Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 сьнежня 1999 г.


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Паводле апошніх папярэдніх зьвестак камуністы, як і незалежныя кандыдаты, атрымалі ў новаабранай расейскай Думе па 111 месцаў, за імі ідзе "Единство" – 76 месцаў, "Отечество" – 61 месца, Саюз Правых Сілаў – 30, "Яблоко" – 22 месцы і партыя Жырыноўскага – 18. Міжнародны друк працягвае камэнтаваць вынікі выбараў у Дзяржаўную Думу Расеі.

"The Wall Street Journal" піша: "Выбары ў Расеі паказалі, што грамадзкая думка схіляецца направа. Гэта вынікае з таго, што 54% галасоў былі пададзеныя за эканамічна-лібэральныя партыі, альбо партыі цэнтрыстаў. Такі расклад выразна кантрастуе з вынікамі выбараў 95-га году, калі асноўнымі канкурэнтамі былі камуністы і ўльтра-правыя нацыяналісты Жырыноўскага.

Зусім нечакана атрымаў добрыя вынікі Саюз Правых Сілаў Анатолія Чубайса, якому дапамог лёзунг-пытаньне: "Няўжо вы ня хочаце жыць як у Эўропе?" У выніку партыі Чубайса аддалі свае галасы ўласьнікі, бізнэсмэны, многія рабочыя, прадстаўнікі сярэдняе клясы і дробнага бізнэсу, якіх у Расеі налічваецца 900 тысячаў. Гэты ж лёзунг адпавядае і інтарэсам алігархаў, такіх як Барыс Беразоўскі, які сам атрымаў месца ў Думе".

"Washington Post": "Крэмль вітаў вынікі выбараў як вялікае дасягненьне, пасьля доўгіх гадоў безвыходнага становішча ў кіраванай камуністамі Дзяржаўнай Думе. Паводле аналітыкаў і палітычных дзеячаў, гэтыя вынікі, перадусім паказалі жаданьне выбаршчыкаў ня столькі адрадзіць эканамічныя рэформы пачатку 90-ых, колькі мець моцны ўрад і моцнага лідэра, які бачыцца ім у асобе прэм'ер-міністра Владзіміра Пуціна. У той самы час эканамісты-рэфарматары аднавілі сваю моцную прысутнасьць у парлямэнце і гэта можа даць новы штуршок да эканамічных зьменаў".

"The Guardian": "АБСЭ вітала выбары як крок да дэмакратыі, але адзначыла, што выбары азмрочаныя абліваньнем брудам і неаб'ектыўнай тэлепрапагандай".

"The Wall Street Journal": "Выглядае, што сёньня абяцаньні ўсіх накарміць, альбо своечасова выплаціць пэнсіі, не даюць вынікаў. Жырыноўцы атрымалі толькі палову тых месцаў у Думе, якія мелі раней".

"New York Times": "Мільёны расейцаў ня гледзячы на відавочныя зьверствы на чачэнскай тэрыторыі задэманстравалі сваю падтрымку вайны ў гэтай каўкаскай краіне тым, што прагаласавалі за кандыдатаў, падтрыманых драпежным прэм'ер-міністрам Пуціным, цесна зьвязаным з ваеннай машынай у Ічкерыі."

"Chicago Tribune": "Дараднік прэзыдэнта ў нацыянальнай Бясьпецы ЗША Сандзі Бэргэр сказаў, што новая Дума будзе памяркоўнай і здольнай да канструктыўных дзеяньняў у пытаньнях эканомікі."Мы спадзяемся, – сказаў Бэргэр, – што цяпер Дума зможа ўзяцца за эканамічныя рэформы, якіх чакалі ад папярэдняй Думы. Выглядае, што цяпер у Расеі можа быць створаны больш спрыяльны клімат для зьнешніх інвэстыцыяў і мы зможам пабачыць прыток капіталу назад у Расею".

"Los Angeles Times": "Расейскія выбаршчыкі, якія ў мінулыя выхадныя кінулі ў вурны бюлетэні, сваімі галасамі падтрымалі тое самае кіраўніцтва, якім нібыта былі незадаволеныя. Супярэчлівасьць выяўляе экстраардынарную хітрасьць клікі набліжаных да прэзыдэнта Ельцына асобаў, якая кіруе Крамлём".

"New York Times": "Ёсьць нешта старжытна-уладрнае у расейскай палітычнай псіхіцы, што патрабуе моцную руку: палітычнага лідэра, які можа ўзяць пад абцас непаслухмяныя рэгіёны, прымусіць людзей працаваць і дамагчыся своечасовай выплаты пэнсіяў".

Загалоўкі ангельскай газэты "The Guardian": "Дэмакратыя можа прайграць", "Вайна спрыяе еднасьці", "Левыя адступаюць ня гледзячы на памылкі Ельцына", "Барыс контраатакуе".

"Los Angeles Times": "Расейскія ўзброеныя сілы не атрымалі асобнага голасу ў новым расейскім парлямэнце і, нават, не былі паказанымі ў выбарчых бюлетэнях. Але пасьля падвядзеньня вынікаў выбараў, яны апынуліся ў ліку найбольшых пераможцаў, бо атрымалі выразную ўхвалу выбаршчыкаў на працяг чачэнскай вайны. У той час, як расейскае войска абрынула цэлую залеву ракетаў і бомбаў на Грозны, асноўныя палітычныя партыі, якія падтрымліваюць вайну ў Ічкерыі, сабралі тры чвэрці галасоў электарату. "Яблоко" – адзіная з 26 партыяў, пададзеных у выбарчым бюлетэні, якая не падтрымлівае чачэнскай вайны, атрымала 6% галасоў і ў выніку страціла палову месцаў у Думе".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG