўнік місіі АБСЭ сп. Вік робіць высновы, што ў Беларусі няма пагрозы чалавечаму жыцьцю, тым часам калі застаецца невядомым, што ж здарылася зь іх дэпутатам.

На што ж спадзяюцца людзі, якія выступілі з такім зваротам? Гаворыць Алег Ананіч: "Мы не спадзяемся, што наш зварот адыграе такую ўжо сур'ёзную ролю ў пошуках Віктара Ганчара. Тым ня менш мы хочам яшчэ раз зьвярнуць увагу на зьнікненье дэпутата, і прыцягнуць да гэтага факту ўвагу розных палітычных сілаў. Каб хоць у нейкай ступені падштурхнуць улады больш актыўна шукаць Ганчара".

Жонка зьніклага апазыцыянэра Зінаіда Ганчар у сёньняшнім інтэрвію Народнай Волі паведаміла, што ні разу з часу зьнікненьня мужа ёй не патэлефаніў ніхто з адміністрацыі прэзыдэнта, ні сам Аляксандар Лукашэнка, які калісьці быў з Ганчаром у моцным сяброўстве. Зінаіда Ганчар выказала таксама сваё расчараваньне дзеяньнямі былых калегаў Віктара Ганчара ў парлямэнце.

А вось што думае на гэты конт Алег Ананіч: "Сур'ёзныя галасы, сур'ёзныя заявы ў абарону Ганчара не гучалі з боку ягоных калегаў у Вярхоўным Савеце за выключэньнем асобных людзей", – лічыць сп. Ананіч.

Кіраўнік групы ў зборы подпісаў пад зваротам, спадзяецца, што ўжо ў бліжэйшы час яны здолеюць заручыцца вялікай падтрымкаю выбарцаў Віктара Ганчара, і тады ўлады будуць проста вымушаныя актывізаваць пошук іхнага дэпутата.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG