Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 сьнежня 1999 г.


Валянціна Аксак, Менск

Беларуская мова ў 1999 годзе: дынаміка, тэндэнцыі, пэрспэктывы.
Сёлета Таварыства Беларускае Мовы імя Францішка Скарыны адзначала свой юбілей – 10 гадоў таму была створаная гэтая масавая грамадзкая непалітычная арганізацыя, якая ставіла мэту вярнуць родную мову ва ўсе сфэры жыцьця краіны.

Першым рэальным вынікам дзейнасьці актывістаў ТБМ стала прыняцьцё неўзабаве Закону аб мовах, якому ў студзені наступнага году спаўняецца таксама 10 гадоў.

Менавіта такі тэрмін быў закладзены і ў артыкулы гэтага радыкальнага на той час закону для поўнае беларусізацыі Беларусі. Пяць першых пасьля ягонага прыняцьця гадоў дзейнасьці ўраду краіны паказвала на тое, што сёлета ён мусіў бы ўжо рапартаваць пра выкананьне ўсіх артыкулаў Закону аб мовах.

Аднак сёлета сытуацыя практычна вярнулася ды зыходнай. Прычым ня толькі ў колькасных характарыстыках сфэраў ужытку мовы тытульнае нацыі краіны, але і ў дзяржаўным статусе самое Беларусі, якая сёлета, як і дзесяць гадоў таму, зноў ня ёсьць самастойным дзяржаўным суб'ектам, а толькі часткаю хаўруснага ўтварэньня.

Аднак ёсьць тут яшчэ адное падабенства паміж пачаткам ды канцом дзесяцігодзьдзя. Як і тады, сёлета ўлада перастала выказваць адкрытую варожасьць да беларускасьці. І ў гэтым сэнсе сёлетні год адметны ад ўсіх папярэдніх гадоў пасьля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі, якому, як вядома належыць выслоўе пра тое, што на беларускай мове нельга выказаць аніякіх вартых увагі думак.

І хоць кіраўнік краіны па-ранейшаму выкарыстоўвае беларускую мову толькі ў выпадках, калі акцэнтуе сваё нэгатыўнае стаўленьне да апазыцыі, аднак менавіта сёлета заканадаўча была ўведзеная адміністрацыйная адказнасьць за публічную зьнявагу роднае мовы.

Кволая, хутчэй рытарычная, але ўсё ж дзяржаўная падтрымка беларускае мовы мела сёлета яшчэ некалькі прэцэдэнтаў. Адзін зь іх – паказальны так бы мовіць працэс па-беларуску ў Канстытуцыйным судзе краіны.

Гэта, аднак, разавая акцыя. А вось міністэрства адукацыі распрацавала доўгатэрміновы праэкт падтрымкі нацыянальнае мовы ў навучальнай сыстэме, у якім, між іншага зазначаецца, што галоўную ўвагу патрэбна зьвярнуць на вышэйшую школу, што гарантуе практычныя аспэкты навучаньня па-беларуску ў сярэдняй школьнай сыстэме.

Такія акцэнты міністэрства многія з тых актывістаў беларушчыны, хто ўжо шмат гадоў дамагаецца адкрыцьця хаця б аднаго на ўсю Беларусь нацыянальнага унівэрсытэту, лічаць рэакцыяй уладаў на гэтыя патрабаваньні.

А вось як ацэньвае міністэрскі праект беларусізацыі школы старшыня Таварыства Беларускае Мовы Алег Трусаў:

(Трусаў: ) "У цэлым, канешне, ТБМ ацэньвае яго станоўча, таму што гэта тое, што было да славутага рэфэрэндуму 95 году. Там, нават, зьявіліся такія моманты, як падвышка заробку выкладчыкам, якія выкладаюць па-беларуску.

Вы ведаеце, што ў свой час Вярхоўны Савет 12-га скліканьня зрабіў такі запіс, і нейкія грошы даплочвалі людзям за распрацоўку лекцыяў, урокаў і гэтак далей. Там, нават, ёсьць гэта.

З другога боку, я вельмі баюся, каб гэта ня стала пустой, фармальнай паперкай, таму што мы ўжо ня першы раз бачылі, калі чынавенства робіць гэта фармальна, а па-другое, робіць гэта, размаўляючы па-расейску, і гэта – дыскрэдытацыя таго, што яны робяць. Мы гэтап бачылі, як гэта было ў 92-93 гадох.

Таму мы, падтрымліваючы гэтыя ініцыятывы, лічым, што грамадзкасьць, найперш незалежныя сродкі масавае інфармацыі, ТБМ, ТБШ і іншыя арганізацыі павінны вельмі пільна за гэтым сачыць. Калі будзе грамадзкі кантроль, то гэта будзе ажыцьцяўляцца, калі грамадзкага кантролю ня будзе, гэта ўсё можа ператварыцца ў прафанацыю гэтых добрых справаў".

…сказаў Алег Трусаў, старшыня самае масавае грамадзкае непалітычнае арганізацыі, якая сёлета заўважна з'актывізавала сваю чыннасьць.

Сакратарыят ТБМ адназначна трактуе нейкія захады ўлады ў справе беларускасьці, як рэакцыю на свае шматлікія сёлетнія акцыі, як прызнаньне сілы беларускага руху, хай сабе і незаўсёды публічна праяўленага.

Доказам слушнасьці такога цьверджаньня могуць быць вынікі сёлетняга перапісу насельніцтва краіны, ход якога таксама быў у полі зроку актывістаў ТБМ. Нягледзячы на масавыя, так бы мовіць, памылкі перапісчыкаў на карысьць расейшчыны, нягледзячы на заявы высокапастаўленых чыноўнікаў пра беларускую мову як "мёртвую", нават афіцыйная статыстыка падае, што гаворыць на ёй 37 адсоткаў жыхароў краіны.

Ды й саміх беларусаў у краіне пабольшала амаль на 4 адсоткі ў параўнаньні з вынікамі перапісу дзесяцігадовае даўніны: было 77,9 адсоткі, а стала 81,2.

Малаверагодна, што за гэты час узрасла нараджальнасьць у сем'ях этнічных беларусаў, хутчэй наадварот. Прырост адбыўся дзякуючы не фізычным чыньнікам, а нацыянальна-сьведамасным. Інтэграцыйныя дзеяньні ўлады ўзмацнілі пачуцьці нацыянальнае прыналежнасьці да народу краіны, у якой жывуць, нават у прадстаўнікоў некарэннае нацыі, якія ў ходзе перапісу назвалі сябе беларусамі.

Вынікі перапісу – гэта ня проста лічбы статыстыкі, гэта рост Беларусі ў самой Беларусі. І гэта, бадай, галоўны грунт, на якім патрыятычныя структуры будуюць аптымістычныя прагнозы наконт будучыні беларускае мовы ў новым годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG