Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 сьнежня 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сёньня маці Андрэя Клімава назвала нашаму Радыё імя супрацоўніка СІЗО, які нанёс цяжкія траўмы яе зьняволенаму сыну. Гэта падпалкоўнік Іван Ахрамовіч. Дэпутат, пасьля збіцьця яго ў ізалятары 13 сьнежня, не паправіўся і з гэтае прычыны суд у яго справе сёньня не аднавіўся.

Судзьдзя Вера Тупік, якая вядзе працэс, заявіла пра хваробу дэпутата й прызначыла новае павседжаньне на 30 сьнежня. Між тым абарона й сваякі Клімава заяўляўць, што судзьдзя ўступіла ў змову з супрацоўнікамі ізалятару, каб пазьбегнуць адказнасьці за арганізацыю зьбіцьця дэпутата Клімава.

Чакалася, што сёньня будуць паведамленыя вынікі судова-мэдычнай экспэртызы стану здароўя Клімава. Экспэртыза была прызначаная тыдзень таму, пасьля зьбіцьця дэпутата ў ізалятары на вуліцы Валадарскага.

Але ані экспэртаў, ані самога падсуднага ў Ленінскім судзе не дачакаліся. Не распачынаючы паседжаньня, судзьдзя Вера Тупік абвесьціла, што Клімаў яшчэ хворы, і прызначыла новы тэрмін на 30 сьнежня.

Пры гэтым яна сказала, што турэмныя лекары вызвалілі Клімава ад удзелу ў працэсе да 10 студзеня, і таму раней яго ў судзе ніхто не пабачыць. Між тым судзьдзя адмовілася паведаміць вынікі экспэртызы й нават заявіла, што ня ведае, ці яна ўжо завершаная.

Абарона і сваякі Андрэя Клімава з гэтай прычыны заяўляюць пра свае падозраньні ў змове судзьдзі Тупік з адміністрацыяй ізалятару з мэтаю пазьбегнуць адказнасьці за тое, што яны зрабілі зь вязьнем.

Жонка Клімава Тацьцяна кажа:

(Тацьцяна Клімава: ) "Той факт, што паседжаньне суду перанесенае на такі даўгі тэрмін, сьведчыць пра тое, што спрабуюць схаваць ступень траўмаў, нанесеных Клімаву, апраўдаць бязьдзеяньне ў лячэньні Клімава ва ўмовах стацыянару, дзе ён толькі й можа атрымаць патрэбную дапамогу".

Тацьцяна Клімава заяўляе, што ў дадатак да заявы аб узбуджэньні крымінальнае справы супраць адміністрацыі ізалятару, яна будзе дамагацца ўзбуджэньня справы й супраць судзьдзі Веры Тупік.

Клімава спасылаецца на словы супрацоўнікаў ізалятару, якія сьцьвярджаюць, што гэта судзьдзя Тупік загадала ім 13 сьнежня любой цаною і ў любым выглядзе даставіць Клімава ў суд. "Мы былі вымушаныя выконваць гэты загад судзьдзі", – апраўдваюцца цяпер супрацоўнікі турмы. На думку абаронцаў Клімава, ёсьць падставы патрабаваць ад пракуратуры краіны дэталёвага спраўджаньня дзеяньняў судзьдзі Веры Тупік.

Што вядома зараз пра здароўе Андрэя Клімава? Яго маці й абаронца ў судзе Ала Клімава бачылася зь ім учора ў ізалятары й кажа, што Андрэй ў вельмі дрэнным стане. У яго распухла й пачырванела рука, ёсьць пачарнелыя сінякі на целе, шышкі на галаве.

Вось што Ала Клімава паведаміла:

(Ала Клімава: ) "Вось Андрэявы словы: "вельмі баліць галава, галавакружэньне, ташната, баліць у грудзях, не магу нармальна дыхаць, калі кашляю, унутры ўсё быццам разрываецца і ў вачох цямнее, баліць сэрца, пасьля таго выпадку я яшчэ й прастыў, забалела горла. Аднак мэдчастка СІЗО спрабуе схаваць сапраўдны стан майго здароўя і адмаўляе мне ў стацыянары".

Гэтак сказаў сваёй маці Андрэй Клімаў.

Цяпер жанчына ўжо можа назваць і прозьвішчы тых, хто зьдзекваўся над Клімавым.

(Ала Клімава: ) "Вось дадатковыя зьвесткі. Што зьбіваў падпалкоўнік Ахрамовіч Іван Мікалаевіч. Прычым падпалкоўнік біў, калі Андрэй ужо ляжаў у кайданках. Такім чынам, ён ня мог ужо ані галаву закрыць, нічога".

Ала Клімава ўдакладніла, што падпалкоўнік Ахрамовіч займае пасаду намесьніка начальніка ізалятару на Валадарскага. Дадзеныя пра ягоныя дзеяньні ў Клімавай зь першых рук.

(Ала Клімава: ) "Гэта Андрэй сказаў у СІЗО пры сустрэчы. Пры гэтым ён падкрэсьліў, што зьбіваў яго тады "калі я ўжо быў у кайданках, нагамі і рукамі".

Гэта была маці дэпутата Андрэя Клімава Ала Пятроўна Клімава, якая і ў судзе абараняе свайго сына.

XS
SM
MD
LG