Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 сьнежня 1999 г.


Мікола Іваноў, Прага

Уплывовая міжнародная газэта "International Herald Tribune" надрукавала артыкул пісьменьніка і палітычнага аналітыка, прафэсара Гарвардзкага ўнівэрсытэту ў ЗША Самуэля Гантынгтана, прысьвечаны чачэнскай вайне, а таксама пэрспэктывам шматнацыянальных дзяржаваў і канфліктам цывілізацыяў.

Вайна ў Чачні, – піша на старонках "International Herald Tribune" Самуэль Гантынган, – зьяўляецца як бы працягам ланцуга канфліктаў, якія ўзьнікаюць уздоўж межаў мусульманскага сьвету: ад Марокка да Інданэзіі. Баявыя дзеяньні паміж мусульманамі і немусульманамі адбываліся ў Босніі, Косаве, Нагорным Карабаху, Чачні, Таджыкістане, Афганістане, Кашміры, Індыі, Філіпінах, Інданэзіі, Усходнім Тыморы, на Блізкім Усходзе, у Паўдневай Афрыцы, Судане і Нігерыі.

На думку Гантынгана, усе гэтыя канфлікты маюць дзве першапрычыны. Па-першае, у мусульманскім сьвеце няма адной ці двух супердзяржаваў, якія б маглі захоўваць парадак у гэтым сьвеце і выступаць у якасьці пасярэдніка падчас канфліктаў паміж самімі мусульманскімі дзяржавамі і ў канфліктах з немусульманамі. Па-другое, у шматлікіх мусульманскіх краінах значна ўзрасла колькасьць мужчынаў ва ўзросьці ад 16 да 30 гадоў, а гэта спрыяе павелічэньню шэрагаў экстрэмістаў і баевікоў.

Расейцы ваююць з мусульманамі на Паўночным Каўказе ўжо на працягу больш як 2 стагодзьдзяў. Пасьля расейскай кастрычніцкай рэвалюцыі народы Каўказу абвясьцілі незалежнасьць і стварылі фэдэрацыю, якая была падаўленая бальшавікамі на пачатку 20-х гадоў. Аднак змаганьне супроць Савецкай улады аднавілася падчас ІІ Сусьветнай вайны, і Сталін прымусова перасяліў усіх чачэнцаў у Казахстан, дзе іх трымалі да сярэдзіны 50-х гадоў.

Пасьля краху Савецкага Саюзу цалкам зразумела, што чачэнцы зноў узьнялі паўстаньне. І калі яны перамаглі расейскую армію ў 1996 годзе, – піша Самуэль Гантынгтан, – яны заваявалі незалежнасьць дэ-факта. Аднак для расейскіх нацыяналістаў гэта было непрыймальна, і яны справакавалі цяперашнюю ваенную кампанію, каб зноў падпарадкаваць сабе ўпартых горцаў.

Якія ж урокі могуць выцягнуць для сябе з чачэнскага крызысу Расея і Злучаныя Штаты? – пытаецца на старонках "International Herald Tribune" Самуэль Гантынгтан. І адказвае: "Амаль усюды ў сучасным сьвеце людзі пры кожнай нагодзе падкрэсьліваюць свае культурныя і цывілізацыйныя карэньні. Яны выступаюць супроць шматнацыянальных дзяржаваў, так, як гэта здарылася ў Сэрбіі. І некаторыя зь іх, такія як Савецкі Саюз, Югаславія і Эфіёпія, распадаюцца.

Акрамя таго вельмі важную ролю пачынаюць адыгрываць нацыянальныя дыяспары. Яны пастаўляюць грошы, зброю, байцоў і лідэраў для сваіх суайчыньнікаў, якія змагаюцца за свабоду.

Даволі часта іншыя дзяржавы і палітычныя групы выступаюць з падтрымкай, як гэта драматычна здарылася падчас распаду Югаславіі. Заходняя Эўропа падтрымала Харватыю, Расея і Грэцыя падтрымалі сэрбаў, а Саўдаўская Аравія, Іран, Турэччына і Малазія аказвалі падтрымку басьнійскім мусульманам".

У сярэдзіне 90-х гадоў, – піша далей Самуэль Гантынгтан, – чачэнцы атрымалі значную дапамогу ад сваёй дыяспары ў Турэччыне і Ярданіі. Яны таксама атрымалі ціхую дапамогу ад іншых мусульманскіх дзяржаваў.

Час шматнацыянальных дзяржаваў скончыўся, і Расея будзе ў стане ўтрымаць сваю ўладу ў Чачні толькі за вялікія кошты. Наступны расейскі кіраўнік павінен праявіць рэалізм Кемаля Атацюрка, які разьвітаўся з турэцкай імпэрыяй, і павінен пачаць праводзіць палітыку "Расея для расейцаў", а не намагацца марыць пра шматнацыянальную, шматцывілізацыйную імпэрыю.

Гэтаму канфлікту ўжо 200 гадоў, – сцвярджае Самуэль Гантынгтан, – і ён зьяўляецца толькі зьвяном цэлага ланцугу канфліктаў паміж мусульманскімі і немусульманскімі народамі. У далёкай пэрспэктыве Расея ня ў стане выйграць гэтую вайну, а ЗША ня ў стане рэальна паўплываць на яе вынік.

Прыгадаем, што аўтар артыкулу, Самуэль Гантынгтан, вядомы ў сьвеце сваёй кніжкай "Канфлікт цывілізацыяў і зьмена сусьветнага парадку", якая прысьвечаная пэрспэктывам разьвіцьця ўсясьветнай цывілізацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG