Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 сьнежня 1999 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Расейскія сілы ў Чачні, якія ўчора захапілі аэрапорт ў прыгарадзе Грознага, цьвердзяць, што яшчэ да новага году ўзьнімуць расейскі сьцяг над чэчэнскай сталіцай. Расейскі і чэчэнскі бакі паведамляюць пра жорсткія баі ў Грозным і за вёскі на поўдзень ад гораду. Адначасова, насуперак заявам Масквы, зьявіліся новыя весткі пра забойствы цывільнага насельніцтва.

Заявы расейскага боку адносна штурму Грознага супярэчлівыя.
Раней расейскія прадстаўнікі ў адзін голас заяўлялі, што ня будзе буйнамаштабнага штурму гораду, і Грозны мае быць здабыты ў выніку апэрацыі спецназу ды чэчэнскіх дабраахвотнікаў. Аднак тэлекампанія ОРТ са спасылкай на вайсковыя крыніцы паведаміла, што ў днёх 22-24 сьнежня штурм Грознага ўсё-такі пачнецца, і што ў ім возьмуць удзел прарасейскія сілы чэчэнскіх дабраахвотнікаў на чале з былым мэрам Грознага Бісланам Гантаміравым.

Супярэчлівыя таксама паведамленьні пра ход баёў, ў прыватнасьці, пра ахвяры з абодвух бакоў.

Згодна кампаніі НТВ мінулае начы 300 чэчэнскіх ваяроў спрабавалі прарвацца праз расейскія лініі і прыйсьці на дапамогу абаронцам гораду, аднак ў часе бою страцілі забітымі 40 чалавек. НТВ таксама паведаміла, што фэдэральныя сілы заблякавалі памежныя праходы ў Грузію і Дагестан.

"Мы адрэзалі каналы паставак зброі і наплыву наймітаў, а таксама магчымасьць уцёкаў бандыцкіх фармаваньняў з Грознага", – заявіў гэнерал Трошаў.

Аднак чэчэнскі бок цьвердзіць, што яму ўдалося паўторна пераняць кантроль над стратэгічна важным пераходам ў Грузію і пры гэтым ўзяць ў якасьці закладнікаў 11 расейскіх жаўнераў. Расейскі бок запярэчыў гэтаму і заявіў, што захоплены ў пятніцу расейскімі парашутыстамі шлях далей застаецца пад іхным кантролем.

Весткам пра ахвяры па абодвух бакох няма пацьверджаньня і з незалежных крыніцаў.

Учора ў Брусэлі амбасадары краінаў НАТО чарговы раз асудзілі Расею за празьмернае ўжыцьцё сілы ў Чачні. Расея пасьлядоўна заяўляе, што ейныя сілы ваююць толькі з "тэрарыстамі". Аднак факты сьведчаць аб іншым.

Адзін з чэчэнскіх прадстаўнікоў паведаміў, што расейская авіяцыя абстраляла аўтобус з чэчэнскімі ўцекачамі, якія накіроўваліся на кантраляваную фэдэральнымі сіламі тэрыторыю. У часе атакі некалькі чалавек загінулі. Брытанская тэлерадыёкампанія ВВС працытавала выказваньне чэчэнскіх вяскоўцаў аб тым, што ўчора расейскія жаўнеры забілі ў вёсцы Ачхан-Юрт каля Грознага 41 чалавека.

Прарасейскі бізнэсовец Малік Сайдулаеў паведаміў рэпарцёру ВВС Полу Вуду, што "расейцы рабавалі дамы, забівалі ня толькі людзей, але і хатнюю жывёлу, усё жывое". Расейцы кідалі гранаты ў склепы, ў якіх хаваліся сяляне. Згодна брытанскай кампаніі, чэчэнскі бізнэсовец і ягоныя целаахоўнікі затрымалі расейскага палкоўніка і ягонага намесьніка, чые падначаленыя забівалі вяскоўцаў і перадалі іх армейскаму камандаваньню. Міністэрства абароны Расеі назвала гэтае паведамленьне "правакацыйным".

Выглядае, што незалежна ад усіх заяваў расейскія сілы сапраўды маюць намер у бліжэйшыя дні здабыць Грозны і закончыць асноўную апэрацыю ў Чачні. Зараз вядуцца вулічныя баі ў прыгарадах чэчнскае сталіцы. Расейская штаб-кватэра ў Маздоку паведаміла, што фэдэральныя сілы занялі паўднёвы квартал Грознага – Чарнарэчча, які зьяўляецца апошнім шляхам эвакуацыі для аточаных ў горадзе людзей. Ацэньваецца, што з пачатку сьнежня горад пакінулі ня болей за 4 тысячы чалавек, і ў ім дагэтуль застаюцца ад 20 да 40 тысяч чалавек.

Між тым, із сур'ёзным абвінавачаньнем на адрас Масквы выступіў прэзыдэнт Інгушэтыі Руслан Аўшаў. У інтэрвію расейскаму часопісу "Сабеседник" ён заявіў, што "Масква з пачатку году ведала пра плянаваную атаку чэчэнскіх ваяроў на Дагестан".

Аўшаў выказаў думку, што палявы камандзёр Басаеў дзейнічаў ў паразуменьні з Галоўным Разьведвальным Упраўленьнем Гэнеральнага Штабу узброеных сілаў Расеі. На думку Аўшава, тое, што зараз адбываецца ў Чачні, гэта сапраўдная вайна, якая разьлічаная на ўнутрыпалітычныя вынікі. На ягоную думку, ракетныя ўстаноўкі "Ураган" не ўжываюцца супраць крымінальнікаў і тэрыстаў.

Прэзыдэнт Інгушэтыі адзначыў таксама крывадушніцтва Масквы, якая цьвердзіць, што няма ніякай гуманітарнай трагедыі чэчэнскіх уцекачоў. Расея цьвердзіць, што уцекачоў усяго 42 тысячы і, адпаведна, выдзяліла ім 10 частку патрэбных сродкаў, хаця на самой справе ўцекачоў амаль ў 6 разоў болей.

Такім чынам, – лічыць прэзыдэнт Інгушэтыі, – асноўны цяжар утрыманьня уцекачоў выпаў на долю ягонай рэспублікі, і для яе гэта – сапраўдная трагэдыя.

XS
SM
MD
LG