Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 сьнежня 1999 г.


Алесь Мікалайчанка, Менск

Сёньня ў сталіцы быў урачыста адчынены помнік беларускае сьвятой і першаасьветніцы Эўфрасіньні Полацкае. Ён упрыгожыў нутраны двор Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.

Імпрэзу адкрыцьця помніка Эўфрасіньні Полацкае а 12:15 менскага часу распачаў рэктар БДУ спадар Казулін. Ён выказаў удзячнасьць аўтару, маладому скульптару Ігару Голубеву, кіраўніку гістарычнага клюбу "Спадчына" Анатолю Беламу, што арганізоўваў стварэньне ды ўзьвядзеньне помніка на ўсіх ягоных этапах, а таксама – групе архітэктараў ды будаўнікоў. Рэктар падкрэсьліў – ён ганарыцца тым, што тэрыторыя ягонае навучальнае ўстановы стала мейсцам, дзе ствараецца пантэон выдатных дзеячоў краіны: паблізу ад помніка Эўфрасіньні Полацкае за апошнія гады ўжо разьмясьціліся помнікі Міколе Гусоўскаму й Францішку Скарыне.

У прысутнасьці віцэ-прэм'ера Ўладзімера Замяталіна, міністра культуры Аляксандра Сасноўскага , намесьніцы старшыні Беларускага Зьвязу пісьменьнікаў Вольгі Іпатавай, прэзыдэнта фонду імя Эўфрасіньні Полацкае Валянціны Коўтун, старшыні суполкі "Пагоня " Зьвязу мастакоў Алеся Марачкіна, іншых афіцыйных асобаў і прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацыяў чатырохмэтровая бронзавая выява беларускае першаасьветніцы была вызваленая ад сіняга покрыва…

Зь Бібліяй у левай руцэ ды з гусіным пяром – у правай, у манаскім строі – такой паўстала яна перад тымі, хто сабраўся на згаданую імпрэзу, Эўфрасіньня Полацкая, якая сваім чыстым, спакойным позіркам нібыта заклікае нашчадкаў ісьці да Бога, да кнігі, да навукі.

Праваслаўны сьвятар прачытаў малітву і асьвяціў помнік.

Першае інтэрвію даў скульптар Ігар Голубеў, чые працы – скульптурная кампазыцыя "Міхал Архангел забівае Злога" (на панадворку Чырвонага Касьцёлу ў сталіцы), помнік Язэпу Драздовічу ў Траецкім прадмесьці ў Менску і Ўладзімеру Караткевічу ў Воршы ўжо атрымалі добрую адзнаку знаўцаў нацыянальнага манумэнтальнага мастацтва.

Гаворыць Ігар Голубеў: "Пачуцьцё стомленасьці. Вельмі былі цяжкія гэтыя дні перад адкрыцьцём.:Вельмі хваляваўся".

Дарэчы, некаторыя прысутныя на імпрэзе адкрыцьця помніка заўважылі , што на шыі сьвятой Эўфрасіньні ва ўвасабленьні Голубева ня ейны знакаміты крыж, а звычайны, чатырохканцовы.

Гэтую дэталь Ігар Голубеў патлумачыў наступным чынам: "А гэта – адмыслова. Я хацеў проста адыйсьці трошкі. …Той жа крыж да таго, як зрабіў Лазар Богуш".

Як паведаміў мне прарэктар БДУ спадар Брыгадзін, наступным творам ва ўнівэрсытэцкім пантэоне будзе помнік Кастусю Каліноўскаму. Вось што з гэтае нагоды сказала Вольга Іпатава – аўтар аповесьці пра Эўфрасіньню Полацкую:

"Гэта значыць, што беларуская ідэя крок за крокам, цяжка, але адваёўвае сваю прастору. Значыць, высілкі беларускай інтэлігенцыі недарэмныя", – зазначыла пісьменьніца.

XS
SM
MD
LG