Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 21 сьнежня 1999 г.


Сяргей Астраўцоў, Горадня

У панядзелак і аўторак у Горадні знаходзіліся амэрыканскі амбасадар у Беларусі Дэніэл Спэкхард і ягоны дарадца Рэндал Лэкок. Гэта ўжо другі візыт амэрыканскага пасла. Першы раз ён наведаў горад над Нёманам на пачатку мінулага году.

Спадар пасол прыяжджаў з жонкай Эн і дачкой Джэсікай.

У панядзелак яны наведалі дзіцячы рэабілітацыйны цэнтар і спрэзэнтавалі яму новы мікрааўтобус. У мінулы прыезд ім сказалі, што для цэнтру якраз вялікая праблема – адсутнасьць транспарту. Пасьля таго спадарыня Спэкхард наладзіла ў Злучаных Штатах Амэрыкі збор грошай менавіта для таго, каб набыць для гарадзенскіх дзяцей-інвалідаў мікрааўтобус.

У панядзелак жа адбылася сустрэча амэрыканскага пасла з кіраўніком абласнога Савету дэпутатаў Аркадзем Карпуцем і намесьнікам старшыні аблвыканкаму Марыяй Біруковай. Прысутнічала таксама кіраўнічка абласной управы культуры Людміла Кадзевіч.

Начальства трымалася даволі напята. Рэч у тым, што на званок з пасольства спачатку было адмоўлена ў сустрэчы з кіраўніком аблвыканкаму Аляксандрам Дубко, потым была дадзена згода на сустрэчу, але Дубко на ёй не было.

Цікава, што ўлады спачатку не дазволілі, каб у Фарным касьцёле для спадарства Спэкхардаў быў дадзены канцэрт клясычных сьпеваў у выкананьні Капэлы Тызенгаўза. Спаслаліся на біскупа, маўляў, у каталікоў сьвята. Пасьля сустрэчы з уладамі госьці ўсё ж атрымалі магчымасьць паслухаць сьпевы ў касьцёле.

Спадарства Спэкхарды зьяўляюцца каталікамі, яны бралі ўдзел у імшы, якая адбылася на польскай мове. Іх напачатку прывітаў у касьцёле біскуп Антоні Дзямянка, а пасьля набажэнства запрасіў іх на гарбату.
Разам з паслом канцэрт таксама праслухалі парафіяне.

Увечары адбылася сустрэча бяз гальштукаў спадара пасла з гарадзенскімі мастакамі. Дэніэл Спэкхард наведаў таксама дзьве прыватныя мастацкія галерэі, у адной зь якіх набыў карціну, каб прэзэнтаваць жонцы на Каляды.

Апошняй была дзвюхгадзінная сустрэча за абедзенным сталом у рэстарацыі "Карат" з прадстаўнікамі нацыянальна-культурных і грамадзкіх арганізацыяў. Пётар Евідовіч з Ашмянаў, прадстаўнік Грамадзянскага Форуму, напрыклад, расказаў, што паводле зробленага імі сацыялягічнага апытаньня, толькі менш за траціну ашмянцаў падтрымлівае саюз з Расеяй. Прычым кожны чацьверты баяўся адказаць на гэтае пытаньне.

Пасьля гутаркі амэрыканскі пасол сказаў, што падобныя зьвесткі сьведчаць пра тое, што ў беларусаў не было магчымасьці дэмакратычна выказацца адносна гэтага важнага пытаньня, і таму для ЗША застаецца абсалютнай каштоўнасьцю незалежнасьць і сувэрэнітэт Беларусі.

XS
SM
MD
LG