Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 21 сьнежня 1999 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

"Увядзеньне ў Беларусі дзяржаўнага дзьвюхмоўя было слушным крокам уладаў, паколькі на беларускай мове ў нашай краіне размаўляе ўсяго толькі 37 адсоткаў жыхароў, г.зн. 3 мільёны 683 тысячы чалавек". Такую думку выказала сёньня, падводзячы вынікі перапісу насельніцтва, намесьнік міністра статыстыкі й аналізу Галіна Гасюк.

Намесьніца кіраўніка галоўнага статыстычна-аналітычнага ведамства сказала, што яе супрацоўнікі ўпершыню праводзілі перапіс па сыстэме, якая адпавядае стандартам ААН.

Як сьцьвярджае Галіна Гасюк, гэтыя міжнародныя патрабаваньні якраз такі й прымусілі ўвесьці ў лісты апытаньняў акрамя пункту аб роднай мове рэспандэнтаў, яшчэ й палажэньне пра мову, якой людзі карыстаюцца штодня ў побыце.

Нагадаю, што менавіта гэты пункт перапісу выклікаў найбольшыя пратэсты сярод прадстаўнікоў апазыцыі і нацыянальнай інтэлігэнцыі. Яны лічылі, што беларусы з-за сваёй несьвядомасьці скажуць, што карыстаюцца роднай моваю зрэдку і гэтым дадуць уладам дадатковы аргумэнт на карысьць поўнага зьнішчэньня беларушчыны.

Аднак, як бачна з вынікаў перапісу, народ аказаўся разумнейшы і за ўладу, і за апазыцыю, таму цяпер дзяржаўным чыноўнікам, кшталту намесьніцы міністра статыстыкі анічога не застаецца рабіць, як казаць, што беларускай мовай карыстаецца "ўсяго толькі" амаль 4 мільёны жыхароў 10-мільённай Беларусі.

Пры гэтым, паводле словаў Галіны Гасюк, 82% апытаных лічаць роднай мовай – мову сваёй нацыянальнасьці. З гэтага вынікае, што пераважная бальшыня насельніцтва краіны выракацца беларускае мовы не зьбіраецца.

Калі ж паглядзець на нацыянальны склад асобаў, якія штодня гавораць па-беларуску, дык тут лічбы наступныя: 41% складаюць беларусы, 58% – палякі, 10% – украінцы, 4% – расейцы і 3,8% – гэбраі.

Відавочна, што ўлады не чакалі такое вялікае колькасьці галасоў грамадзянаў, аддадзеных на карысьць беларускае мовы. Таму й Аляксандар Лукашэнка, які некалі заяўляў, што на беларускай мове немагчыма выказаць анічога вялікага, пад час нядаўняе прэсавае канфэрэнцыі ўжо сьцьвярджаў, што толькі дурань можа зьнішчаць родную мову, і ён маўляў такім дурнем быць не жадае…

А намесьніца міністра статыстыкі й аналізу, адказваючы на пытаньне Радыё Свабода, чаму ж так шмат людзей у краіне гаворыць па-беларуску, заявіла, што гэта сталася, дзякуючы разумнае палітыцы ўладаў. Паводле словаў Галіны Гасюк, у Беларусі створаныя ўсе ўмовы дзеля разьвіцьця моваў і культураў усіх нацыянальнасьцяў…

Яшчэ адно важнае пытаньне – нацыянальны склад насельніцтва Беларусі. З 1989 году, калі праводзіўся апошні перапіс, колькасьць беларусаў павялічылася з 77,9% да 81,2%. У той жа час колькасьць палякаў скарацілася на 5%, расейцаў – на 15%, украінцаў – на 19% і гэбраяў – аж на 75%.

Галіна Гасюк тлумачыць гэта вяртаньнем беларусаў на радзіму ў першыя гады незалежнасьці, і наадварот выездам у тыя ж гады зь Беларусі пэўнай колькасьці расейцаў ды ўкраінцаў, а таксама масавай эміграцыі гэбраяў у Ізраіль і ЗША.

Пры гэтым насельніцтва Беларусі старэе ды ймкліва скарачаецца. Так у 89-м годзе, у краіне жыло 10 мільёнаў 152 тысячы жыхароў, у пачатку 99-га – ужо на 107 тысячаў меней, а за пэрыяд са студзеня па верасень сёлета насельніцтва скарацілася яшчэ на 36 тысячаў чалавек. Без усялякае вайны, за 9 месяцаў зьнікла насельніцтва сярэдняга гораду!

Галіна Гасюк сярод прычынаў скарачэньня нараджальнасьці, назвала Чарнобыль, складаную эканамічную сытуацыю ў краіне й некаторыя іншыя, але разам з тым прызнала, што дэмаграфічны спад пачаўся ў 93-м годзе, і з кожным годам ён усё павялічваецца.

Чарнобыль натуральна паважная прычына дэмаграфічнага крызысу, але гэтая катастрофа адбылася ў 86-м годзе, а рэзкае скарачэньне нараджальнасьці, дзіўным чынам прыпадае на час, калі ў Беларусі адбыліся палітычныя зьмены, якія і прывялі краіну ў цяперашні гаротны стан.

XS
SM
MD
LG