Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 21 сьнежня 1999 г.


Любоў Лунёва, Менск

Сёньня ў Савецкім судзе Менску пачаўся разгляд адміністрацыйнае справы дэпутата Валерыя Шчукіна, узбуджанае супроць яго за ўдзел у апазыцыйнай акцыі 8 сьнежня з нагоды падпісаньня расейска-беларускае дамовы. Працяг судовага разьбіральніцтва над Валерыям Шчукіным адбудзецца 27 сьнежня.

Увечары 8 сьнежня Валеры Шчукін быў затрыманы людзьмі ў цывільным, калі ён з рэдакцыі Народнае Волі скіроўваўся дадому.

У Савецкім РАУСе, куды яго даставілі, Валеры Шчукін, спасылаючыся на Канстытуцыю, патрабаваў, каб яму далі патэлефаніць адвакату. Пры сабе ён меў дэпутацкае пасьведчаньне й вайсковы білет.

Яму адмовілі ў юрыдычнай дапамозе. Тады Валеры Шчукін адмовіўся падпісаць пратакол. Супрацоўнікі міліцыі вымушаныя былі паступіць паводле закону: адпусьціць дэпутата дахаты й прыслаць яму позву ў суд па пошце.

Судзьдзя Іна Шэйко вызвала ў суд у якасьці сьведкі лейтэнанта Аляксеянку, ужо вядомага нашаму слухачу паводле рэпартажаў з судоў над удзельнікамі акцыі.

Валеры Шчукін так пракамэнтаваў судовае паседжаньне:

(Шчукін: ) "Суд як заўсёды паказаў ня суд, а пародыю на яго. Пасьля майго затрыманьня сёньня быў ужо другі акт гэтага фарсу. На судзе быў прадстаўлены сьведка Аляксеенка, які маніў, нягледзячы на тое, што зьяўляецца лейтэнантам і носіць афіцэрскія пагоны.

Ён хлусіў ад пачатку й да канцу: казаў, што сам затрымаў мяне, але мяне затрымалі супрацоўнікі крымінальнага вышуку ў цывільным у іншым мейсцы і ў іншай машыне. Гэта было відаць па ўсіх пытаньнях, якія яму задавалі. Гэта папросту штатны сьведка, які ходзіць па судох. Ён нават не высьвятляе справы, а кажа тое, што загадала кіраўніцтва.

У мяне склалася ўражаньне, што ён не прысутнічаў увогуле пад час акцыі. Ён казаў, да прыкладу, што я крычаў. А я ніколі не крычу. Тым больш, што на гэтай акцыі я быў у якасьці журналіста й браў інтэрвію ў грамадзянаў.

А ягоныя паводзіны ў судзе? Я разумею, што ён можа ня ведаць аб тым, што я старэйшы за яго па званьню. Але я старэйшы за яго па ўзросьце. Ён непаважліва ставіўся і да мяне, і да адваката. А, калі я зрабіў яму заўвагу аб недапушчальнасці такіх паводзінаў з боку афіцэра, то ён пачаў пагражаць мне, маўляў, я табе ўсё гэта не забуду.

Сёньня беларускай міліцыі ніхто не патрэбны, здаецца, што няма аніякага кантролю. Поўная безпакаранасьць за свае дзеяньні. Просты чалавек анічога ня можа ім супрацьпаставіць", – паведаміў Радыё Свабода з судовай залі Валеры Шчукін.

Паколькі лейтэнант Аляксеянка даваў блытаныя паказаньні, судзьдзя палічыла неабходным дапытаць іншых сьведкаў у справе. Дзеля гэтага яна прызначыла судовае паседжаньне на 27 сьнежня.

XS
SM
MD
LG