Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 сьнежня 1999 г.


Кастусь Бандарук, Прага

У ноч зь нядзелі на панядзелак кітайскі сьцяг узьняўся над яшчэ адной тэрыторыяй. Два з паловай гады пасьля мірнага ўзьяднаньня з Кітаем брытанскае калёніі Ган-Конг пад юрысдыкцыю Пэкіну перайшла былая партугальская калёнія Макао.

Гэтая найстарэйшая эўрапейская калёнія належала да Партугаліі з 1557-га году. Ужо ў 1974 годзе Партугалія выказала гатоўнасьць перадаць яе Кітаю, аднак Пэкін задаволіўся толькі прызнаньнем, што "гэта кітайская тэрыторыя пад часовай партугальскай адміністрацыяй".

Макао, разьмешчанае на паўвостраве і двух астравох, займае плошчу 21 квадратнага кілямэтра. Насельніцтва складае 430 тысяч чалавек, зь якіх 97% складаюць кітайцы.

На чале выканаўчай улады стаіць банкір Эдмунд Го. Ад імя Партугаліі калёнію ўзначальвае губэрнатар – гэнерал Васко Віейра. Парлямэнт калёніі налічвае 23 дэпутаты, зь якіх частка абіралася, а частка прызначалася.

Макао утрымоўваецца пераважна з экспарту тэкстыльных вырабаў, электронікі і цацак, аднак палову бюджэтных прыбыткаў даюць азартныя гульні. Макао называюць "Лас Вэгасам Азіі".У калёніі адбываюцца таксама гонкі каней і сабак.

Ва ўрачыстай цырымоніі перадачы Мако ўзялі ўдзел: прэзыдэнты Кітаю і Партугаліі: Цзяг Цзэмін і Хоргэ Сампаё, апошні губэрнатар Ган-Конгу Крыстофэр Паттэн, а таксама лідэр іншай былой партугальскай калёніі ў Азіі, Усходняга Тымору, Хозэ Гусмао.

Згодна пагадненьню дасягнутаму паміж партугальскімі ўладамі і Пэкінам, Макао будзе мець шырокую палітычную і эканамічную аўтаномію, якой карыстаецца Ганк-Конг.

На думку аглядальнікаў, маючы на ўвазе будучае далучэньне Тайваню, кітайскія ўлады выканаюць сваё абяцаньне і будуць прытрымоўвацца прынцыпу "адна краіна – дзве сыстэмы".

Аднак ў выпадку Макао пытаньне дэмакратыі не стаіць гэтак войстра, як ў выпадку Ган-Конгу.

Пэкін атрымаў ў спадчыну тэрыторыю, кантраляваную мафійнымі структурамі – славутымі "кітайскімі трыядамі". Акрамя таго, пасьля разгону сэкты Фалун Гонг, ейныя лідэры знайшлі прытулак ў Макао і новыя ўлады не перастануць іх перасьледаваць.

Прамаўляючы ў часе ўрачыстасьці прэзыдэнт Кітаю Янг адзначыў, што "свабода і дэмакратыя" будуць далей характэрызаваць Макао.
Аднак для Пэкіну мірнае ўзьяднаньне былой партугальскай калёніі зьяўляецца выпрабаваньнем перад важнейшай падзеяй, і кітайскія улады гэтага не утойваюць. Паводле словаў Цзян Цзэміна, "узьяднаньне калёніі прадэманстравала, што Кітай упэўнены і здольны хутка правесьці таксама ўзьяднаньне Тайваню".

XS
SM
MD
LG